Поспехаў табе, Марыя

Общество

У пагожы жнівеньскі дзень, калі сонца яшчэ высока, а ў прыродзе пануе буйства фарбаў і пахаў, разам са спецыялістамі гаспадаркі КСУП “Малажынскі” мы пабывалі на месцы пасьбы дойнага статка Аляксееўскай фермы. Прасторы, як акінуць вока, бязмежныя, а на водшыбе – разгалістыя грушы.   Выстраіліся ў рад, як на падбор. І каб любаваліся імі, і каб пладамі частаваліся. Ці чыясьці клапатлівая рука пасадзіла, ці самі выраслі. Добра ім тут, месца пад сонцам хапае. Залюбаваўшыся краявідамі, па-іншаму паглядзелі на працу людзей, якія прысвяцілі сябе нялёгкай справе – пасвіць, даглядаць, лячыць жывёлу. Яна не з лёгкіх, але ж у чымсьці і прывабная. Уставаць разам з сонцам, бачыць яго заход, слухаць спеў птушак, назіраць, як адна пара года змяняе другую, прыносячы свой каларыт – хіба гэта не цуд!


Не ведаю, ці думала пра гэта Марыя Харко, калі выбірала прафесію ветэрынарнага работніка, але ж магчымасць такая ў маладога ветфельчара будзе. Яе мы сустрэлі на Аляксееўскай ферме, дзе жывёлаводы і работнікі зааветслужбы гаспадаркі займаліся   прывычнымі   паўсядзённымі клопатамі. Марыя разам з калегамі пад кіраўніцтвам  галоўнага  ветэрынарнага ўрача Міхаіла Калясана праводзіла санітарную апрацоўку. Прыходу такога спецыяліста ў гаспадарцы рады. Прыехала ў родныя мясціны па размеркаванні, выбар зрабіла свядома, таму і працаваць будзе сумленна. А інакш нельга, бо знаходзіцца ўвесь час сярод землякоў, а яны – самыя строгія, хаця і справядлівыя суддзі. Пажадаем жа Марыі поспехаў у рабоце, каб збывалася задуманае, каб не знікла жаданне вучыцца далей, каб шчаслівай была яе жаночая доля.


Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ