ЧАРГОВЫ КРОК НА ШЛЯХУ ЗБЛІЖЭННЯ

Грамадства

Да  заканчэння года  застаецца  некалькі гадзін.  Ён быў  не самы просты, але цікавы.  Ва  ўсялякім  разе  —  для моладзі. Своеасаблівай падставай падвесці вынікі таго, што было зроблена і з чым не справіліся сёлета, стала сустрэча  прадстаўнікоў  маладзёжных аб’яднанняў Беларусі  і  Украіны.


Наш раён наведалі людзі, якія займаюцца пытаннямі патрыятычнага  выхавання  падрастаючага пакалення з Чарнігава і Міхайла-Кацюбінскага.  У  іх  ліку — старшыня  савета  ветэранаў, ваенны  камісар,  супрацоўнікі аддзела адукацыі, сакратары ЛКСМУ, вучні  і інш.  На дзяржаўнай мяжы гасцей сустракалі начальнік адзела па справах моладзі райвыканкама Сяргей Прыходзька, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс, галоўны захавальнік  фондаў Брагінскага гістарычнага   музея з  карціннай галерэяй Надзея Мялешка.  Песняй і хлебам-соллю вітала ўкраінскую дэлегацыю  “Камарынская весялуха”.


У  Брагіне першым пунктам прыпынку  гасцей стала аддзяленне  дзённага знаходжання інвалідаў.  Яго  загадчыца Любоў Кузняцова  распавяла  гісторыю стварэння  ўстановы,  адзначыла яе важнасць  для  маладых людзей з  праблемамі са здароўем. Менавіта тут яны маюць магчымасць сустракацца, раскрываць свае таленты, набываць розныя  навыкі.


Далей у праграме – наведванне Брагінскай САШ і гімназіі. Дэлегацыю сустракалі кіраўнікі ўстаноў адукацыі Вера Мялешка і Сяргей Агеенка. У час кароткай  экскурсіі госці наведалі школьны музей і кабінеты, сустрэліся  з  вучнямі.


Абмеркаванне праблем патрыятычнага выхавання моладзі Брагіншчыны  і ўкраінскага пасёлка, а таксама абмен вопытам прайшлі за круглым сталом у райвыканкаме. У размову ўключылася намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва.  Яна адзначыла, што ў беларусаў і ўкраінцаў шмат агульных каштоўнасцяў: мы славянскія народы, некалі жылі ў адной дзяржаве. Аднак час унёс свае карэктывы ў жыццё краін, і сёння  нам ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго.


Яскравае ўяўленне аб Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі госці атрымалі пасля прагляду тэматычнага відэафільма, які прапанавала іх увазе першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс.


Далей Наталля Мікалаеўна паведаміла аб мерапрыемствах і акцыях, праведзеных  раённай арганізацыяй на працягу года. А іх вельмі шмат. Маладыя брагінчане актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, суботніках, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. 


Работа з моладдзю праходзіць у цесным супрацоўніцтве з іншымі зацікаўленымі структурамі: аддзелам па справах моладзі райвыканкама, камісіяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі, школамі, ваенным камісарыятам,  РАУС  і інш. Адметным з’яўляецца і тое, што не застаюцца ў баку ад агульнай справы  рэлігійныя аб’яднанні. У прыватнасці, прыха-джанне евангельскай царквы “Благодать” на працягу некалькіх год з’яўляюцца арганізатарамі палатачнага лагера  для дзяцей на беразе  Дняпра. Сёлета да іх далучыліся і праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі.


Таксама зацікавіла гасцей інфармацыя аб працоўных маладзёжных атрадах і тое, што БРСМ дапамагае студэнтам зарабляць грошы  ў  вольны ад  вучобы  час.
Сваім вопытам падзяліліся і прадстаўнікі камуністычнага саюза моладзі Украіны. Дарэчы, яго назва засталася з савецкіх часоў, і сёння званне камсамольцаў ганарова носяць многія ўкраінцы.
Падчас круглага стала была закранута і тэма пошукавай работы. Аб тым, што  ў гэтым напрамку зроблена ў нашым раёне,  расказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Самбук. За два апошнія гады ўстаноўлены імёны 10 салдат, пахаваных у брацкіх магілах. Невядомымі застаюцца двое, іх магілы знаходзяцца ў Камарыне і Красным. Як паведаміў Ігар Васільевіч, усе воінскія пахаванні замацаваны за мясцовымі органамі ўлады.


А вось  ва  Украіне, па словах ваеннага  камісара Чарнігаўскага  раёна  Уладзіміра Краўчука, пошукавай работай займаюцца грамадскія аб’яднанні, у прыватнасці, арганізацыя   “Патрыёт-2”.  Ня-гледзячы на тое  што праца ў гэтым напрамку трымаецца на энтузіястах, яна вядзецца, прычым паспяхова.


Рэканструкцыя помнікаў  у суседняй краіне вя-дзецца ў асноўным на дабрачынныя ахвяраванні. Так, нядаўна камсамольцы выступілі з ініцыятывай  сабраць грошы на добраўпарадкаванне помніка Герою Савецкага Саюза Аляксандру Матросаву. Прычым некаторыя з іх адразу  ж  здалі ў агульную касу па 350 грывен.


Трэба адзначыць, што прадстаўнікі камуністычнага саюза моладзі Украіны абсалютна бескарысліва займаюцца пошукавай работай. Яны высвятляюць імёны салдат у невядомых магілах, адшукваюць іх сваякоў, выяўляюць цікавыя і забытыя факты аб жыцці партызан. У большасці выпадкаў ініцыятыва зыходзіць ад саміх юнакоў і дзяўчат. Ці не гэта з’яўляецца яскравым доказам патрыятызму?


Круглы стол прайшоў у атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення. Напрыканцы суразмоўцы выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва, пажадалі адзін аднаму поспехаў і накіраваліся ў гістарычны музей з карціннай галерэяй.


Акрамя ўсяго, госці палічылі сваім абавязкам ушанаваць памяць  загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У хвіліне маўчання схілілі яны галовы каля брацкай  магілы,   ўсклалі да яе кветкі і вянкі.  Не прайшлі таксама міма помніка Уладзіміру Леніну,  імя  якога прысвоена іх саюзу.


У маладзёжных аб’яднанняў Украіны і Беларусі агульная задача  — дапамагчы юнакам і дзяўчатам знайсці сябе ў гэтым складаным кругазвароце жыцця, набыць упэўненасць у сваіх сілах, у заўтрашнім дні, адчуць сябе  грамадзянамі сваёй  краіны.  І  гэта сустрэча стала  чарговым крокам на шляху  збліжэння моладзі дзвюх дзяржаў.   Нагадаю,  сяброўскія сувязі паміж  пасёлкам  Міхайла-Кацюбінскам Чарнігаўскага  раёна  і Брагіншчынай  завязаліся  ў верасні  2009 года, калі  ўкраінцы наведалі  месца пахавання  сваіх землякоў,  загінуўшых  у  Вялікай   Айчыннай  вайне,  у  Пірках.


А за тое, што візіт украінскай дэлегацыі ў наш раён прайшоў на  высокім узроўні, быў цікавым і  насычаным,  арганізатары сустрэчы выказваюць падзяку дырэктару Брагінскай САШ Веры Мялешцы, дырэктару гімназіі Сяргею Агеенку, загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Любові Кузняцовай, дырэктару ККУП “Брагінкінавідэасетка” Уладзіміру Каваленку, начальніку раённага аддзела культуры Ліне Пятніцкай, дырэктару КСУП “Брагінка” Тамары Кудан.


Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *