ПАРУШАЛЬНІКА СПАКОЮ ПАСАДЗІЛІ ЗА КРАТЫ

Территория закона

Званок на пульт дзяжурнай часці РАУС паступіў каля 17.00. Усхваляваная жанчына паведаміла: яе сужыцель прыйшоў дамоў у нецвярозым стане, пачаў скандаліць, пабіў у вокнах шкло… Следча-аператыўная група ў складзе супрацоўнікаў міліцыі Сяргея Прахарэнкі,  Віталія Комара і  Вікторыі Чуланавай адправілася  па  ўказаным  адрасе.


Герой дня – Алег.  Толькі праславіўся малады мужчына зусім не добрымі справамі на карысць роднага краю, а дэбошам, бо, як высветлілася, яго  лепшы  сябар –  зялёны змій.


…У сераду “застолле”  пачалося з раніцы. Грамадзянская жонка пайшла на працу, а Алег  – да суседа-сабутэльніка Эдзіка. Вярнуўся а пятай  гадзіне вечара і распачаў, як кажуць, качаць правы. Тое, што дома знаходзяцца трое дзяцей і цяжарная сястра жонкі, яго не спыняла.


Сямейныя “разборкі” мужчына ўчыняе даволі  рэгулярна. Па словах суседзяў, якім  даводзілася не раз сутыкацца з дэбашырам, вінавата ва ўсім гарэлка. Гэта  яна  ператварае  Алега  ў раз’юшанага звера. Толькі адмаўляцца ад моцных напояў той не збіраецца.


Да такіх выхадак сужыцеля Ала прызвычаілася, аднак на гэты раз яго агрэсіўныя паводзіны вымусілі жанчыну патэлефанаваць у міліцыю. Супрацоўнікі праваахоўных органаў добра ведаюць, як размаўляць з падобным кантынгентам, таму доўга не цырымоніліся, і хутка на запясцях парушальніка спакою зашчоўкнуліся наручнікі. Аднак перспектыва правесці ноч у ізалятары часовага ўтрымання Алега не вабіла і ён супраціўляўся як мог, суправаджаючы свае “выкрутасы” нецэнзурнымі выказваннямі.


Суд назначыў дэбашыру пакаранне ў выглядзе адміністратыўнага арышту на  пяць сутак, і сёння ён знаходзіцца за кратамі. У Алы і яе дзяцей гэтыя дні пройдуць спакойна. А ў Алега ёсць час на цвярозую галаву абдумаць і  змяніць свае паводзіны. Толькі мала верагоднасці, што гэта здарыцца. Мужчына трапляе ў  міліцыю ўжо не першы раз і, відаць, далёка не апошні…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *