Фантазія чалавека не мае межаў

Грамадства

Кожны раз пераконваешся ў гэтым, калі бываеш у розных кутках Брагіншчыны і знаёмішся з яе таленавітымі жыхарамі. У нашым пасёлку жыве сціплая і працавітая жанчына Святлана Уладзіміраўна Кузьмянок, якая на працягу многіх гадоў захапляецца вязаннем розных вырабаў для лялек. З таго самага часу, як пайшла на заслужаны адпачынак і стала падводзіць здароўе. Вось і выбрала сабе занятак па душы. А колькі ў ім выдумкі, фантазіі, прыгажосці!


Калі ўпершыню з’явіліся ў яе прыватным доме, цёплым і ўтульным, здзіўляліся і захапляліся: акуратна прычасаныя лялькі розных памераў радавалі вока рознакаляровымі ўборамі, аднолькава прыгожымі і непаўторнымі. Добра тут, і гаспадыня цудоўная, прамільгнула ў галаве. Мы міжволі апынуліся ў краіне свайго дзяцінства.


Лялькі, самыя звычайныя (не модныя Барбі), прыносяць знаёмыя. Бывае, што  Святлана Уладзіміраўна сама знаходзіць  пашкоджаныя, пакінутыя, паламаныя і, як доктар, “лечыць”: рамантуе, канструіруе, абвязвае, прычэсвае і ставіць у радок. Сваёй чаргі чакае яшчэ не адзін дзясятак пакрыўджаных і неўкамплектаваных.


Некалькі хвілін углядваліся ў рукатворную прыгажосць, ад якой не адарваць вачэй. Лялькі былі на шафе, стале, паліцах, серванце. Сапраўдны лялечны рай! Няўжо гэта тыя самыя цацкі, якія выкінулі як непатрэбную рэч?


–Так! – пацвердзіла здагадку майстрыха. – Першыя з’явіліся дзесяць гадоў таму. Здароўе ўжо не тое, крывяны ціск высокі, і ногі хворыя, падводзяць усё больш. А гэта – аддушына. Ініцыятарам стала дачка Анжэла, яна таксама добра ўмее вязаць і ў вольную хвіліну дапамагае, хаця выхоўвае двух цудоўных хлапчукоў, працуе. Творчыя задумы чэрпаем са спецыяльнай літаратуры і тэлевізійных праграм, але ўсё ж часцей ператвараем у жыццё ўласныя ідэі. Убачу дзе пакінутую ці забытую ляльку і думаю пра сябе: гэта – мая!


Святлана  Уладзіміраўна   нарадзілася ў Брагіне, пасля заканчэння школы паехала вучыцца ў Светлагорск на ткачыху. Выйшла замуж за  мясцовага хлопца,  а  неўзабаве пераехалі на малую радзіму. Якраз напярэдадні аварыі на ЧАЭС. Спачатку паддаліся агульнаму настрою перасяленцаў і паехалі ажно ў Сібір. Працавала ў дзіцячым садзе. Не прыжыліся, туга па родным краі цягнула назад.


Наша зямлячка  валодае не толькі майстэрствам вязання, але і шыцця, ткацтва. Пра лялькі і іх адзенне можа гаварыць бясконца. Пералік тых відаў, якія знайшлі прытулак у яе доме, досыць вялікі – каля ста, але кожнаму знайшлося месца ў гэтым лялечным царстве. 


–Маё шчасце – у маёй сям’і, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – Дачка, два ўнукі і гэтае захапленне не даюць сумаваць, замыкацца ў сабе. Калі вельмі маркотна стане (муж рана памёр), сяду на канапу, пагляджу вакол сябе, на лялек палюбуюся, і настрой адразу ўздымаецца.


Складаная рэч – жыццё. Пакуль чалавек поўны сілы, росціць дзяцей, працуе, вырашае нейкія праблемы, аб старасці не думае. А яна падкрадваецца непрыкметна, з хваробамі, адарванасцю ад людзей.  Святлане Уладзіміраўне яшчэ так хочацца быць карыснай і патрэбнай…


Выставу С.У. Кузьмянок паглядзелі з захапленнем жыхары пасёлка і госці мерапрыемства, прымеркаванага да Дня маці. Водгукі былі самыя цёплыя і шчырыя. Святлана Уладзіміраўна з задавальненнем падзялілася б сакрэтамі свайго майстэрства з падлеткамі, моладдзю. Можа паказаць на справе тое, што ўмее і ведае сама. Дзверы ўтульнага дома заўсёды адчынены!


Любоў Дубатдзел



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *