Ці можна са шклянкай у руцэ выхаваць паўнацэнную асобу?

Грамадства

Сям’я, страціўшая маральныя каштоўнасці, – праблема не толькі асабістага, але і дзяржаўнага характару. Варта толькі ўявіць дом, дзе п’юць горкую і адкуль даносяцца лаянкі, плач, скандалы… Падобныя   ўчынкі,   паводзіны і стаўленні да сваіх абавязкаў  не паддаюцца разуменню. З кожнай апустошанай бутэлькай бацькі апускаюцца на дно.  Ды і ці можна са шклянкай у руцэ выхаваць паўнацэнную асобу? Патрэбна ўжо на ранняй стадыі біць трывогу: чым глыбей ступень нядобранадзейнасці, тым больш закрытай становіцца сям’я для знешняга свету і тым цяжэй ёй аказаць дапамогу. Таму і не дзіўна, што ў сваёй практыцы па абароне правоў дзяцей і прадухіленні падлеткавай злачыннасці зацікаўленыя структуры імкнуцца своечасова ўстанавіць кантакт з праблемнымі ячэйкамі грамадства.


На чарговым   выязным   пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, што праходзіла на тэрыторыі Вуглоўскага сельскага Савета, абмяркоўваліся менавіта гэтыя пытанні. Як змагацца з сацыяльным злом і захаваць пагоду ў дамах, якія “лекі” больш эфектыўныя ў барацьбе з негатыўнымі з’явамі сучаснасці – усё прыкоўвала да сябе агульную ўвагу.


Вопытам работы дзяліліся кіраўнікі мясцовых структурных падраздзяленняў, прадпрыемстваў і ўстаноў. У цёплай, даверлівай атмасферы гаварылі аб зрухах і недапрацоўках, выказвалі прапановы, як дасягнуць лепшых вынікаў у справе дзяржаўнай важнасці.


Ужо па шчырай, зацікаўленай размове можна было меркаваць, што праца з сем’ямі на тэрыторыі Савета будуецца ў адзінстве думак і дзеянняў, па прынцыпе партнёрства. Суб’екты прафілактыкі добра ведаюць рэсурсы сваёй акругі, валодаюць сітуацыяй і трымаюць яе пад кантролем. Мясцовая камісія, прызваная сачыць за парадкам на падведамаснай тэрыторыі, ставіць сваёй задачай не толькі нанесці візіты канкрэтным асобам і дасканала агледзець іх домаўладанні, але і дайсці да праблем кожнай сям’і, пры неабходнасці – пасадзейнічаць у аказанні матэрыяльнай дапамогі. Каб сродкі выкарыстоўваліся строга па назначэнні, не на шкоду дзецям, недазваляльна паслабляць кантроль.


“У работу нават з такой няпростай катэгорыяй грамадзян патрэбна ўкладваць душу і сэрца, – абагуліла размову старшыня камісіі Ганна Бабрынёва. – Меры пакарання – потым. Поспех у першую чаргу залежыць ад вялікага жадання павярнуць жыццё да дабрыні, умення знаходзіць і з дзецьмі, і з дарослымі агульную мову, гаварыць так, каб цябе пачулі і зразумелі”.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *