І Ў МАРАЗЫ ГОРАЧА

Грамадства

Хаця і са спазненнем, але шчодра надзяліла прырода зямлю і белым абрусам, і траскучымі маразамі. Зіма за акном яшчэ тая! Недаравальна ў лютаўскія дзянькі ўвесь вольны час праводзіць каля экрана тэлевізара. Лепш накіравацца за бадзёрым настроем. Напрыклад,  на каток.


Штогод, як толькі за акном усталёўваецца трывалы мінус, супрацоўнікі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пад кіраўніцтвам Уладзіміра Корхава  пачынаюць заліваць ледзяную пляцоўку.  Сёлета гэта надвор’е дазволіла зрабіць толькі ў канцы студзеня. Але  ўжо з самых першых дзён каток дружна акупіравалі і дзеці, і дарослыя, якія паспелі засумаваць па зімовых відах спорту, таму не пуставала пляцоўка нават у лютыя маразы. Усе жадаючыя выходзяць на лёд згодна з  распрацаваным графікам.


Панядзелак-пятніца: з 14.00 пачынаюцца трэніроўкі для тых, хто толькі далучаецца да гульні сапраўдных мужчын, з 16.00 да 17.30 адшліфоўвае сваё майстэрства юнацкая хакейная каманда, а потым набіраюць размах масавыя катанні, якія доўжацца ажно да 20.30. Па аўторках і чацвяргах з 20.30 да 22.00 ёсць магчымасць удасканаліць хакейную  тэхніку ў спартсменаў-аматараў з ліку дарослых, іх наперадзе  чакаюць  сяброўскія  матчы з прадстаўнікамі  Украіны і г. Хойнікі.  А вось у выхадныя адпачынак на лёдзе – для ўсіх жадаючых, адведзены  для гэтага  час – з 15.00 да 20.30.


–У сярэднім за дзень, – прыкмячае Уладзімір Міхайлавіч, – на канькі становяцца чатыры дзясяткі чалавек. Узрост захопленых – ад першакласнікаў да пенсіянераў.


Што ж датычыць прэйскуранта, то для школьнікаў, якія аддаюць перавагу катанню ў сваёй экіпіроўцы, выхад на лёд каштуе 1500 рублёў за гадзіну, для дарослых – 2500. А з пракатам канькоў гэтыя сумы адпаведна павялічваюцца ўдвая.


Каб падтрымліваць вынікі сваёй працы, работнікі школы пільна сочаць за станам створанай пляцоўкі. Яе штодня, перад пачаткам катанняў,  выраўноўваюць, паляпшаючы якасць пакрыцця. На гэта, як правіла, затрачваецца ад дзвюх з паловай да трох гадзін. Прычым усё – уручную.


Сёлета, дарэчы, па словах Уладзіміра Міхайлавіча, іх вопыт у падрыхтоўцы ледзяной пляцоўкі зацікавіў калегу з Крыўчанскай школы – настаўніка фізічнай культуры Фёдара Протчанку. У выніку і ў вёсцы ўласнымі сіламі стварылі цудоўны каток, на якім ужо ва ўсю моц разгортваюцца хакейныя баталіі. 


Дык можа хопіць, лежачы на канапе, назіраць за зімовымі гульнямі ці піруэтамі зорных спартсменаў, калі эмоцыі кіпяць зусім побач? Пакуль трымаюцца маразы і ляжыць снег,  варта ўзяць канькі або лыжы – і на свежае паветра! Гэта весела, займальна і проста здорава.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *