ЗАДУМАЦЦА ЁСЦЬ АБ ЧЫМ

Территория закона

З мэтай  актывізацыі  працы  па  прафілактыцы  і  спыненні  рэцыдыўнай  злачыннасці  ў  раёне  прайшла  акцыя “Задумайся”.  Яе ініцыятарам  стаў  раённы  аддзел унутраных  спраў.


На   адкрытае   судовае  пасяджэнне  былі  запрошаны асобы, якія знаходзяцца  на  ўліку ў крымінальна-выканаўчай  інспекцыі. Гэта людзі, якім назначана пакаранне ў выглядзе абавязковых і выпраўленчых работ, умоўна асуджаныя і тыя, над кім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Перад пачаткам слуханняў з прысутнымі сустрэўся начальнік РАУС Валерый Чэкан. Ён заклікаў асоб, якія маюць судзімасць, да законапаслухмянага адбыцця пакарання, папярэдзіў аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад яго, перасцярог ад здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў.


На судовым пасяджэнні разглядалася справа аб крадзяжы. Паназіраць з боку за працэсам было карысна ўсім прысутным. Гэта дазволіла прааналізаваць свае паводзіны, магчыма, задумацца аб змяненні іх у лепшы бок, каб яшчэ раз не апынуцца на лаве падсудных. Сёння, дзякуючы альтэрнатыўным, не звязаным з пазбаўленнем волі, відам пакаранняў, асуджаны мае магчымасць усвядоміць сваю  памылку і выправіцца без ізаляцыі ад грамадства. І толькі ад яго залежыць, будзе ён і надалей жыць дома ці  адправіцца  ў  калонію.


Як  паведаміў  інспектар   крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксандр Палявы, на ўліку  ў  КВІ знаходзіцца каля 140 чалавек. З іх адбываюць пакаранне ў выглядзе  выпраўленчых  работ – 17.  Яны працуюць у  арганізацыях і на  прадпрыемствах   раёна,   адлічваючы  ў  прыбытак  дзяржавы ад 10 да 20 працэнтаў заробку.   Лічыцца, што актыўны  ўдзел  у перавыхаванні такіх людзей прымаюць працоўныя калектывы  і  адміністрацыя ўстаноў.


А вось грамадскімі работамі асуджаныя займаюцца ў вольны ад асноўнай працы час. Сваю віну яны загладжваюць бясплатнай працай на карысць роднага краю. Такіх у раёне 11.


Прэвентыўны нагляд устаноўлены ў адносінах да траіх. Яго “ўдастоіліся” асобы, якія вярнуліся з выпраўленчых калоній.  Тэрміну, назначанага судом для выпраўлення, ім аказалася мала, таму сёння  гэтыя  людзі  знаходзяцца пад пільным наглядам міліцыянераў,  жывуць  па ўстаноўленым  распарадку. Напрыклад, ім забараняецца  выходзіць з дому ў пэўны час,  наведваць тыя ці іншыя месцы.


Вядома, што праца з падобным кантынгентам не з лёгкіх, але  супрацоўнікі  крымінальна-выканаўчай інспекцыі прыкладваюць усе намаганні для вяртання чалавека да нармальнага жыцця. У тым  ліку  тлумачаць  асуджаным  іх  правы, садзейнічаюць у  атрыманні дакументаў, працаўладкаванні.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *