БЕЗ ДАКОРУ СУМЛЕННЯ

Грамадства

Жыццё  проста  нялітасціва падкідвае чалавеку праблемы. Дробныя і вялікія. Але ёсць сферы жыцця, дзе яны адчуваюцца асабліва востра і балюча. Як, напрыклад, парушэнні закону ў падлеткавым асяроддзі. Жудасна, згадзіцеся, гучыць: дзіцячая злачыннасць. Кожнае з гэтых двух слоў нясе ў сабе розную сэнсавую нагрузку. Такія, здаецца, далёкія адзін ад аднаго паняцці. Але  дзе, калі і чаму яны сустракаюцца і пераўтвараюцца ў сацыяльны фактар, які, безумоўна, не прыносіць карысці і гонару нашаму грамадству? Больш таго – пагражае пад самы корань. 


Гэтая хвалюючая тэма стала ключавой на сумесным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзе-йных  сем’ях”. У ліку прысутных – кіраўнікі  ўстаноў адукацыі, старшыні мясцовых Саветаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне,  іншыя зацікаўленыя асобы. Абмяркоўвалі праблемы, дзяліліся  вопытам, выказвалі  пажаданні  і прапановы, раіліся,  падводзілі  вынікі работы  за  мінулы год.  Аб  недахопах  і праліках гаварылі адкрыта. 


Трывожныя лічбы  і факты:



  • колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, вырасла на 25%: з васьмі ў 2010-м да дзесяці ў 2011-м, пераважаюць крадзяжы;

  • амаль  у  два  разы павялічыліся правапарушэнні:  больш чым у мінулым годзе  зарэгістравана хуліганстваў, выпадкаў затрымання непаўналетніх у нецвярозым стане, а таксама без святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак, фактаў кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць на тое правоў;

  • да адміністрацыйнай  адказнасці прыцягнута 17 бацькоў  за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей.

Сумная статыстыка прымусіла прысутных шукаць адказ на пытанне, што і дзе ў прафілактычнай дзейнасці ўпусцілі, не пракантралявалі, як спыніць зло з дзіцячым тварам. Сітуацыя, дарэчы, выглядае наступным чынам: з дзесяці злачынстваў чатыры – на рахунку аднаго вучня. А “крымінальны сюжэт” наступны: у маі падлетак вярнуўся з лячэбнай установы закрытага тыпу, у час летніх канікулаў дапамагаў у гаспадарчых справах бацькам, а з пачаткам навучальнага года здзейсніў  чатыры крадзяжы, у тым ліку тры – у школе. І ніякія ўздзеянні не змаглі прадухіліць гэтыя ўчынкі, хаця індывідуальная работа вялася як з непаўналетнім, так і з яго бацькамі. Відаць, выпадак з той рэдкай катэгорыі, калі ўзяць нешта чужое ўжо “хвароба”. У наяўнасці схільнасць да прысвойвання рэчаў, што, як кажуць, дрэнна ляжаць. А чаму б не скарыстацца магчымасцю, калі ў адкрытых класах без прыгляду пакідаюцца мабільныя тэлефоны, грошы?..  У падобных выпадках (і не толькі ў школе) мы самі ствараем умовы для крадзяжу: заходзь, калі ласка, злодзей. Як вынік – існуе і праблема звычайнай неасцярожнасці, безадказнасці, нядбайнасці да захавання ўласнай маёмасці. З дзецьмі патрэбна весці растлумачальную работу. Асабліва, калі побач займаюцца ці праводзяць вольны час падлеткі, схільныя да правапарушэнняў.


Ад кіраўнікоў школ таксама прагучала прапанова часцей бываць ва ўстановах адукацыі супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў, каб весці дыялог з вучнямі. Прычым у даходлівай і зразумелай форме, улічваючы, што насупраць  – дзіцячая аўдыторыя. Жывое  і сур’ёзнае, падрыхтаванае на высокім узроўні выступленне міліцыянера, разлічанае на ўсведамленне адказнасці за неабдуманыя ўчынкі, куды больш дзейснае і эфектыўнае, чым павучанні настаўніка.


Сітуацыя, увогуле, абавязвае зацікаўленыя службы працаваць на агульны вынік больш узгоднена, у цесным кантакце і ўзаемасувязі. Хаця нельга сказаць: дзеці з так званай групы рызыкі выпалі з-пад кантролю. У раёне многае робіцца для таго, каб яны нават у вольны час знаходзіліся ў полі зроку, былі занятымі, выбіралі правільныя жыццёвыя арыенціры. Гэта пацвярджаюць і шматлікія мерапрыемствы, і акцыі, і працоўныя дэсанты, і шэфская дапамога, і дзейнасць арганізаваных у канікулярныя перыяды лагераў…  Усё, безумоўна, станоўча ўплывае на падлеткаў і спрыяе папярэджанню злачынстваў. Але спрагназаваць, прадбачыць учынак кожнага немагчыма. Адзіны шлях – выкарыстоўваць усе магчымыя рэзервы, каб не адчуваць дакору сумлення, і памятаць: будучыня пачынаецца сёння.


Удвая складаней працаваць, калі ўхіляюцца ад выхавання сваіх сыноў і дачок бацькі: звычайна цеплыні, увагі, клопату і любові, атрыманых у дастатковай колькасці ў дзяцінстве, хапае на ўсё жыццё.  А гэта магчыма толькі пры ўмове здаровай эмацыянальнай атмасферы ў сям’і. Таму і не дзіўна, што поруч з праблемай падлеткавай злачыннасці стаяць пытанні абароны дзяцей ад…  самых  блізкіх  і родных лю-дзей, іх чэрствасці, самадурства і безадказнасці.
Вялікі прафілактычны эфект дае Дэкрэт №18, які прымусіў гора-бацькоў адчуць не на словах: весці “вольны” лад жыцця нікому не дазволяць. За знаходжанне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні – плаціць!


Калі  асоба – абавязаная



  • на першае студзеня бягучага года на ўліку ў судзе Брагінскага раёна знаходзіцца 57 асобаў, абавязаных вяртаць дзяржаве расходы, затрачаныя на ўтрыманне іх непаўналетніх дзяцей;

  • за мінулы год кампенсавана  63% даўгоў.

Сярэднеабласны паказчык, праўда, некалькі вышэй – 68%, але зрухі ў набліжэнні да яго прасочваюцца. Вядзецца барацьба з прагуламі, разглядаюцца магчымасці забеспячэння абавязаных асобаў з нізкімі заробкамі больш высокааплатнай працай. За перыяд дзейнасці Дэкрэта ў біялагічныя сем’і вернута 64,5 працэнта дзяцей (сярэднеабласны паказчык – 55,6%).


Падводзячы вынікі пасяджэння, старшыня камісіі і каардынацыйнага савета Ганна Бабрынёва падкрэсліла важнасць той сумеснай работы, якая павінна будавацца на праяўленнях розуму, чалавечнасці і велікадушша. Любая негатыўная з’ява ў грамадстве – адказ на нашу абыякавасць і няўвагу, нежаданне абцяжарваць сябе “лішнімі” клопатамі.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *