І СУРОВЫЯ МЕРЫ, І НАГЛЯДНЫ ЎРОК

Грамадства

Здавалася б, нават па сваім прызначэнні ўтульны сямейны куточак – самае надзейнае месца для дзіцяці, якое толькі пачынае жыць. Зірніце, як клапоцяцца, рыхтуючы свае гняздзечкі для будучых птушанят вераб’і ці ластаўкі, як старанна ў самых патайных ярах ляснога гушчару выбіраюць участкі для нораў ваўкі і лісы, наколькі скрупулёзна абследуюць самыя зацішныя і небяспечныя куточкі любіміцы-кошкі, калі чакаюць патомства… А homo sapiens? У пылу чалавечых заганаў ён нярэдка губляе падораныя прыродай інстынкты мацярынства і бацькоўства. Гэта выклікае жах і прыводзіць да абурэння. Ні ў чым не павінныя, чыстыя, бязгрэшныя стварэнні, а ўжо пазбаўлены дастатку, цеплыні і пяшчоты, маленькія заложнікі абыякавасці і эгаізму. У такіх выпадках застаецца  адзінае – выратоўваць, як кажуць, усім светам.


Вось і на абарону дзяцей ад бацькоўскага самадурства ў двух сем’ях з Чамярыскага сельскага Савета былі накіраваны ўсе метады і сілы: падтрымлівалі, дапамагалі ў праблемных пытаннях, вялі прафілактычныя гутаркі, накіроўвалі, павучалі… Ды пайсці насустрач ні зацікаўленым службам, ні сваім дзецям гора-бацькі так і не пажадалі. У дамах –  антысанітарыя, запас прадуктаў харчавання – мізэрны, паліва на зіму –  ніякага, імкнення працаваць няма, затое зазірнуць у шклянку, напоўненую спіртным, – справа святая. 


Сітуацыю на днях абмяркоўвалі прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх на пасяджэнні, што праходзіла на базе Хракавіцкай сярэдняй школы. У выніку, згодна з прынятым рашэннем, сямёра непаўналетніх з гэтых праблемных сем’яў змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. Бацькам жа гультайнічаць не дазволяць: давядзецца не толькі працаваць, але і кампенсаваць дзяржаўныя расходы на ўтрыманне сваіх дзяцей.


Каб прадухіліць падобныя негатыўныя з’явы ў грамадстве,    пасяджэнне праходзіла з удзелам яшчэ дзвюх сем’яў, у якія дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта быў своеасаблівы наглядны ўрок тым, хто таксама рызыкуе стаць абавязанымі асобамі і для каго ўгаворванні ўжо заўтра могуць змяніцца больш суровымі мерамі. 


Вядома, яшчэ на працягу шасці месяцаў нядбайных будуць заклікаць жыць па гуманных прынцыпах, у іх ёсць шанц вярнуць сваім сынам і дачкам радасць, целыню і ўтульнасць дамашняга ачага. Але якія б аргументы ні прыводзіліся, якім бы чынам ні стараліся гора-бацькоў перавыхоўваць і якіх бы спецыялістаў да іх рэабілітацыі ні падключалі, наўрад ці што зменіцца, калі таго не пажадаюць самі дарослыя члены сям’і.


Дзеці ж пакуль чакаюць…


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *