ва ўнівермагу адкрыты аддзел па гандлі камісійнымі таварамі

Грамадства

Сітуацыя першая: яшчэ цудоўнае паліто ці куртка, ды ўжо не па модзе або не па размеры. Выкідваць? Шкада. Некаму падараваць? Няёмка. І патрачаных грошай, нават часткова, не вярнуць. Вось і вісіць амаль новая рэч у шафе, у кагосьці – і не адна. З цягам часу антрэсолі ў некаторых увогуле  пераўтвараюцца ў  склады  з  адзеннем  і  абуткам.  Куды дзець?


Сітуацыя другая: шыкоўная шубка і выдатныя скураныя боцікі, ды не па кішэні. Абнавіць гардэроб пры сённяшніх  цэнах можа  сабе дазволіць далёка  не  кожная  сям’я.  Як апрануцца і не разарыцца?


Магчыма, хоць некалькі ўраўнаважыць гэты баланс дапамогуць камісіёнкі, што пачалі дзейнічаць у Беларусі з лістапада. Прымальны варыянт, з аднаго боку, для тых, хто можа здаць у продаж былую ў карыстанні, але яшчэ добрую, даволі якасную  рэч, з другога – для тых, каму фінансавае становішча не дазваляе рабіць дарагія пакупкі. Каля двух месяцаў такі аддзел  камісійнага гандлю працуе і ва ўнівермагу Брагіна.


–У  жыхароў з’явілася магчымасць прыйсці ў магазін і пакінуць там на рэалізацыю тавар лёгкай прамысловасці, – уводзіць у курс справы намеснік старшыні праўлення раённага спажывецкага таварыства Надзея  Кукрак. –  Паміж  двума бакамі заключаецца  дагавор, у  якім  прадугледжваюцца ўмовы ўзаемавыгаднай здзелкі. У выпадку  продажу  той  ці  іншай рэчы магазін атрымлівае 10%  ад  яе кошту за аказаную паслугу.


Калі  ж  здадзенае  на камісію на  працягу  пэўнага тэрміну  так  і застаецца  на прылаўку, чалавек можа   ці  забраць  свой   тавар,  ці   ўцаніць.  Але  пры  гэтым давядзецца  ўнесці 5%  ад яго кошту за захоўванне, – тлумачаць работнікі ўнівермага.


За няпоўныя два месяцы сума, якую выклалі пакупнікі за рэчы “з другіх рук”, склала 2,5 мільёна. У прыярытэце застаецца, як можна прыкмеціць, сезоннае адзенне.


–Але таварамі лёгкай прамысловасці камісіёнка не  абмяжоў-ваецца, – дадае Надзея Барысаўна.  –  Ад  насельніцтва  мы можам таксама прыняць былую  ў  карыстанні  мэблю.


Прапанова, вартая ўвагі і тых, хто вымушаны сёння эканоміць, і тых, хто жадае зарабіць.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *