Настаў і яго зорны час

Грамадства

Гэты год для Мікалая Коваля склаўся спрыяльна. Стаж вадзіцеля немалы, вядзе адлік з 1982-га, але ж на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі” пабываў упершыню. Уражанні – незабыўныя. І ад таго, як шанавалі, прымалі, якой увагай акружылі, і ад самой атмасферы свята. Дзеля гэтых урачыстых момантаў працаваў сумленна. Стаць лепшым у рэспубліканскім спаборніцтве  выпадае не многім, таму з такой цеплынёй і ўзнагароджваюць тых, хто дабіўся найлепшых вынікаў. Мікалай Коваль на аўтамашыне МАЗ-5551перавёз 6141 тону зялёнай масы, заняў другое месца сярод вадзіцеляў рэспублікі. Атрымаў дыплом і  падарунак (дамашні кінатэатр).


З удзячнасцю гаварыў пра свайго папярэдніка, які перадаў аўтамабіль у добрым стане. Даўно ўбраны ўраджай, толькі для вопытнага вадзіцеля па-ранейшаму працягваюцца працоўныя будні, напружаныя і адказныя. Мы ледзьве не размінуліся з ім у той дзень. Не застаўшы ў мехдвары, накіраваліся да яго дамоў, куды Мікалай Коваль заехаў перад адпраўкай у рэйс.


Яшчэ хвіліна-другая, і сустрэчы не адбылося б. А так хацелася ўбачыць чалавека, які заслужыў права быць сярод лідараў яшчэ і па той прычыне, што прозвішча яго не так часта называюць у ліку прызнаных майстроў сваёй справы. Няхай першы значны поспех будзе не апошні.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *