НЕ ПЕРАРЫВАЦЬ ПАМЯЦЬ клопатам, любоўю, дабрынёй

Грамадства

Жыццё нашае – таямнічы дар, які атрымліваем не навек, а толькі на час. З’яўляючыся на свет, стараемся напоўніць яго святлом і дабрынёй, зрабіць хоць крышачку лепшым. А адыходзячы, пакідаем усё наступным пакаленням і застаёмся ў іх памяці. Нездарма кажуць, што чалавек жыве, пакуль пра яго памятаюць.


Як і мы не забываем аб тых, каго ўжо няма побач. Думаем і гаворым пра іх, молімся за іх душы, ставім свечкі. “І падтрымліваецца гэтая неперарыўная памяць дабром і любоўю, дапамагаючы і вылечваючы ў дні выпрабаванняў і бед”, – сцвярджаў пісьменнік Віктар Астаф’еў.


А яшчэ менавіта яна, памяць, прыводзіць нас на могілкі – гэта патрэбна не толькі памерлым. У першую чаргу – нам, жывым. Каб, аддаючы даніну павагі тым, хто пайшоў у вечнасць, ачышчацца душэўна і знаходзіць новыя сілы, у рэшце рэшт, заставацца людзьмі, што выражаецца і ў нашых адносінах да месцаў вечнага прыстанку сваіх родных і блізкіх. Толькі ці заўсёды там пануе парадак?..


Праблема добраўпарадкавання могілак з кожным годам становіцца больш вострай: у вёсках асноўную катэгорыю жыхароў складаюць ветэраны працы, а колькасць грудкоў на астраўках пакоя павялічваецца, драўляная агароджа прыходзіць у непрыгоднасць, тэрыторыя зарастае кустарнікамі і пустазеллем, на вываз смецця патрэбен транспарт… Як справіцца з усім гэтым мясцовым Саветам?


Ні  ў  аднаго  з  кіраўнікоў,  як   выявілася,   арганізацыя  работ  па навядзенні чысціні і парадку на святых месцах не праходзіць гладка, без перашкод і праблем. Галаўны боль літаральна кожнага – як “выцягнуць” насельніцтва на суботнікі. Прывяду словы толькі аднаго старшыні: “З больш за дзве тысячы жыхароў Камарына на добраўпарадкаванне выйшла… пяць чалавек”. Згадзіцеся: усе мы стараемся па меры магчымасці даглядаць магілкі сваякоў, але пры гэтым рэдка думаем пра тое, што знаходзіцца за іх агароджамі. Некаторыя і ўвогуле могуць бессаромна выкінуць смецце, далёка не адыходзячы, – абы бліжэй, хаця для гэтага адведзены спецыяльныя месцы. Прыклады такой абыякавасці, бескультур’я і неахайнасці проста не ўпісваюцца ў хрысціянскую мараль.


– На тэрыторыі нашага Савета размешчана восем могілак, –  дзеліцца старшыня Малейкаўскага сельвыканкама Ксенія Раманюк. – Як і належыць, да магілак сваіх продкаў вяскоўцы адносяцца з належным шанаваннем. А тое, што вакол, большасць   лічыць  “не   сваім”.  Арганізоўваем суботнікі, але на іх выходзяць не з ахвотай. Да таго ж работа па навядзенні парадку патрабуе і тэхнікі – звяртаемся за дапамогай сельгаспрадпрыемства, і фізічных сіл: патрэбна ўбіраць і выносіць смецце,  рамантаваць і замяняць агароджу, высякаць парасткі кустарнікаў і дрэў. Добра, калі ў вёсцы ёсць на каго спадзявацца. А калі, напрыклад, у тым жа Петрыцкім амаль усе – пенсіянеры?.. Прапанавалі з кожнага двара ўнесці ў агульную капілку пэўную суму, каб даручыць гэтую работу за нейкую плату маладзейшым і дужэйшым.   Усе,  як ні  дзіўна, згадзіліся. Значыць,   варыянт  прымальны.   Будзем  практыкаваць.


Старшыня Новаіялчанскага сельсавета Валянціна Свіслоўская ўспамінае, як некалі выходзілі гарадзіць могілкі нават ветэраны Вялікай Айчыннай. Зараз жа наладзіць на належным узроўні гэтую работу цяжка.


–Вось у Аляксандраўцы, напрыклад, пражывае зараз толькі чатыры чалавекі, кожнаму – далёка за  семдзесят. Прапанавалі іх дзецям: чаму б не прыехаць на дзень-другі, каб дапамагчы ачысціць ад смецця могілкі, паставіць агароджу – штыкетнік ужо закупілі. Ды тыя, спасылаючыся на занятасць, ад гэтага  ўхіляюцца.


У выніку разам з работнікамі  сельскага Савета на суботнік выйшлі прадстаўнікі мясцовых устаноў культуры. Дырэкцыя КСУП “Саўгас “Камарынскі” не адмовіла ў выдзяленні транспарту.


–Магчыма, праблема была б не такой вострай, калі б вырашылася пытанне перадачы могілак на абслугоўванне КЖУП “Брагінскае”, якое валодае і людскімі, і тэхнічнымі рэсурсамі, – лічыць старшыня Камарынскага пасялковага Савета Віктар Свіслоўскі. – Але гэта не значыць, што мясцовая ўлада і  грамадскасць  павінны застацца недзе ў баку. Проста арганізацыю, заклік і ініцыятыву павінны дапаўняць працоўная сіла, матэрыяльна-тэхнічная база і, вядома ж, людская свядомасць.


Наконт свядомасці, дарэчы, размова асобная. Нярэдка старшыням замест звычайнага “не хвалюйцеся, дапаможам” даводзіцца чуць у свой адрас “ВЫ абавязаны”, “ВЫ павінны”.  І з такой утрыманскай пазіцыяй змагацца цяжка ці, бывае, увогуле бессэнсоўна. Няхай гэта застаецца на ўласным сумленні кожнага. Але ж стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень не будзем: ёсць сярод жыхароў, і не толькі мясцовых, гуманныя, з пачуццём абавязку, хто не абмяжоўваецца навядзеннем  парадку  толькі  на магілках сваякоў – даглядаюць і тыя, за якімі ўжо прыгледзець некаму. Такія людзі ніколі не будуць лічыць ушанаванне памяці продкаў  “чыімсьці абавязкам” і не перакуляць цераз агароджу смецце ці ўжо непрывабныя вянкі…


Сучаснае жыццё і розны дастатак змяняюць і аблічча могілак. Аб адным нагадвае грудок  са сціплым драўляным крыжам ды запаленай свечкай, аб другім – помнік, усыпаны вянкамі і яркімі кветкамі, трэцім – сапраўдны мемарыял…  Але галоўнае – не ў гэтым. Галоўнае – у тым, калі  апошні раз клапатлівая рука дакраналася да святога для кожнага чалавека месца, каб навесці на іх і вакол парадак.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *