У МІНУЛАГА ПАТРЭБНА ВУЧЫЦЦА

Грамадства

Даўно, здаецца, сцерліся з памяці часы, калі нават дашкольнікі бадзёра дэкламавалі верш Самуіла Маршака пра чырвоны дзень календара. Колькі гэта мінула? Ад даты Кастрычніцкай рэвалюцыі нас аддзяляе ўжо дзевяноста чатыры. Ды чамусьці з набліжэннем сёмага лістапада многія па-ранейшаму з настальгіяй узгадваюць святочныя калоны дэманстрантаў з чырвонымі сцягамі і транспарантамі, яркімі шарамі, упрыгожаныя населеныя пункты… А яшчэ – як жылі ў вялікай краіне з назвай СССР.


Вядома, гэта асабістая справа кожнага, як адносіцца да Кастрычніцкай  рэвалюцыі. Бясспрэчным застаецца толькі факт, што яна была значнай падзеяй у гісторыі дваццатага стагоддзя. А аддаленае мінулае становіцца часткай жыцця, калі яго характар у духоўным плане прымальны для сучаснікаў.


Гісторыя чалавецтва ўвогуле напоўнена прыкладамі бунтаў і паўстанняў прыгнечанага народа: яшчэ школьнікамі, калі ўжо не зусім двоечнікі, чыталі і пра Спартака, і пра Разіна, і пра Пугачова… А Кастрычнiк 1917 года не толькi змянiў лёс вялiкай краiны, але i ў многiм вызначыў гiстарычны шлях развiцця. Мільёны людзей былі ўцягнуты ў працэс пабудовы  новага грамадства, не на словах, а на справе свабоднага ад эксплуатацыi, нацыянальнага прыгнёту i ня-роўнасцi.


Дзякуючы гэтай падзеі Беларусь упершыню набыла сваю дзяржаўнасць, атрымала магутны імпульс сацыяльнаму і духоўнаму адраджэнню свайго народа. Рэвалюцыя валодала вялікай стваральнай сілай: у рэспубліцы з’явіліся сучасныя галіны прамысловасці і сельскай гаспадаркі, на новы ўзровень падняліся навука, адукацыя, культура, ахова здароўя, сацыяльная дапамога. Энергія Кастрычніка натхняла на перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, на пакарэнне космасу, на працоўныя здзяйсненні. Нашы бацькі і дзяды атрымалі права на бясплатныя навучанне, лячэнне, адпачынак. Беларусь займела больш за тысячу Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, якія маглі з’явіцца толькі пры савецкай уладзе. А колькі пісьменнікаў, вучоных і спартсменаў, артыстаў і мастакоў даў беларускі народ!..


Многія, праўда, скажуць: з распадам Савецкага Саюза і адлучэннем Камуністычнай партыі ад улады ўсё перайначылася. Але як жа  ідэалы міру, свабоды, роўнасці, справядлівасці? Яны не губляюць сваёй значнасці і сёння, праз дзесяцігоддзі. Таму, відаць, і захоўваецца ў нашай краіне 7 лістапада ў якасці свята. Учора сустракалі яго на дэманстрацыях, сёння адзначаем успамінамі, святочнымі канцэртамі. Гэта сведчанне таго, што мінулае небяспечна забываць, бессэнсоўна перапісваць і наіўна падстройваць пад якія б то ні было погляды ці настроі. У мінулага патрэбна вучыцца, і такі ўрок – бясконцы.


Наўрад ці хто стане спрачацца: народ, які не шануе гісторыю, не мае будучыні.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *