НЕ МАЕМ ПРАВА ЗАБЫВАЦЬ

Грамадства

У  пачатку кастрычніка наш раён наведалі   ўдзельнікі  расійскай  экспедыцыі  “Удалечыні ад Радзімы”.  Паездка ў Беларусь – першы этап мемарыяльна-патрыятычнага праекта, накіраванага на аднаўленне і захаванне памяці аб ураджэнцах Цвярской вобласці, якім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, тых, хто пахаваны па-за межамі Расійскай Федэрацыі. Адбылася яна па ініцыятыве Грамадскай палаты Цвярской вобласці,  Асацыяцыі цвярскіх  зямляцтваў, Рэгіянальнага аддзялення партыі “Адзіная Расія” і іншых аб’яднанняў, якія лічаць, што подзвіг іх землякоў не павінен быць забыты,  а  звесткі  аб героях   неабходна  перадаць моладзі, каб  не  разрывалася сувязь пакаленняў. Усяго ўдзельнікі экспедыцыі  пабывалі ў 16 населеных пунктах Беларусі, праехалі па нашай краіне больш трох тысяч кіламетраў.


Ураджэнец Цвярской вобласці Павел Мамкін – сярод тых, хто знайшоў апошні прытулак на брагінскай зямлі.  Ён загінуў у час вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  і пахаваны ў брацкай магіле райцэнтра па вуліцы Савецкай.


У Брагіне госці з Цверы наведалі бібліятэку, дзе пазнаёміліся з кніжнымі выставамі “Жывая памяць Брагіншчыны”, “Мой чароўны беларускі край – Бацькаўшчына светлая мая”, “Славім вялікі подзвіг”, і гістарычны музей з карціннай галерэяй, праехалі па вуліцы імя Мамкіна.  Да помніка,  дзе пахаваны іх зямляк,  усклалі кветкі  і  ўзялі з сабой зямлі з магілы, каб  адвезці  на малую радзіму героя.


Жыццё Паўла Мамкіна абарваў асколак варожай міны 18 кастрычніка 1943 года, але ён паспеў унесці значны ўклад у набліжэнне Вялікай Перамогі.


…Кулямётнае аддзяленне  221-га гвардзейскага стралковага палка, якім камандаваў  малодшы сяржант, выйшла да Дняпра каля Любеча. Бясшумна пераправіўшыся праз раку, савецкія байцы раптоўна ўварваліся ў траншэю ворага.  Адкрыўшы агонь па гітлераўцах, яны адцягнулі іх увагу  на сябе, даўшы магчымасць  астатнім падраздзяленням батальёна  бесперашкодна  фарсіраваць Днепр.


Да гэтага Павел Мамкін вызначыўся і ў разгроме ворага пад Сталінградам, за што быў адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Званне Героя Савецкага Саюза адважнаму кулямётчыку прысвоена пасмяротна.


Удзельнікі  экспедыцыі  “Удалечыні  ад Радзімы” засталіся задаволеныя паездкай. На памяць аб сустрэчы яны падарылі бібліятэцы, музею і Брагінскай САШ кнігі аб цвярскім  краі, яго знакамітых ураджэнцах. Выказалі надзею, што сувязі, якія ўдалося наладзіць з беларусамі, не абарвуцца з цягам часу.


Упэўнена, што гэтага не адбудзецца, бо на Брагіншчыне патрыятычнаму выхаванню надаецца вялікая ўвага. Мы не маем права забываць аб героях Вялікай Айчыннай. А іх жыццёвы шлях назаўсёды застанецца подзвігам, на якім  выхоўваюцца і будуць выхоўвацца падрастаючыя пакаленні брагінчан.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *