ЁСЦЬ КІМ ГАНАРЫЦЦА, ЁСЦЬ АБ ЧЫМ РАСКАЗАЦЬ

Грамадства

2011-ты: чым парадаваў, што прыемнага пакінуў у памяці, якія падзеі будуць натхняць на новыя здзяйсненні? Для калектываў Брагінскага Цэнтра дзіцячай творчасці і гістарычнага музея з карціннай галерэяй ён увойдзе ў гісторыю перамогай у рэспубліканскім конкурсе відэафільмаў “Радзіма мая дарагая”, што праходзіў у рамках акцыі вучнёўскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.


З трохсот работ, вынесеных  на  суд  прафесійнага журы юнымі творцамі з усіх абласцей краіны і самой сталіцы, у спісе лепшых апынуліся фільмы “Адданы сын сваёй зямлі” і “З Радзімай у сэрцы”. Першы, зняты дзіцячай відэастудыяй “Вясёлка”, што працуе пад кіраўніцтвам Уладзіміра Шаўчука і Надзеі Мялешкі на базе мясцовага музея, стаў лідарам у намінацыі “Аднахвілінны фільм”. Другі, над якім працавалі на чале з Аленай Равянок гурткоўцы Цэнтра дзіцячай творчасці Марына Шарая, Андрэей Дзядкоў, Анжаліка Повад і Наталля Пятрэнка, заняў трэцяе месца ў намінацыі “Мая Радзіма”. Калектывы адзначаны дыпломамі адпаведных ступеняў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Чым жа кранулі, уразілі і прывялі ў захапленне работы брагінчан?


Фільм “Адданы сын сваёй зямлі” аўтары прысвяцілі творчасці нашага знакамітага земляка Сяргея Палуяна, які “так мала жыў, а столькі ўжо рабіў надзей”: за няпоўныя дваццаць гадоў  узняўся да прызнанага пісьменніка, авалодаў такімі жанрамі літаратуры, як проза, крытыка, публіцыстыка, паэзія, стаў у шэраг перадавых грамадскіх дзеячаў свайго часу, якія дбалі пра адраджэнне беларускай мовы і росквіт Айчыны. Хто б мог падумаць, што жыццё гэтай энергічнай, кіпучай натуры так гвалтоўна перарвецца… Шкада толькі, што не ўся творчая спадчына ўраджэнца Брагіна, надзеленага шматбаковым талентам, захавалася. У фільме ўзгадваюцца яго верш у прозе “Хрыстос уваскрос!” і апавяданне “Вёска”.


Другая работа, “З Радзімай у сэрцы”, скіравана аўтарамі на веру ў жыццё і будучыню роднага пасёлка, што выстаяў выпрабаванне Чарнобылем і зараз красуецца як доказ перамогі святла над цемрай, працы – над бяздзеяннем, любові – над здрадай. Відэазамалёўка пра Брагін, яго мінулае і сучаснае, гістарычныя і культурныя славутасці, прыроднае багацце, прыгажосць і добраўпарадкаванасць, што ствараюцца працавітымі рукамі мясцовых жыхароў, водгукі аб родным населеным пункце падрастаючага пакалення – усё гэта дазволіла выказаць гонар за свой пасёлак, які наперакор  тэхнагеннай катастрофе змог заявіць аб сабе.


Удвая прыемна і радасна, што перамога ў рэспубліканскім конкурсе заваявана брагінчанамі менавіта сёлета, калі мы адзначалі 25-годдзе супрацьстаяння чарнобыльскай трагедыі, а таксама юбілей з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, які прысвяціў Сяргею Палуяну свой адзіны прыжыццёвы зборнік твораў “Вянок”.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *