Улічваць інтарэсы гаспадара

Сельское хозяйство

Каб быць аб’ектыўнай, мушу звярнуцца да падзей студзеня-лютага. Менавіта ў пачатку года праходзяць справаздачныя сходы ў сельгаспрадпрыемствах. На іх высвятляецца, чым жыве аграпрамысловы комплекс раёна ў цэлым і кожная гаспадарка паасобку, якія праблемы вырашае і якія для гэтага сродкі выкарыстоўвае. Сёлета актыўна далучыліся да  значнага мерапрыемства  спецыяліст па развіцці асабістых гаспадарак і фермерства, прадстаўнік Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый па  Брагінскім раёне, старшыні сельскіх Саветаў. Было сказана шмат слоў аб важнасці гэтай справы, дзяржаўнай падтрымцы гаспадароў, якія разводзяць дамашнія фермы. Ці паўплывалі гэтыя прамовы на людзей, якія збіраліся на сход? Ці сталі яны пасля такіх сустрэч больш актыўнымі ў развіцці асабістых гаспадарак? Як дзе.


У дырэктара КСУП “Саўгас “Камарынскі” Рыгора Анапрэенкі, а ён чалавек прамалінейны, наконт гэтага свая пазіцыя: “Калі трымаеш карову, думай, як яе падаіць, чым накарміць”. І гэта пры тым, што канцэнтраты, грубыя кармы гаспадарка прадае ўсім, без выключэння незалежна ад таго, якая забяспечанасць імі грамадскага статка.


Сказанае ў тыя лютаўскія дні Рыгор Мікалаевіч паўтарыў і зараз: “Сенам забяспечылі ўсіх. Працаўнікоў сельгаспрадпрыемства  – у кошт заробку, астатніх – за наяўны разлік, уключаючы і дастаўку”.  “Камарынскі”, як і ўсе гаспадаркі, прапанаваў грамадзянам прымальныя для іх умовы, якія прадугледжаны ў дагаворы. Акрамя грошай, за здадзенае цяля выдаецца зерне з разліку 1 кілаграм за кілаграм жывой вагі (бясплатна). “У нас вялікі грамадскі статак – 5700 галоў, – растлумачыў кіраўнік КСУПа. – Мы выконваем пастаўленыя задачы па вытворчасці і рэалізацыі  жывёлагадоўчай прадукцыі, гэта наша прызначэнне. А ўладальнік каровы вырашае самастойна, куды рэалізаваць малако, маладняк, прадаць суседу ці пакінуць сабе. Гэта яго асабістая справа, прымусу тут не павінна быць. Свае паслугі і ўмовы мы прапанавалі. Калі гэта задавальняе  людзей і яны хочуць прадаць нам лішкі таго, што ў іх ёсць, закупляем і малако, і цялят. Выпісваем за грошы канцэнтраты, салому, сена, дарэмнага сёння няма нічога, няхай гадуюць жывёлу і паляпшаюць сваё матэрыяльнае становішча”.


І ўсё ж, як падкрэсліў Рыгор Мікалаевіч, адна справа, калі звяртаюцца да яго людзі, якія заняты на вытворчасці суткамі, другая – тыя, у каго была магчымасць і ўмовы нарыхтаваць сена для ўласнай каровы  летам без асаблівых праблем. Але калі чалавек жадае трымаць на падворку жыўнасць і згодны плаціць за кармы грошы, калі ласка, няхай бярэ гатовае, разводзіць дамашнюю ферму, забяспечвае сваю сям’ю прадуктамі харчавання або прадае іх. Дарэчы, КСУП “Саўгас “Камарынскі” закупіў з пачатку года 30 галоў маладняку (35% да задання).


Найвышэйшы працэнт выканання задання – у КСУП “Малажынскі” – 91 (па раёне – 47). Гаспадарка закупіла 51 цяля, прадугледжвалася 56.  Гэта даныя на 6 снежня 2011-га. Ці справіцца з даведзеным планам да канца года, пакажа час. Магчымасць такая пакуль ёсць. Неабходна адзначыць, што ў “Малажынскі” прадаюць цялят жыхары Брагіна, нават суседняга раёна.  А прычына зразумелая. Змаглі зацікавіць. За кожную галаву сельгаспрадпрыемства выдае па два рулоны сена і зерне (бясплатна) у залежнасці ад вагі маладняку.


Каб атрымаць яго 100 кілаграмаў, неабходна здаць цяля такой жа вагой. І, вядома, грошы  на працягу дзесяці дзён. Вяскоўцаў прываблівае магчымасць атрымаць бясплатна сена і зерне. Ёсць, прызнаюцца спецыялісты, і такія, хто здае бычкоў і цялушак камерсантам, бо не маюць патрэбы ў грубых кармах.


У час наведвання фермерамі і ўладальнікамі асабістых падсобных гаспадарак нашага раёна Польшчы з мэтай пераймання вопыту пытанняў узнікала шмат, у тым ліку і наконт кармавой базы. У складзе дэлегацыі была спецыяліст па закупках сельгаспрадукцыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Купрыенка, якая на спробы асобных паскардзіцца на няўвагу ўрада да праблем фермераў заўважыла, што гэта не зусім так. Зямлю выдзяляюць, бярыце, апрацоўвайце, вырошчвайце ўсё, што патрэбна. У Польшчы, напрыклад, так і робяць, купленых кармоў 20%, астатнія – уласныя. Там фермеры аб’ядноўваюцца ў кааператывы, каб лягчэй было вырашаць вытворчыя пытанні. Ды і палякі задалі пытанне і былі здзіўлены тым, як без надзелу зямлі ў некалькі гектараў можна весці ўласную гаспадарку.


Фермерства ў нас не дасягнула ў сваім развіцці такіх маштабаў, як у суседняй дзяржаве. Магчыма, і заканадаўчая база недасканалая, але ж ёсць яшчэ такія гаспадары (я ні ў якім разе не асуджаю іх), якія хочуць узяць у тых жа сельгаспрадпрыемствах кармы і ўсё астатняе танней або задарма, а прадаць сваю прадукцыю даражэй. І не гаспадаркам, а камерсантам. Крыўдна за першых. Гэта, відаць, пралікі нашы, агульныя, яны непазбежны на першым этапе самастойнага гаспадарання, далей будзе па-іншаму.  Але ж каму б ні рэалізоўвалі вырашчанае на ўласным падворку жыхары раёна, у выйгрышы будзем усе мы, бо якасных прадуктаў на рынку стане больш. Ды і занятак у вяскоўцаў будзе круглы год. Асабліва ў тых, хто застаўся без працы ці ўжо на пенсіі. Яны могуць такім чынам паправіць сваё фінансавае становішча.


Адзін мой знаёмы сцвярджаў, што зараз больш выгадна разводзіць коней. Ён сам працалюбівы, кемлівы, да ўсяго і са спіртным не сябруе. Такому па плячы любая справа. Няхай будуць на падворках коні, каровы, свінні, птушка,  а ў садах – пладовыя дрэвы, кустарнікі, толькі б паляпшаўся дабрабыт нашых людзей і не падводзіла здароўе.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *