За ўласныя сродкі

Сельское хозяйство

Прывесці  ў  належны стан фермы, рэканструяваць іх, прычым за ўласныя сродкі, устанавіць сучаснае абсталяванне  – такое даручэнне даў кіраўнік дзяржавы ў час паездкі па рэгіёнах рэспублікі. Нядаўна ў нашым раёне  пабываў  начальнік  аддзела будаўніцтва камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні  аблвыканкама  Сяргей  Альчыкаў,  які  пазнаёміўся  з  ходам работ.


Згодна з распрацаванай праграмай, усе гаспадаркі будуць мадэрнізаваць жывёлагадоўчыя памяшканні ў залежнасці ад вытворчых патрэб.  КСУП імя Жукава, напрыклад, запланавала рэканструкцыю фермы ў  Конанаўшчыне, а “Брагінскі” – у Лубеніках. Яны будуць прыстасаваны пад бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы з паточна-цэхавай вытворчасцю малака. Такія ж работы  выканаюць   у  бягучым  годзе  і  ў  Новай  Грэблі  (КСУП “Чамярыскі”). Даільны малочны блок з’явіцца на цэнтральнай ферме КСУП  “Брагінка”, КСУП “Малажынскі” рэканструюе МТФ у Юркавічах, дзе будзе бяспрывязнае ўтрыманне буйной рагатай жывёлы і даільны малочны  блок  з  устаноўкай  “Елачка” .


У  КСУП  “Пераможнік” аб’ектам прымянення сілаў і сродкаў стане ферма ў Зарэччы, на якой  прадугледжаны цахі раздою, вытворчасці малака і сухастойны, мабільная раздача кармоў. КСУП “Саўгас “Камарынскі”  скіруе намаганні  будаўнікоў  на  аб’ект “Прудавіца”, каб тут з’явіліся ПДУ-8 (даільная   ўстаноўка),  кармавы  стол.


Ужо сёння неабходна падлічыць, колькі цэменту і драўніны спатрэбіцца пад запланаваны аб’ём работ. Дарэчы,  у мэтах эканоміі  лес рэкамендавана  нарыхтоўваць  на корані.  А  вось абсталяванне давядзецца набываць  у  лізінг. Мадэрнізацыя ў кожнай гаспадарцы  мінімум  па  адной  МТФ  прадугледжвае  не  толькі  стварэнне неабходных умоў для жывёлы, механізацыю ўсіх працэсаў, але і клопаты аб паўнацэннай, збалансаванай кармавой базе, павелічэнне пагалоўя жывёлы. Гэта не патрабуе праектна-каштарыснай дакументацыі,  тады  як будаўніцтва – у абавязковым  парадку,  а  значыць, дадатковыя расходы і час.


Ніна  Сінілава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *