З АСЭНСАВАННЕМ ВЕЛІЧЫ ПРЫЗНАЧЭННЯ

Грамадства

працуе калектыў Малажынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі


Навошта Беларусі аграгарадкі? Каб у людзей была матывацыя жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Для гэтага і ствараецца адпаведная інфраструктура. У кожнага з узорных пасяленняў – сваё аблічча, але дзяржаўныя гарантыі на даброты цывілізацыі –агульныя. “Пагоду ў доме”, як вядома, вызначаюць такія неабходныя ў паўсядзённым жыцці атрыбуты, як забеспячэнне вадой, газам, электрычнасцю, сродкамі сувязі, грамадскім транспартам. А яшчэ – магчымасць атрымліваць адукацыю, займацца фізічнай культурай і спортам, творча развівацца. І, вядома ж, разлічваць на медыцынскую дапамогу ў выпадку захворвання.


Малажынская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі – менавіта тая ўстанова, дзе можна без праблем зрабіць электракардыяграму,  здаць  аналізы, атрымаць  фізіяпрацэдуры, па-правіць здароўе ў дзённым стацыянары, набыць лекавыя прэпараты. На месцы арганізавана вакцынацыя насельніцтва.


Такі  падыход   да  аказання медыцынскіх  паслуг пазбаўляе пацыентаў  ад  значнай траты часу і пераездаў – не патрэбна накіроўвацца ў раённы цэнтр. У аграгарадку  можна разлічваць і на прафесійную кансультацыю, параду,   і  на   кваліфікаваную дапамогу.   Зручна  і  камфортна.


Толькі ў мінулым  годзе, па словах галоўнага ўрача Брагінскай ЦРБ Ігара Кірэні, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Малажынскай амбулаторыі, у тым ліку набыццё мэблі і фізіятэрапеўтычнага абсталявання, пайшло 25 мільёнаў рублёў. Персанал адчувае падтрымку і ўвагу, заклапочанасць у паляпшэнні іх умоў працы, зацікаўленасць у развіцці пярвічнай медыцынскай дапамогі не толькі з боку кіраўніцтва, але і мясцовага сельскага Савета, які да нядаўняга часу ўзначальваў Уладзімір Прусянок, раённай улады – галіну аховы здароўя курыруе намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва. У такой атмасферы ўзаемаразумення хочацца і сумленна працаваць, і заваёўваць большы давер, каб быць карыснымі людзям. А ад мясцовых жыхароў, дарэчы, аб работніках амбулаторыі можна пачуць толькі самыя цёплыя словы.


– Добразычлівыя і ветлівыя, чулыя і душэўна шчодрыя, з клапатлівымі рукамі, – не пакінула сумненняў у высакароднасці людзей у белых халатах Тамара Сяргееўна Краўчанка, якая на момант нашага візіту ў амбулаторыю якраз праходзіла курс лячэння ў дзённым стацыянары. І тут жа, ведаючы сціпласць “сваіх” медыкаў, з гонарам дадала:


– Невыпадкова  ўзнагароджаны   дыпломам  другой   ступені.


Яго калектыў атрымаў ад абласнога ўпраўлення і арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя ў 2010 годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў аказання медыцынскай дапамогі сярод амбулаторый урача агульнай практыкі. І гэта, безумоўна,  абавязвае трымаць высокую марку прафесіяналаў, заставацца вернымі абранай справе, імкнуцца да самаўдасканалення. А адчуванне сваёй значнасці і асэнсаванне велічы прызначэння прыходзіць  са словамі  шчырай  удзячнасці за кваліфікаванае лячэнне, вяртанне радасці жыцця.


Нішто так не сагравае, як добрыя водгукі пацыентаў.


– І наведаюць, і пацікавяцца самаадчуваннем, і своечасова прыйдуць на дапамогу. З палону хвароб мяне асабіста выратоўвалі не раз, – выказалася аб мясцовых медработніках пенсіянерка Марыя Барысаўна Плюшчай, якая прыйшла ў амбулаторыю па лекі. –  Ігараўна вось пабывала ў мяне літаральна ўчора.


Так (Ігараўна) называюць мясцовыя жыхары ўрача агульнай практыкі Марыю Казакову, якая пачала сваю працоўную дзейнасць у Малажыне са жніўня 2010 года пасля заканчэння Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта. Яшчэ малады спецыяліст, а ўжо добра прыкметна, што з такім работнікам можна звязваць самыя лепшыя надзеі: відавочна імкненне  самаўдасканальвацца і прафесійна расці. Не кожны, згадзіцеся, будзе цікавіцца, развіццём аналагічнай дзейнасці (у даным выпадку – сямейнай медыцыны) за мяжой. А Марыя Ігараўна нават выказала жаданне пабываць на тыднёвым семінары ў Аўстрыі, які праходзіў з удзелам калег з розных краін свету, у тым ліку Польшчы, Велікабрытаніі, Амерыкі, Харватыі. І вярнулася з дыпломам за лепшы вынік у тэсціраванні. 


Тэма сямейнай медыцыны, дарэчы, была выбрана невыпадкова: спецыяльнасць урача агульнай практыкі, як патлумачыла Марыя Ігараўна, для Беларусі маладая. Гэта па сутнасці аналаг сямейнага доктара. А яго дзейнасць як асноўнай фігуры пярвічнай медыцынскай дапамогі  даўно практыкуецца і карыстаецца поспехам ва многіх краінах Еўропы. Пад увагай такога спецыяліста – індывідуальныя асаблівасці кожнага члена сям’і, што дазваляе ўлічваць тыя ці іншыя фактары пры лячэнні. Ён адчыняе чалавеку дзверы ў сістэму аховы здароўя: вырашае, накіраваць хворага на шпіталізацыю ці ў стацыянар, на абследаванне ці кансультацыю вузкага спецыяліста. Таму быў вельмі цікавы і карысны вопыт такой формы работы замежных калег, з якімі Марыя Ігараўна падтрымлівае сувязь дагэтуль – дапамагае добрае валоданне англійскай мовай.


На абслугоўванні Малажынскай  амбулаторыі зараз больш за тысячу  чалавек  з 13 сельскіх населеных пунктаў.  Звяртаюцца сюды за дапамогай і жыхары Лоеўскага раёна: за лічаныя кіламетры прыязджаюць з Сяўкоў. Спецыяльная камп’ютарная праграма дазваляе ствараць базу даных стану здароўя замацаванага за ўстановай насельніцтва. А скарачаць адлегласць, весці прыём у найбольш аддаленых вёсках Крыўчы і Жылічах дапамагае санітарны аўтамабіль, вадзіцелем якога з’яўляецца Вячаслаў Прымак.


Аб такіх выгодах у пачатку сваёй дзейнасці медыцынская сястра Ніна Чарнянок, якая побач з малажынцамі ўжо больш  20 гадоў, не магла і марыць. Колькі пацыентаў прайшло праз яе залатыя рукі і чулае сэрца – не злічыць! Першы вопыт набывала яшчэ пры  фельчару  Івану  Трафімавічу  Чарнянку,  які  выратоўваў раненых у гады Вялікай Айчыннай вайны.


А  вось  ураджэнка  Брагіна Надзея Кур’ян працуе ў амбулаторыі толькі са жніўня. Яшчэ вучаніцай школы марыла стаць ці педагогам, ці медыкам. Апошняе перамагло. Пасля заканчэнне Гомельскага медыцынскага каледжа вярнулася ў раён фельчарам. І, як цяпер разумее, багаж набытых ведаў каштоўны толькі пры падмацаванні іх практыкай, а прафесіяналізм медработніка вызначаецца не адной адукацыяй. Людзі чакаюць і маральную падтрымку, і спагаду, і дабрыню.


Прыемна, што маладыя спецыялісты  задаволены  не  толькі ўмовамі  працы,  але  і  жыцця.


– Не  ў  кожным раёне можна назіраць  такія  адносіны да ўчарашніх выпускнікоў ВНУ і  сярэдніх  спецыяльных устаноў, – заўважае  Марыя Ігараўна. – Мне  ёсць  да  каго  звярнуцца за  дапамогай па любых пытаннях,  адчуваецца  аднадумства  і разуменне. І жыллёвыя ўмовы  –  цудоўныя. На ўласным  вопыце  ўпэўнілася: для  замацавання кадраў на  Брагіншчыне робіцца ўсё  магчымае.


Ды  не  ўсе  вось, шкада, застаюцца – пасля тэрміну адпрацоўкі  многія   накіроўваюцца  недзе ў горад. І ніякімі сацыяльнымі гарантыямі ці перспектывай кар’ернага росту не ў сілах утрымаць кожнага пацярпелы ад чарнобыльскай катастрофы раён. Але ўжо тое, што моладзь застаецца ўдзячнай за клопат, цёплы прыём і гасціннасць, сагравае. Вельмі важна адчуць сваю запатрабаванасць на прафесійным шляху з першых крокаў.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *