Змяніць адносіны, выкарыстоўваць ашчадна

Сельское хозяйство

На 23 снежня 2011 года ў гаспадарках раёна было адрамантавана дзевяць трактароў, два плугі і столькі ж пагрузчыкаў, глебаапрацоўчы агрэгат. Згодна з графікам падрыхтоўкі тэхнікі, у снежні планавалася паставіць на лінейку гатоўнасці яшчэ 14 трактароў, кормаўборачны камбайн, шэсць плугоў, бульбасаджалку, тры пагрузчыкі, машыну для ўнясення арганічных угнаенняў. Аднак работы не выкананы, у рамонтных майстэрнях часовае зацішша. Многія механізатары зараз у водпуску, іншага часу для адпачынку ў іх не было, бо напружана працавалі ўсю пасяўную і ўборачную кампаніі. Ды і цёплая восень, першыя зімовыя месяцы дазволілі весці ворыва, каб зменшыць аб’ём палявых работ вясной,  так што  і  тэхніка  была    задзейнічана. Рамонт сельгасмашын  часова давялося адкласці.  Гэта не азначае, што ім ніхто не займаецца, але ж у папярэднія гады на гэты час было зроблена больш.


У КСУП імя Жукава ў рамонтнай майстэрні н.п. Буркі знаходзяцца два “Беларусы” 1221 (патрэбен рамонт счаплення), у Мікулічах рамонту рухавіка чакаюць “Беларус” 1523 і 952. Без задніх колаў “Беларус” 1221, якому неабходна і турбіна. Каб паставіць у строй пагрузчык “Амкадор” (рамонт гідраўлікі), выкліканы дыягносты, якія ацанілі сваю паслугу  ў два мільёны рублёў. Тры аўтамабілі ЗіЛ (у двух – счапленне, у 3-м – рухавік) таксама прастойваюць. Запчасткі да іх заказаны, але аплата не праведзена.


Няспраўныя два трактары айчыннай вытворчасці ў КСУП “Брагінка”. Адзін “Беларус” 1523 “падлечаць” у ААТ “Брагінаграсэрвіс”. У КСУП “Брагінскі” рамантуецца дыскатар АДУ-6, свой “Беларус” накіраваў у “Брагінаграсэрвіс” і КСУП “Чамярыскі”. Малажынцы рыхтуюць да вясны тэхніку ў сваёй майстэрні: і трактары, і пагрузчык, і дыскатар.


КСУП “Пераможнік” рыхтуе да выхаду ў поле “Беларус” 1221 і 1523, у КСУП “Саўгас “Камарынскі” на рамонце знаходзяцца тры АКШ, “Беларус” 82 і аўтамабіль МАЗ.


Запасныя часткі заказваюцца, але аплачваюцца гаспадаркамі не ў поўным аб’ёме. Да пачатку палявых работ застаецца два месяцы, неабходна ў першую чаргу падрыхтаваць глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, сеялкі.  Рамонт тэхнікі неабходна паскорыць. Пяць рухавікоў да трактароў здалі на Гомельскі маторарамонтны завод. У большасці гаспадарак нашага раёна ёсць пункты ТО, што дазваляе выконваць адпаведныя работы. Тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў  праводзіць ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Восенню два трактары адрамантаваў тут КСУП “Пераможнік”, праўда, для гэтага яму давялося купляць запчасткі самому.


Калі б абслугоўваючая арганізацыя магла набываць запчасткі, гэта намнога аблегчыла б справу з рамонтам сельгасмашын, ды і зрабіла яго больш танным. Плануем наладзіць на базе адкрытага акцыянернага таварыства падрыхтоўку прычапнога інвентару, машын для ўнясення ўгнаенняў, апрацоўкі глебы.


Згодна з разлікамі, для падрыхтоўкі сельгастэхнікі да палявых работ у 2012-м годзе неабходна 3195 млн рублёў, для рамонту трактароў – 755 млн, зернеўборачных камбайнаў – 815 млн, кормаўборачнай тэхнікі – 595 млн і прыкладна столькі ж –  глебаапрацоўчай і пасяўной. Падрыхтоўка зернеачышчальнай і сушыльнай абыдзецца ў 160 млн, а бульбаўборачнай – 285.


Ёсць 1027 млн рублёў, з іх 572 млн – уласныя сродкі, 475 – крэдыты банкаў (забяспечанасць – 32%). Увагу на гэтых лічбах сканцэнтраваў невыпадкова. Кошт запасных частак сёння вялікі, таму спатрэбіцца жорсткі кантроль за эксплуатацыяй тэхнікі  з боку кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў. І не толькі інжынернай службы, але і іншых, у чыё распараджэнне трапляе.


Грошы ж на  рамонт выдаткоўваюцца з агульнай касы, таму і падыход да агульнага багацця павінен быць гаспадарскі.


Мікалай СВІРЫДЗЕНКА,
галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *