Будуць запатрабаваны і аўтамабілісты, і трактарысты

Грамадства

Сёння тыя, каму Міхаіл Парэмскі разам з калегамі дапамагаў асвоіць прафесію трактарыста-машыніста, паспяхова працуюць у гаспадарках раёна, сталі лепшымі на вытворчасці. За 16 гадоў работы на пасадзе выкладчыка ў вучэбным камбінаце падрыхтаваў нямала кадраў для работы ў сістэме АПК, радуецца, што на змену бацькам прыйдуць сыны. Ён нямала зрабіў для гэтага. База ў камбінаце нядрэнная, веды тут даюць грунтоўныя, клапоцяцца не толькі пра аўтарытэт установы, але і аб пашырэнні відаў паслуг.


З чэрвеня пачалася падрыхтоўка будучых аўтааматараў, якія атрымаюць  катэгорыю “В”, а з ёй – права на кіраванне легкавым аўтамабілем. Для таго  каб будучыя вадзіцелі ўпэўнена адчувалі сябе на дарогах, не траплялі ў аварыі і не стваралі пагрозы для жыцця пешаходаў і іншых удзельнікаў руху, давялося прыкласці нямала намаганняў, праявіць разваротлівасць. Абсталяваць аўтадром, які б быў не горшы, чым у іншых раёнах. Сродкі на гэта не выдзяляліся, дапамагалі энтузіясты, як ён сам, у першую чаргу – дарожнікі.


Аб зносе будынка былога вінзавода  паклапаціўся раённы выканаўчы камітэт, а ўжо абсталяваць аўтадром патрэбна было сваімі сіламі. З гэтай мэтай в.а. дырэктара Брагінскага філіяла Гомельскай абласной аўташколы Міхаіл Парэмскі і яго падначаленыя звозілі з усяго раёна пакрышкі, фарбавалі і размяшчалі іх, стваралі імправізаваны чыгуначны пераезд, устанаўлівалі дарожныя знакі, рабілі разметку… На ўсё гэта спатрэбілася паўтара месяца.


Тэарэтычныя заняткі праходзяць у будынку ААТ “Брагінскі КБА”, дзе адно з памяшканняў прыстасавана для гэтага (здаецца ў арэнду). Дзвюм групам па 30 чалавек прадастаўлена права выбару, якой форме навучання аддаць перавагу: вячэрняй або выхаднога дня.


А з лютага, як паведаміў Міхаіл Сцяпанавіч, будуць вучыцца тыя, хто жадае атрымаць катэгорыю “С” (грузавы аўтамабіль).  Машына ўжо выдзелена, вадзіцель-інструктар праходзіць падрыхтоўку ў Мінску. Не складзе цяжкасці атрымаць неабходныя паперы, якія даюць права на аказанне такіх паслуг, і можна рыхтаваць кадры. Яны будуць запатрабаваны. Аўтадром пакуль закрытага тыпу, а з наступнага года карыстацца ім і адточваць майстэрства ваджэння тут змогуць усе жадаючыя за ўмераную плату.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *