Маладыя спецыялісты сустрэліся з кіраўніцтвам раёна

Грамадства

На   мінулым  тыдні  адбылася  сустрэча  маладых спецыялістаў, прыбыўшых  пасля  заканчэння навучальных устаноў у арганізацыі  і  на  прадпрыемствы  Брагіншчыны, з кіраўніцтвам раёна.


Яе  арганізатары – аддзел па справах моладзі  райвыканкама і РК ГА “БРСМ” –  упэўнены,  што  мерапрыемства дапаможа ўчарашнім  студэнтам хутчэй адаптавацца  на  новым месцы, бо многія з іх прыехалі  з іншых раёнаў.  А ўсяго ў гэтым годзе пачалі сваю працоўную дзейнасць на Брагіншчыне каля ста юнакоў і дзяўчат.


На  якія  даплаты могуць  разлічваць пачынаючыя  спецыялісты  ў  адпаведнасці  з  заканадаўствам?   Як  атрымаць ільготны  крэдыт на набыццё  маёмасці? З  чаго   пачаць, каб стаць у чаргу на жыллё?  Менавіта  гэтыя тэмы  прапанавалі  абмеркаваць  вядучыя  мерапрыемства.


На пытанні падрабязна адказалі загадчыца сектара кадраў УЗ “Брагінская ЦРБ” Алена Пяхота, прадстаўнік філіяла ААТ “Ашчадны банк “Беларусбанк” Аксана Бабранок, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Рыгор Лысянок. У прыватнасці, увага была звернута на ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія датычацца непасрэдна выпускнікоў навучальных устаноў, прыбыўшых на першае месца працы па размеркаванні, у тым ліку і ў раёны, пацярпелыя ад чарнобыльскай катастрофы.


Вітала прысутных і намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. Яна падкрэсліла, што кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў спецыялістах і гатова ісці ім насустрач. Аднак і сама моладзь павінна зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку, добра працаваць, а не толькі патрабаваць прадастаўлення льгот, жылля і г.д.


Відэафільм “Брагін – 25 крокаў да адраджэння”, зняты супрацоўнікамі  ККУП “Брагінкінавідэасетка”, пазнаёміў прысутных  з  гісторыяй гарпасёлка, яго славутым мінулым, расказаў аб цяжкасцях і выпрабаваннях, з якімі сутыкнуўся раён у гады Вялікай  Айчыннай вайны, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.  Музычныя  нумары для гасцей мерапрыемства падрыхтавалі  Ігар  Сініла, Сяргей Даўгулявец, Вячаслаў Гаршкоў, Раман Цеслянок,  выхаванцы Брагінскага Цэнтра дзіцячай творчасці, школы мастацтваў і інш.


На  сустрэчы прагучала шмат каштоўнай  інфармацыі для маладых спецыялістаў. Ім застаецца толькі звярнуцца ў адпаведныя службы для вырашэння таго ці іншага пытання. А кіраўнікі арганізацый  і прадпрыемстваў павінны  будаваць работу з моладдзю так, каб юнакі і дзяўчаты  ўсведамлялі сябе  важнай часткай працоўных калектываў. Бо калі спецыяліст будзе адчуваць падтрымку і разуменне  з боку начальства, то ён абавязкова аддзячыць якаснай працай.


***


Медработнікі прынялі ў свае рады 12 маладых спецыялістаў. Сярод іх – урач-афтальмолаг Яніна Бажок, выпускніца Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту.


– Уступаць у дарослае жыццё няпроста, – дзеліцца уражаннямі малады ўрач. –  Таму хачу падзякаваць кіраўніцтву раёна і  УЗ “Брагінская ЦРБ” за цёплы прыём, маральную і матэрыяльную падтрымку. Брагін – пасёлак невялікі, але вельмі чысты і ўтульны, дзе жывуць  добразычлівыя людзі.  Упэўнена, што тут, як і ў іншых раённых цэнтрах, ёсць свае славутасці, помнікі гісторыі і культуры, свае героі, і мне будзе цікава  тут жыць і працаваць.


***


Ірына Маісеенка –  інспектар па кадрах  КСУП “Чамярыскі”.  Сюды яе накіравалі пасля заканчэння Гомельскага  дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Па спецыяльнасці Ірына – бухгалтар, аднак аб тым, што пачала сваю працоўную дзейнасць не на гэтай пасадзе, не шкадуе.


У гаспадарцы маладога спецыяліста прынялі добра. Адразу ж прадаставілі жыллё. Спасцігаць асновы новай прафесіі дапамагаюць  вопытныя калегі.
Застанецца Ірына ў Чамярысах ці пакіне вёску пасля адпрацоўкі – пакажа час. А пакуль ёй тут усё падабаецца. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, як ніхто, зацікаўлена ў замацаванні моладзі на сяле.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *