Раён прадставіла дастойна

Грамадства

Для маладой даяркі з КСУП “Брагінскі” Ганны Бялан паездка на абласны конкурс аператараў машыннага даення была як узнагарода за гады сумленнай працы. Што менавіта ёй выпаў гонар прадстаўляць наш раён на мерапрыемстве такога ўзроўню – хвалявалася, а больш прасякнулася пачуццём адказнасці. Хацелася даказаць усім, што на Брагіншчыне жывуць старанныя і ўмелыя людзі, што раён, пацярпелы ад тэхнагеннай катастрофы, ні ў чым не ўступае іншым. Асабліва ў эканамічным развіцці. Так яно і аказалася насамрэч.


Для большасці ўдзельнікаў абласнога конкурсу даільная ўстаноўка “елачка” была ў навіну. Толькі тры аператары машыннага даення, у тым ліку і Ганна Бялан, працуюць на ёй. І калі прадстаўнікі іншых раёнаў бачылі “елачку” ўпершыню, то наша зямлячка выдатна асвоіла яе даўно. У той момант адчула  радасць  за Брагіншчыну, гаспадарку, у якой укараняліся ў вытворчасць сучасныя тэхналогіі і абсталяванне.


Спаборніцтва аператараў машыннага даення праходзіла на базе ААТ “Ціхінічы” Рагачоўскага раёна. Візітная картка кожнага канкурсанта павінна была даць уяўленне пра раён, мясціны, гаспадарку. З гэтым заданнем Ганна справілася выдатна. Былі традыцыйныя для такіх мерапрыемстваў этапы конкурсу як зборка і разборка апарата, праверка тэарэтычных ведаў, сам працэс даення. Усё, як прызналася дзяўчына, прывычнае, знаёмае. Зразумела, што працуе не горш і ведае не менш іншых, што быць жывёлаводам –  адказна. Вельмі патрэбны такія конкурсы для прафесійнага росту, абмену вопытам, знаёмстваў і самасцвярджэння. Хацелася б паехаць яшчэ, але ж гэта залежыць не толькі ад яе. А калі магчымасць такая будзе – не адмовіцца.


Ганна Бялан вельмі ўдзячна за маральную падтрымку начальніку аддзела па справах моладзі Сяргею Прыходзьку, які падбадзёрваў, настройваў на перамогу. Дамоў наша зямлячка вярнулася з граматай, падарункам і кветкамі.


А пачынаўся яе шлях у прафесію з просьбы кіраўніка гаспадаркі падмяніць даярак, якіх    ўвесь   час не хапала.   Прыйшла на ферму адзін раз, другі, а потым засталася, і  працуе аператарам вось ужо 18 гадоў. У яе ёсць яшчэ адна прафесія – майстра-аддзелачніка. Для дома таксама вельмі патрэбная. Добра, калі многае ўмееш і можаш зрабіць, і для сябе, і для іншых.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *