НАДЗЕЙНА, ЯКАСНА, БЕСПЕРАБОЙНА

Праздники и будни

Cвятло і цяпло – з’ява звычайная. Гэта тое, без чаго мы не можам цывілізавана жыць і працаваць. Таму і не дзіўна: ад работы энергетыкаў залежыць утульнасць і камфорт у кожным доме, стабільнае развіццё эканомікі, дабрабыт тысяч людзей.


Не ўведзенаму ў курс справы чалавеку цяжка нават уявіць, наколькі складаны гэты механізм – забеспячэнне спажыўцоў электраэнергіяй. Выпрацаваная недзе магутнымі станцыямі, яна перадаецца па высакавольтных лініях праз ланцуг падстанцый на вялікія адлегласці, каб праз размеркавальныя сеткі прыйсці, нарэшце, на будаўнічыя пляцоўкі і зернетакі, у вытворчыя цахі і на фермы,  у бальніцы і школы, кватэры і дамы…


Працэс, заўважце, няспынны. Не адзін дзясятак чалавек задзейнічаны ў ім толькі на Брагіншчыне, і ўсіх іх аб’ядноўвае агульная задача – якасна, надзейна і бесперабойна несці людзям святло і цяпло.


У складзе калектыву  РЭС на чале з Аляксеем Кліменкам – 57 работнікаў, якія клапоцяцца аб тым, каб падтрымліваць электрасеткі ў спраўным стане і аператыўна рэагаваць на непаладкі ў сістэме, своечасова ліквідаваць аварыі. Трымаць экзамен  на прафесіяналізм даводзіцца і халоднай зімой, і спякотлівым летам, у любы час сутак. “Праўда, трывожныя сігналы, – прыкмячае дыспетчар Мікалай Сілівончык, – сталі паступаць радзей”. І прыкметную ролю ў гэтым адыгрываюць вынікі дзейнасці саміх энергетыкаў. Вялікая работа, па словах начальніка дыспетчарскай службы Ігара Сыцько, праводзіцца па тэхнічным абслугоўванні і рамонце ліній, абрэзцы дрэў у ахоўнай зоне. Пры мадэрнізацыі электрасетак перавага аддаецца ізаляваным правадам, што дазваляе павысіць надзейнасць і тэрмін эксплуатацыі высакавольтных ліній, а таксама бяспеку.


Напружанасці ў працы, як правіла, дадаюць капрызы надвор’я: зімой – снегапады, завірухі, галалёд, летам – навальніцы, моцныя парывы ветру. Крайняй пільнасці і ўвагі патрабуе перыяд жніва. Ды і ўвогуле, амаль у кожнай справе патрэбна ўмець прымяніць на практыцы веды па ахове працы, тэхніцы бяспекі, даказаць сваю гатоўнасць да экстрэмальных сітуацый. Таму работа ў раёне электрычных сетак па сілах толькі людзям з шырокім тэхнічным кругаглядам і высокай ступенню адказнасці. Прыемна, што напярэдадні прафесійнага свята стараннасць асобных адзначана кіраўніцтвам: падзяка  ад РУП “Гомельэнерга” аб’яўлена майстру Сяргею Кулаю, ад Рэчыцкіх ЭС – электраманцёру па аператыўным абслугоўванні размеркавальных сетак Мікалаю Раманюку.  Граматай Рэчыцкіх ЭС узнагароджаны таксама  вадзіцель-электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Мікалай Надтачэй.


Поруч  з  павышэннем  якасці  і  надзейнасці энергазабеспячэння, дарэчы,  паляпшаюцца і ўмовы працы тых, хто ўносіць у наша жыццё бытавыя зручнасці і вытворчы камфорт: абнаўляюцца памяшканні адміністрацыйнага будынка,  на тэрыторыі Брагінскага РЭС з’явіліся новыя гаражы і газавая кацельня. А яшчэ – вядзецца рэканструкцыя васьмікватэрнага дома для службовага карыстання.


Не менш цесна звязана з паспяховым функцыянаваннем народнагаспадарчага комплексу і дзейнасць раённай энергаінспекцыі, на кантролі якой  – своечасовая падрыхтоўка прадпрыемстваў і арганізацый да асенне-зімовага перыяду, допуск да эксплуатацыі пабудаваных ці адрамантаваных аб’ектаў,  павышэнне надзейнасці энергазабеспячэння спажыўцоў. Пільная ўвага ўдзяляецца прафілактыцы траўматызму, а гэта ўключае і работу ў складзе назіральных камісій.


Толькі за бягучы год, па паведамленні в.а. начальніка Віктара Маісеева, быў разгледжаны і ўзгоднены 21 праект энергазабеспячэння будаўнічых аб’ектаў, дапушчаны да эксплуатацыі і перааформлены 89 электраўстановак, у тым ліку 51 – пасля выдадзеных прадпісанняў.  Уся нагрузка па выкананні пастаўленых перад РЭІ задач ускладзена на нешматлікі калектыў: у зладжанасці дзеянняў і з пачуццём абавязку працуюць  інспектар-цеплатэхнік Аляксандр Кандрашэўскі, інспектар-электрык Дзяніс Шульга і вадзіцель Фёдар Вароненка.


А хто ж сёння стане спрачацца з тым, якую значнасць у сучасных умовах набывае пытанне рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў: энергазберажэнне і энергаэфектыўнасць – патрабаванне часу, таму і не дзіўна, што на аптымізацыю затрат накіраваны перадавыя тэхналогіі. Па шляху іх выкарыстання ідзе і Брагінскі ўчастак “Энергазбыт”.


Па словах начальніка Ігара Краўчанкі, на абслугоўванні ўчастка знаходзяцца 6872 бытавыя абаненты, 120 юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. За 11 месяцаў бягучага года імі было зрасходавана  18 мільёнаў 322 тысячы кілават-гадзін.


Задача дня нумар адзін – якасць электрычных улікаў. А гэта ў першую чаргу абавязвае ставіць заслон крадзяжам, колькасць якіх, дарэчы, удалося знізіць да адзінкавых фактаў дзякуючы мэтанакіраванай і прадуманай, добра арганізаванай на працягу многіх гадоў рабоце. Пераважнай большасці “народных умельцаў” давялося ўпэўніцца на ўласным вопыце: лепш заплаціць, чым карыстацца ў абход лічыльніка, бо штрафы значна абганяюць “сэканомленае”.


Тэхнічны прагрэс таксама непарыўна звязаны з павелічэннем электраўзброенасці. Распаўсюджанай з’явай стала выкарыстанне ў побыце разнастайных станкоў, зварачнага і іншага абсталявання, і бескантрольнае развіццё гэтага працэсу можа прывесці да сур’ёзных паследкаў. Таму, каб прадухіліць перагрузкі і аварыйныя рэжымы работы ў электрасетках, энергетыкі  ўжо ў наступным годзе плануюць заняцца ўстаноўкай абмежавальнікаў магутнасці.


Будучыня ж “Энергазбыту”, як падкрэслівае Ігар Мікалаевіч, – за выкарыстаннем электронных ўлікаў з магчымасцю аўтаматызаванай перадачы даных у агульную базу. На сёння, праўда, такая сістэма кантролю устаноўлена толькі ў трох мнагакватэрных дамах. Але ў будучым яна стане адным з асноўных інструментаў, які дазволіць мінімізаваць затраты на электрычную энергію і дасць не толькі эканамічны эфект, але і павысіць адказнасць спажыўцоў за выкарыстанае, пабудзіць іх  да беражлівасці.


Усімі гэтымі і іншымі клопатамі жыве калектыў Брагінскага ўчастка, які заўсёды ўдзячны абанентам за сумленнасць, своечасовасць і адказнасць у разліках. Ён  – за добрапартнёрскія адносіны і ўзаемавыгаднае  супрацоўніцтва. Ужо больш дзесяці год крочаць гэтай дарогай лінейны кантралёр Уладзімір Галяк, электраманцёр Анатоль Пархоменка, тэхнік абанентскай службы Надзея Чаравач, інжынер-інспектар Пётр Кур’ян.


Сёння ў галіне энергетыкі  працуюць адукаваныя, ініцыятыўныя і дысцыплінаваныя людзі, здольныя асвоіць новыя віды абсталявання і сучасныя тэхналогіі, здзяйсняць задуманае і дасягаць пастаўленых мэтаў.


Ад  іх нялёгкай штодзённай работы, набытага вопыту і адданасці справе ў значнай ступені залежыць, як будзе развівацца краіна, і гэта накладвае вялікую адказнасць на кожнага. Таму хочацца ўсім ім шчыра пажадаць, каб жыццёвая энергія вяла да вышынь прафесійнага майстэрста, а святло сямейнага ачага і душэўная цеплыня родных і блізкіх сагравалі ў цяжкія хвіліны. Са святам!


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *