Гучала і слова, і песня

Грамадства

Работнікі цэнтральнай бібліятэкі правялі літаратурную гадзіну, прысвечаную класіку беларускай літаратуры. Была падрыхтавана і бібліяграфічная выстава.


“Паэт, асветлены зоркай” – так называлася мерапрыемства, у якім спалучаліся  слова і музыка. Расказ пра кароткае і насычанае жыццё, творчасць  Максіма Багдановіча пераплятаўся з папулярнымі песнямі на яго вершы. Гучалі прыгожыя паэтычныя радкі, напоўненыя гармоніяй, асэнсаваннем жыцця, святлом і любоўю. Дэкламавалі іх загадчыца аддзела абслугоўвання Валянціна Ятчанка і малады спецыяліст Святлана Клімянок. Вучні 5 “А” класа Брагінскай школы, а яны прыйшлі ў бібліятэку разам з настаўніцай, даведаліся, што Максім-кніжнік (так называлі яго сябры) у дзесяцігадовым узросце напісаў свой першы твор – “Музыка”, які быў надрукаваны на старонках “Нашай нівы”.


Максім Багдановіч расказаў пра таленавітага хлапчука-музыку,  які хадзіў па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы, якая плакала ў яго руках. І такая была ў яго гранні нуда, што аж за сэрца хапала… А бывала і так, што музыка быццам  бы вырастаў у вачах людзей: гучна грымелі струны і грозна будзілі людзей ад сну і звалі народ, і ўсе падымалі апушчаныя галовы і гневам блішчалі іх вочы. Тады бляднелі і трасліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, нібы гадзюкі, усе крыўдзіцелі народа…


Уважліва слухалі дзеці напісанае іх таленавітым равеснікам, якога сёння лічаць адным з самых знакамітых і любімых паэтаў. Ці зразумелі сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія жывуць у другім часавым вымярэнні, асяроддзі, сэнс радкоў пра тое, як музыка будзіў бедны люд ад цяжкага сну, а  яго душа знала ўсё тое гора, што бачыў ён на людзях, але ж пачутае  хвалявала, зачароўавала. Як і знакамітая  “Зорка Венера” ў выкананні Леаніда Барткевіча, вершы “Слуцкія ткачыхі”, “Зімовая дарога” і іншыя. Яны прагучалі ў запісе. Агляд кніжнай выставы зрабіла бібліёграф Алена Вайташэнка.


Вялікая любоў жыве ў народзе да паэзіі Максіма Багдановіча, да яго самога як чалавека таленавітага і самаадданага. Яго вобраз – невычэрпная крыніца творчасці для жывапісцаў, скульптараў, музыкантаў, пісьменнікаў, паэтаў. У гэтым пяцікласнікі, стаўшы дарослымі, пераканаюцца яшчэ не раз, калі захочуць бліжэй пазнаёміцца з яго творамі. Слухаць іх можна бясконца.


2011 год па рашэнні ЮНЭСКА   аб’яўлены годам Максіма Багдановіча. Мерапрыемствы з гэтай нагоды будуць працягвацца.  У цэнтральную  раённую біб-ліятэку прыйдуць вучні старэйшых класаў, каб больш даведацца пра нашага земляка.  Жыццё яго было кароткім, як лістападаўскі дзень, і хмурным, непрыветным, як позняя восень. Але ж ён паспеў зрабіць надзвычай многа, што пад сілу толькі геніям. Быццам яркая зорка свеціць нам сёння імя славутага паэта.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *