За радком Дэкрэта №18

Грамадства

Абарона дзяцей – адна з праблем, якая найбольш востра пастаўлена самім жыццём. Педагогі і медыкі, сацыяльныя работнікі і прадстаўнікі грамадскасці, іншыя зацікаўленыя асобы ў цесным узаемадзеянні працуюць над тым,  каб гора-бацькі ўсвядомілі: у доме не павінен правіць баль алкаголь. Пяты год вядзецца карпатлівая работа, накіраваная на аздараўленне будучыні нацыі, вяртанне радасці бацькоўства і дзяцінства, – поле дзейнасці сфарміраваў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.


Праблемныя моманты, шляхі ўдасканалення гэтай работы перыядычна разглядаюцца на пасяджэннях каардынацыйнага савета па выкананні вышэйназванага дакумента. Вось і на мінулым тыдні, 10 лістапада, у цэнтры ўвагі былі пытанні, звязаныя з кампенсацыяй абавязанымі асобамі сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей.


Па паведамленні старшага судовага выканаўцы Ірыны Тарынскай, за дзесяць месяцаў бягучага года вернута 60,1% расходаў нядбайнымі, якія знаходзяцца  на ўліку  ў  судзе.  У  параўнанні з іншымі сельскагаспадарчымі раёнамі, паказчык неблагі. Ён паступова набліжаецца да сярэднеабласнога (68,4%), але на выніковасці па-ранейшаму адбіваецца нізкая заработная плата такіх “прафесіяналаў”, іх месцам працаўладкавання ў асноўным з’яўляюцца КСУПы. А з улікам таго, што сярод нядобранадзейных пераважаюць мнагадзетныя сем’і, большасці патрэбна штомесяц уносіць у дзяржаўную казну не менш за мільён, ды яшчэ  30%    заробку   павінна   захоўвацца за гора-бацькамі. Да гэтага дададзім рост дзяржаўнай грашовай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-сірот. Вось і атрымліваецца: калі памер кампенсацыі высокі, забяспечыць у такой жа ступені высокааплатнай працай абавязаных нерэальна. Запазычанасць асобных перавышае два дзясяткі мільёнаў, а ў бацькоў, ад якіх забралі восьмера дзяцей, яна дасягнула   астранамічнага   памеру – 85 423 017 рублёў. Няма прасвету…


Але напал работы па Дэкрэту №18 не спадае. Як адно з галоўных дасягненняў – змяншэнне сумнай статыстыкі. Наладжаная сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння і агульная зацікаўленасць у аказанні своечасовай дапамогі як непаўналетнім, так і іх бацькам дазволілі дасягнуць за перыяд рэалізацыі дакумента высокага працэнта вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і – 72,7% пры сярэднеабласным паказчыку 55,6. У раёне стала менш абавязаных асобаў. Не такая вострая ўжо і праблема прагулаў: за апошні час, напрыклад, з 7 па 14 лістапада, не зафіксавана ніводнага, а раней за тыдзень, бывала, “набягала” і каля дваццаці. 


Аб тым, якія меры прымаюцца па паляпшэнні якасці работы, дзяліліся таксама начальнік раённага аддзела адукацыі Аляксандр Калясан, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Дзегаўцова, прадстаўнікі іншых структур.


Колькі яшчэ спатрэбіцца сіл, настойлівасці і цярплівасці, каб вярнуць таго ці іншага чалавека да нармальнага жыцця, наўрад ці хто можа прадказаць. Ды і ці атрымаецца ўвогуле?..  Гэта ўпасці лёгка – дастаткова падштурхнуць.  Куды цяжэй падняцца. Але пры вялікім уласным жаданні, пераасэнсаванні жыццёвых прыярытэтаў і падтрымцы акружаючых – магчыма.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *