Тысячы радкоў даўжынёю ў 80 гадоў

Грамадства

Імкліва бяжыць час. Здаецца, і не так ужо даўно выйшаў першы нумар “Трыбуны калгасніка”, органа Брагінскага раённага камітэта камуністычнай партыі Беларусі і райсавета, а глядзі – 19 лютага мясцоваму выданню  спаўняецца 80 гадоў. Ды якіх гадоў! Насычаных падзеямі, якія па сутнасці змянілі і аблічча нашых гарадоў і вёсак, і ў большай ступені – свядомасць людзей. І ўсе гэтыя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне на старонках раёнкі.


З першага свайго выпуску газета, як сведчаць яе старонкі,  асвятляла ўсе бакі развіцця сельскай гаспадаркі, калгаснага будаўніцтва, прамысловасці і культурна-масавай работы раёна. Яна  выходзіла  двойчы  ў  тыдзень фарматам 1/4 друкаванага аркуша.


У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі раён акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі,  дзейнасць мясцовага выдання была часова перарвана і аднавілася толькі пасля вызвалення 23 снежня 1943 года Брагіншчыны.


Ужо праз тыдзень выйшаў першы пасляваенны нумар. Захавалася ранейшая назва і перыядычнасць, але з-за недахопу паперы асобныя нумары выходзілі фарматам 1/8 друкаванага аркуша.


У 1955 годзе фармат газеты павялічыўся да паловы друкаванага аркуша. Яна пачала выходзіць тройчы ў тыдзень.


У 1962-м узнікла пытанне аб змене назвы газеты. Так сталася, што на базе шэрагу калгасаў утварыліся саўгасы і, зразумела, «Трыбуна калгасніка» ўжо не адпавядала свайму зместу. Рашэннем бюро райкама КПБ яна была перайменавана ў «Прамень камунізму».


У гэтым жа годзе на базе Брагінскага, Камарынскага (Камарынская раённая газета выдавалася з 11 красавіка 1931 года, спыніла сваё існаванне ў сакавіку 1962 года ў сувязі са скасаваннем Камарынскага раёна) і Хойніцкага раёнаў узнікла вытворчае калгасна-саўгаснае ўпраўленне з цэнтрам у Хойніках, і менавіта там стала выходзіць адно на ўсіх перыядычнае выданне. Выпуск раёнкі часова спыніўся.


У сакавіку 1963-га Хойніцкае ўпраўленне было падзелена, з трох раёнаў створаны два – Хойніцкі і Брагінскі. А 16 сакавіка зноў выйшла ў свет газета Брагінскага калгасна-саўгаснага ўпраўлення, ужо пад назвай «Маяк Палесся», з якой яна крочыць па жыцці і сёння. Праўда, з 24 лютага 1995 года рэдакцыя змяніла сваё падначаленне. Заснавальнікамі сталі Брагінскі раённы Савет дэпутатаў, Брагінскі райвыканкам і працоўны калектыў.


Як бачыце, паважаныя чытачы, змяняўся час, змяняліся назвы газеты, а патрабаванні да яе, назначэнне мясцовай прэсы засталіся тымі ж – інфармаваць насельніцтва аб тым, што адбываецца ў краіне, вобласці, раёне, натхняць людзей на добрыя справы і ўчынкі, выхоўваць пачуццё патрыятызму, расказваць аб людзях-працаўніках, школьніках, пенсіянерах. Падчас пастаяннага і плённага дыялогу з чытачом газета заўсёды ўздымае найбольш вострыя і актуальныя тэмы.


Жыццё ў правінцыі ніколі не спыняецца. Наадварот, калі параўноўваць яго з ранейшым, то сёння яно больш нагадвае крыніцу, з дна якой падымаюцца парай магутныя гейзеры. Таму толькі паспявай прыкмячаць і па-добраму расказваць аб пераменах, крочыць у нагу з часам.


І мы пішам. Паведамляем навіны, расказваем аб вашых поспехах. Наша работа – такая ж, як і ваша: на карысць грамадству.


Калектыў наш невялікі, але  працалюбівы і працаздольны. Нядаўна галоўны рэдактар газеты “Гомельская праўда” Сяргей Бяспалы сказаў цудоўныя, на мой погляд, словы: “Не можа быць моцным кіраўнік, у якога слабая каманда…” Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што ў нашай раёнцы працуюць глыбока адданыя сваёй справе, з вялікім творчым патэнцыялам людзі.


Усё сваё жыццё прысвяціла раённай журналістыцы Ніна Сінілава. Хаця асноўны накірунак яе дзейнасці – радыё “Голас Брагіншчыны”, але яна шмат піша для газеты. Героямі яе публікацый з’яўляюцца жывёлаводы і паляводы, настаўнікі і работнікі культуры, ветэраны вайны і працы, адным словам, людзі. З вялікай любоўю, па-майстэрску Ніна Міхайлаўна раскрывае перад намі характары сваіх герояў. Менавіта за гэта яе публікацыі так любяць чытачы.


З 9 сакавіка 1994 года працуе ў нашай раёнцы Галіна Шаўчэнка. Зараз яна займае пасаду адказнага сакратара. Гэта правая рука рэдактара. Кожны журналісцкі матэрыял праходзіць праз яе рукі перад тым, як трапіць на газетную паласу.  Галіна Адамаўна – натура непаседлівая, творчая. Яе тэматычная старонка  “Духоўнасць”– адна з самых чытаемых сярод падпісчыкаў. А яшчэ яна прафсаюзны лідар, што сведчыць аб асаблівым аўтарытэце ў калектыве.


Рэдакцыя газеты – установа, куды паступае шмат лістоў. Загадчыцай аддзела пісьмаў працуе Валянціна Бельчанка. Ужо ў каго-каго, а ў яе словы заўсёды прадуманыя, вывераныя – сем разоў, як кажуць, адмерае, перш чым  напісаць. Валянціна Пятроўна заўсёды ўважліва выслухоўвае наведвальніка, дае слушныя парады. Можа, менавіта пагэтаму назіраецца такі вялікі наплыў пазаштатнай карэспандэнцыі. Дарэчы, дзякуючы яе намаганням, гэтая карэспандэнцыя ў большай частцы сваёй знаходзіць месца на старонках газеты.


Ці падабаецца вам газетная паласа без фотаздымкаў? Журналісты называюць такую старонку “сляпой”. Назіраючы за людзьмі, якія бяруць у рукі газету, заўважыў, што ў першую чаргу зрок спыняецца на фотаздымках і выклікае пэўныя душэўныя пачуцці. Вось чаму ў рэдакцыі адной з  галоўных фігурх з’яўляецца фотакарэспандэнт. “Маяку Палесся” тут вельмі пашанцавала. Вольга Паляшчук  умее  “злавіць” імгненне, дзе чалавек без “маскі” на твары,  такі, якім яго стварыла прырода. Яшчэ ёсць у Вольгі Аляксандраўны талент напісаць артыкул, які за душу хапае. Яе публікацыі на прававыя тэмы, аб праблемах моладзі заўсёды выклікаюкь непаддзельны інтарэс у чытачоў. Многа часу ўдзяляе сайту газеты. Апрача гэтага, яна яшчэ і цудоўны верстальшчык.


З 1999 года  пасаду галоўнага бухгалтара займае Ларыса Каленчанка. Ад яе намаганняў ва многім залежыць фінансавая стабільнасць  установы. Ларыса Мікалаеўна вельмі сціплая, старанная, акуратная ў падліках. Як у дбайнай і руплівай гаспадыні, у яе заўсёды сходзяцца выдаткі і даходы. Так, яе подпісу не ўбачыш на старонках газеты. Але для тых, чые подпісы там ёсць, самымі прыемнымі хвілінамі стабільна два разы ў месяц з’яўляюцца яе словы : “Аванс, заработную плату я вам пералічыла”.


Матэрыялы на палосах размяшчае старшы аператар электроннага набору і вёрсткі Валерыя Раманюк. Менавіта яна вярстае тэксты,   “уклейвае”фотаздымкі  і перадае электронны варыянт газеты ў друкарню. І хаця на гэтай пасадзе Валерыя Вітальеўна працуе толькі год, але ўжо дасканала засвоіла ўсе тонкасці вельмі няпростай і адказнай работы, улілася ў калектыў, стала сваёй.


Многа добрых і ўдзячных слоў заслугоўвае наш вадзіцель Мікалай Жураў. У любую хвіліну аўтамабіль, якім ён кіруе, гатовы выехаць да месца падзеі. Мікалай Дзмітрыевіч   – вадзіцель ад Бога. З ім у дарозе кожны з супрацоўнікаў адчувае сябе ў бяспецы, вельмі спакойна.


Як бачыце, усе супрацоўнікі рэдакцыі сапраўдныя прафесіяналы ў сваёй справе. І само сабой зразумела, што той духоўны прадукт, які яны рыхтуюць, не можа не быць запатрабаваны. Нас вельмі радуе, што тыраж газеты расце, хаця колькасць жыхароў штогод скарачаецца.


Вельмі важна і тое, што наша друкаванае выданне мае свой твар і свой почырк, што і праз 80 год журналісты працягваюць слаўныя традыцыі, якія склаліся ў газеце з дня яе заснавання.


Дзесяцігоддзі састарылі, выжаўцілі паперу, але цвёрда і ўпэнена глядзяць з гэтых газетных старонак куцыя радкі. Кожны нумар – гісторыя нашага раёна. Ва ўсіх яна агульная, а ў кожнага – свая. У гэтых радках – жыццё нашых дзядоў, маладосць нашых бацькоў, наша мінулае і сучаснае. Вось яны перад нашымі вачыма, гэтыя тысячы і тысячы слоў і радкоў даўжынёю ў 80 гадоў.


Сёння трэба сказаць дзякуй усім, хто ўнёс хоць адзін сціплы радок у гэту гісторыю. Дзякуй чытачам, што захавалі прыхільнасць да газеты. Дзякуй паштальёнам, якія дапамагаюць нам павялічваць колькасць падпісчыкаў. Дзякуй работнікам Рэчыцкай тыпаграфіі “Тытул”, якія друкуюць нашу газету. І самыя цёплыя словы ўдзячнасці і віншавання – калегам, былым супрацоўнікам “Маяка Палесся”, нашым надзейным старэйшым сябрам, чые слаўныя справы мы працягваем.


Мікалай ЧАРНАБАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *