Падсыпаўшы чарговую порцыю снегу, зіма працягвае выпрабоўваць на трываласць не толькі камунальнікаў і дарожнікаў, але і тэхніку, нашы пабудовы. Пад цяжарам белага покрыва, як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, абваліўся дах аднаго з дамоў у Галубоўцы. Пацярпелых, на шчасце, няма. Часткова пашкоджана сцяна. Але гаспадары-пенсіянеры, па словах начальніка аддзела аказання страхавых паслуг па Брагінскім раёне Святланы Данчанкі, могуць разлічваць толькі на 50-працэнтную кампенсацыю страт – большага не гарантуе абавязковы дагавор. У выйгрышы ў падобных сітуацыях, як вядома, застаюцца жыхары, якія застрахавалі сваё домаўладанне на дабравольнай аснове.
Нагадаю, што ў сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я, звязанымі з выпадзеннем вялікай колькасці снегу, раённым выканаўчым камітэтам прынята распараджэнне, згодна з якім кіраўнікам структурных падраздзяленняў, пасялковага і сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый Брагіншыны патрэбна кантраляваць стан снежнага покрыва на дахах будынкаў. Пры неабходнасці – забяспечваць іх своечасовую ачыстку. Аб уласнай бяспецы павінны таксама паклапаціцца ўладальнікі дамоў, калі гэта не адзінокія пенсіянеры – на дапамогу варта прыйсці дзецям.
Вышыня сумётаў, па даных Брагінскай метэастанцыі на шостага лютага, дасягнула ўжо 54 сантыметраў.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА