ПРЫГАЖОСЦЬ І КУЛЬТУРА – ПАНЯЦЦІ ТОЕСНЫЯ

Грамадства

Утульны і прасторны, аформлены ў сучасным стылі будынак, дзе пасля працы ці вучобы можна сабрацца  разам, каб даць выхад сваім творчым ідэям, здольнасцям, таленту. Для жыхароў Малажына гэта – своеасаблівы астравок адпачынку і арганізацыі вольнага часу, асяродак мастацтва. Ніякага строгага наведвання,  ніякіх  канспектаў. Усё – ад сэрца і для душы.


У гуртковым “меню” –  вакальна-харавыя і сольныя спевы, мастацкае чытанне, ігра на музычных інструментах, школа дыск-жакея. Пад адным дахам далучаюцца да мастацкай самадзейнасці, імкнуцца да самарэалізацыі і раскрыцця творчага патэнцыялу вяскоўцы самых розных узростаў: ад юных да пенсіянераў.  Вялікая геаграфія выступленняў мясцовай вакальнай групы “Крыніца”, неаднаразова адзначанай дыпломамі за высокае выканаўчае майстэрства і ўклад у папулярызацыю народнага мастацтва. Мінулы год, дарэчы, прынёс ёй яшчэ адну перамогу – другое месца ў раённым аглядзе-конкурсе   “Брагінская музычная вясна”. Узнагароды калектыву красуюцца на стэндзе “Нашы святы і будні”.


Але варта звярнуць увагу: дух творчасці жыве  не толькі  ўнутры будынку. Каб  мясцовы цэнтр культуры і вольнага часу адпавядаў свайму статусу, адметна спалучаючы прыгажосць і духоўнасць,  прымушаў спыніцца і ўвайсці,  яго дырэктар – у пастаянным пошуку. Спалучэнне фантазіі, працалюбства і вялікага жадання тварыць, уносіць асабісты ўклад у добраўпарадкаванне роднага населенага пункта паступова пераўтвараюць тэрыторыю вакол даверанай установы ва ўзорны куточак парадку і красы. Прасторы для рэалізацыі творчых задумак на радасць сабе і іншым хапае.


Уражваюць і арыгінальныя клумбы, і малыя архітэктурныя збудаванні, і штучнае возера. Да халадоў падворак упрыгожваюць яркія фарбы шыкоўных  кветак. Ідэі па афармленні тэрыторыі Канстанцін Іванавіч чэрпае ў асноўным  з  журналаў і інтэрнэту. А галоўным памочнікам у стварэнні прыгажосці з’яўляецца дворнік Канстанцін Філон. І гэта далёка не ўвесь іх уклад у адраджэнне роднай вёскі, што атрымала статус аграгарадка. Працавітыя рукі прыкладаюцца да кожнай добрай справы на карысць роднага краю, будзь то добраўпарадкаванне вуліц ці рэстаўрацыя царквы.


У планах Канстанціна Іванавіча – устанавіць каля мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу новыя архітэктурныя збудаванні: млын і замкі з камянёў. А свае надзеі на далейшыя прыступкі росту ў культурным жыцці вяскоўцаў дырэктар звязвае са з’яўленнем ва ўстанове культарганізатара і акампаніятара. Жыцць і працаваць у аграгарадку дырэктар лічыць і прэстыжным, і перспектыўным.


Ці не праз такія вось адносіны да справы, улюбёнасць у родныя мясціны, эстэтычны густ і гаспадарліваць выхоўваецца агульная культура? Чалавек, які знаходзіць захапленне ў прафесіі, уласным прыкладам паказвае, як трэба клапаціцца пра агульны дом, сваю малую радзіму, будзе несці ў свет толькі добрае, светлае і карыснае.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *