Бульбу вырасцілі, засталося ўпарадкаваць

Сельское хозяйство

Аналізаваць, ці прыбытковай аказалася сёлета бульба, які даход прынесла сельгаспрадпрыемству, галоўны аграном КСУП імя Жукава Сяргей Міхаленка будзе на агульным сходзе ў час падвядзення вынікаў работы за год. Звычайна ён першым трымае справаздачу перад працаўнікамі і кіраўніцтвам гаспадаркі. А пакуль у яго адзін клопат: хутчэй упарадкаваць вырашчаны ўраджай. Тэхнолага палёў мы сустрэлі на буртавым полі, дзе ішла сартыроўка клубняў.


Як расказаў Сяргей Пятровіч, пад другі хлеб адвялі вясной 125 гектараў. Разлічвалі накапаць не менш 180 цэнтнераў з гектара,  зрабілі для гэтага ўсё, што патрабуе тэхналогія вырошчвання традыцыйнай культуры, але ж бульбяны гектар аказаўся менш шчодрым. Сабралі па 139,2 цнт, валавы збор склаў 1740 тон.


Што датычыць сартоў, то вырошчваюць у асноўным тры: “атлант”, “лугаўскі”, “скарб” (другая і трэцяя рэпрадукцыя). Завезлі дзесяць тон элітнага насення “дубравы”, каб ацаніць яго вартасці і перавагі. Трыма бульбаўборачнымі камбайнамі, на якіх працавалі Мікалай Смальцар, Валерый Барысенка і Рыгор Раманюк, завяршылі ўборку да халадоў. Перавезлі яе “ЗІЛамі” Мікалай Гардзейчык, Юрый Раманюк і Іван Раманюк.


Да 1 лістапада неабходна закончыць усе палявыя работы, у тым ліку і пераборку клубняў. Дапамагаюць вяскоўцам настаўнікі і вучні Мікуліцкай і Буркоўскай школ.


Адборныя клубні (40 тон) адправілі ў Гомель у ізалятар часовага ўтрымання, 200 тон бульбы завезлі на крухмальны завод у Заспу, і ўсё ж большую частку сабранага ўраджаю будуць захоўваць да вясны ў спецыяльным сховішчы. Перш чым клубні трапяць туды, іх прапусцяць цераз сартавальны пункт, каля якога завіхаюцца паляводы, механізатары, вадзіцелі. Надвор’е пакуль спрыяе, дажджоў няма, таму і работа  ладзіцца. Нязменны арганізатар вытворчага працэсу на буртавым полі – брыгадзір Ангеліна Раманюк, якая больш 13 гадоў сочыць тут за парадкам. Яна добра ведае людзей, умее знайсці з імі агульную мову.


Бульбасховішча знаходзіцца непадалёку, на тэрыторыі свінафермы, белы цагляны будынак якой відаць адсюль як  на  далоні.  Едзем туды, каб паглядзець, у якіх умовах будзе захоўвацца другі хлеб. Сяргей Пятровіч расказаў нам, што пад сховішча прыстасавалі адно з памяшканняў свінафермы, папярэдне адрамантаваўшы яго, зрабіўшы ўсё, каб і вентыляцыя была, і належная тэмпература. Малады аграном-насеннявод Дзяніс  Раманюк  знаходзіцца тут пастаянна, дае распараджэнні, куды высыпаць бульбу, адкідае сапсаваную. Сапраўдны гаспадар. У КСУП імя Жукава пасля заканчэння Калінкавіцкага каледжа працуе другі год, атрымаў домік. Сёлета будзе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову. Хай пашанцуе маладому спецыялісту, які любіць сваю прафесію. Па словах Дзяніса, зімой у сховішчы будзе знаходзіцца звыш 600 тон бульбы, а каб у моцныя маразы яна не памерзла, гаспадарка набыла дзве аўтаматычныя цеплавыя пушкі.


Адысці ад дзедаўскага спосабу захоўвання клубняў у буртах – патрабаванне кіраўніка дзяржавы. Насамрэч аказалася, што нічога складанага ў гэтым няма, калі праявіць разваротлівасць і дзелавы падыход. Можна знайсці і памяшканне і сродкі на рамонт, і спосаб абагрэву.


Наш шлях у КСУП імя Жукава пралягаў  паўз поле, дзе раслі кармавыя буракі. На сваіх дзялянках працавалі вяскоўцы, якія летам даглядалі пасевы. Застолося вырваць і звезці караняплоды да месца захоўвання. Ад вырошчвання сакавітых кармоў у гаспадарцы не адмовіліся, хаця справа гэта і затратная, і працаёмкая. У чатырох брыгадах пасеялі 29 гектараў буракоў – з улікам людскіх рэсурсаў і плошчаў. Сярод тых, хто згадзіўся дапамагчы сельгаспрадпрыемству, – Ганна Камок, якая апрацавала  30 сотак. Вядома, не бясплатна. За праполку атрымала грошы, а пасля таго, як звязе вырашчаны ўраджай, ёй выдзеляць дзесяць працэнтаў натураплаты. Па падліках брыгадзіра, каля тоны буракоў атрымае, для дамашняй фермы хопіць. Магчыма, слова “ферма” ў даным выпадку  гучна сказана, але ж жыўнасць, якую развяла дбайная гаспадыня, галадаць не будзе.


І такая яна не адна. Валянціна Бодрыкава, якая абслугоўвала сартавальны пункт, таксама прапалола і прарвала такую ж дзялянку буракоў. Мне запомніліся словы аднаго з удзельнікаў рэспубліканскага свята “Дажынкі” пра тое, што ў вёсцы дрэнна жывуць толькі лайдакі і п’яніцы. Той, хто не цураецца ніякай работы, будзе і з бульбай, і з агароднінай, і з грашыма. У гэтым сэнсе не парадавацца за сумленных людзей з КСУП імя Жукава нельга.


А каб зямля ўрадзіла і на наступны год, клапоцяцца ўжо сёння, вядуць зяблевае ворыва. Улічваючы плошчы, час, адведзены для гэтай работы, задзейнічаны адразу чатыры трактары МТЗ-1221, два – МТЗ-1523 і адзін – МТЗ-3022. Будуць араць, пакуль  не замерзне зямля.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *