17 снежня — день беларускага кіно

Праздники и будни

Сённяшняя дата для прафесійнага свята людзей, дзякуючы якім самы масавы від мастацтва працягвае нас радаваць, здзіўляць і прымушае суперажываць, выбрана не выпадкова. З 17 снежня 1924 года вядзе свой адлік гісторыя айчыннага кіно. І будзе недаравальна абмінуць у гэты дзень увагай работнікаў, якія захоўваюць своеасаблівы мосцік паміж вынікамі дзейнасці кінавытворцаў і гледачамі, – гэта калектыў ККУП “Брагінкінавідэасетка”. 


Нашы пытанні адрасаваны рэдактару прадпрыемства Таццяне Ермалаевай.


– Таццяна Віктараўна, беларускаму кінематографу сёлета спаўняецца 87 год. Ці змяншаецца з цягам часу, на Ваш погляд, цікавасць да айчынных стужак?


– Нацыянальны кінематограф падараваў гледачам нямала цудоўных карцін. Сярод лідараў пракату ў розныя гады былі і “Чырвонае лісце” Корш-Сабліна, і “Альпійская балада” Барыса Сцяпанава, і “З пекла ў пекла” Дзмітрыя Астрахана, і фільмы “Павадыр”, “Дунечка”, “Анастасія Слуцкая”, “Дняпроўскі рубеж”, “Брэсцкая крэпасць”… Беларуская кінастудыя асвойвае новыя прасторы з захаваннем лепшых традыцый. На яе работах выхоўваецца ўсё лепшае, што ёсць у чалавеку, – патрыятызм, душэўнасць, дабрыня. А гэта будзе запатрабавана заўсёды. Таму, як і дзясяткі год назад, увага гледача прыкавана да экрана: куды павядзе і перанясе ў часе і прасторы, аб чым раскажа чароўны свет кіно. У кожнага напэўна ёсць свае любімыя айчынныя стужкі, заснаваныя на гістарычных фактах, на праўдзе жыцця.


–Колькі ўвогуле фільмаў змаглі  паглядзець сёлета жыхары раёна на шырокім экране?


–Каля двухсот было прадэманстравана толькі ў Брагінскім РДК. Але наша дзейнасць – гэта не толькі паказ кіна- і мультыплікацыйных фільмаў, але і сумесная работа з  зацікаўленымі структурамі па арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў у мэтах духоўнага і маральнага развіцця моладзі і падрастаючага пакалення. Гэта яшчэ і відэаздымкі дакументальных фільмаў, прысвечаных прафесійным святам, юбілейным датам, якія звязаны з гісторыяй роднага краю.


–Наколькі выраслі магчымасці ў справе прапаганды кінамастацтва, нагляднага ўздзеяння на розум і сэрцы гледачоў?


–Работа стала больш якаснай дзякуючы   набытай  сёлета  сучаснай  кінавідэапраекцыйнай апаратуры. З яе дапамогай абслугоўваем 12 населеных пунктаў, у тым ліку сем аграгарадкоў.  Зручнасці ў працы таксама дабавіла з’яўленне новага аўтамабіля, плануем ажыццявіць рамонт унутры адміністрацыйнага будынка. Так што  з  паляпшэннем  умоў  працы  будзем яшчэ больш старацца дзеля гледачоў. Далучайцеся да мастацтва!


Мы заўсёды рады бачыць вас у кіназалах.


Гутарыла Валянціна БЕЛЬЧАНКА





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *