Яе жыццёвае крэда

Грамадства

Наталлю Уладзіміраўну Нікіценку ў нашым раёне ведаюць многія: і па роду былой працы, і па шматлікіх канцэртах удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, і па актыўнай жыццёвай пазіцыі. Лёс гэтай жанчыны цесна пераплецены з  Брагіншчынай. Працоўную дзейнасць пачала ў машынна-лічыльнай станцыі,  затым яе запрасілі ў авіяметэаралагічную. Адначасова вывучалася ў Гомельскім кааператыўным тэхнікуме. У сакавіку 1985-га па прапанове райкама партыі яе прызначылі дырэктарам раённага Дома культуры. У 1986 годзе, пасля трагічных падзей на Чарнобыльскай АЭС, Наталлю Уладзіміраўну папрасілі вярнуцца на метэастанцыю. Патрэбен быў кваліфікаваны і сумленны спецыяліст, а лепшай кандыдатуры,   не знайсці.


Работа патрабавала вялікай адказнасці, даводзілася збіраць і перадаваць даныя па ўзроўні забруджанасці паветра і зямлі. Звесткі, сабраныя Наталляй Уладзіміраўнай і яе калегамі аб сітуацыі  ў раёне, патрэбны былі  ўсім службам, на іх спасылаліся, іх бралі пад увагу  падчас прыняцця адказных рашэнняў. Па словах кіраўніцтва гідраметэацэнтра рэспублікі, Брагінская метэастанцыя была ў той час форд-постам на паўднёвым усходзе краіны. Нагрузка на супрацоўнікаў павялічылася ў сотні разоў, праз кожную гадзіну неабходна было  перадаваць інфармацыю ў Маскву, Мінск, Кіеў, іншыя гарады… Былі ўстаноўлены новыя прыборы, у якіх кожную раніцу  мяняліся фільтры і дастаўляліся ў Мінск, а адтуль – у Обнінск.
Трэба аддаць належнае  Наталлі Уладзіміраўне, даныя ніколі не скажаліся. Калі вымушала сітуацыя, станавілася за трыбуну, каб расказаць, як жывуць у самым забруджаным раёне людзі, у чым маюць патрэбу, адстаяць іх правы і інтарэсы. На заслужаны адпачынак пайшла ў 2009-м з пасады начальніка метэастанцыі. Ветэран працы.


Выбіралася дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў, членам прэзідыума Беларускага экалагічнага саюза, упаўнаважаным у сферы кааперацыі.


На свет Наталля Уладзіміраўна з’явілася ў Мазыры. Тады гэта была Палеская вобласць,  і бацькі, ураджэнцы Брагіна, працавалі на адказных пасадах у  аблвыканкаме, абкаме партыі (Мазыр быў абласным цэнтрам). У сям’і выхоўвалася трое дзяцей, якія добра вучыліся. Неўзабаве сям’я пераехала ў Брагін, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва Наталлі.


Ні ў год аварыі на ЧАЭС, ні пасля нікуды не ад’язджала, наадварот, займалася грамадскай дзейнасцю. Удзельнічала ў з’ездзе Беларускага экалагічнага саюза, дзякуючы яе неабыякавасці і рашучасці ўдалося накіраваць за мяжу на аздараўленне (у Японію, Югаславію, Англію, Германію і Польшчу) 4,5 тысячы дзяцей з Брагінскага раёна. З’яўлялася прадстаўніком рэспубліканскага фонду “Дзецям Чарнобыля” на міжнародным кангрэсе, які праходзіў у Мінску з удзелам вучоных ЗША, Японіі, Канады, Аўстрыі, Англіі, Францыі і іншых дзяржаў.  Ёй было даручана выступіць з дакладам аб становішчы ў забруджаным раёне. З указкай у руках намалявала рэальную сітуацыю. Пасыпаліся пытанні, на якія давала вычарпальныя адказы.


“Ад мяне залежала няшмат, – расказвае пра тыя падзеі Наталля Уладзіміраўна, – добра, што знайшліся аднадумцы, з якімі мы рабілі агульную справу: клапаціліся пра дзяцей, іх харчаванне, адпачынак, адпраўлялі на аздараўленне ў далёкае замежжа, размяркоўвалі гуманітарную дапамогу. Заўсёды імкнулася быць карыснай людзям. Зручней было гэта рабіць, калі знаходзілася на адказнай пасадзе, але і раней, і зараз маё жыццёвае крэда – дапамагаць тым, хто побач. А ў якой гэта робіцца форме, думаю, не так і важна. Не магу прайсці міма несправядлівасці, пакінуць без увагі пакрыўджаных і хворых. Сваё меркаванне выказваю смела і магу яго адстаяць”.


Па меры магчымасці, выкарыстоўваючы свае дэпутацкія паўнамоцтвы ў 90-х гадах, была побач з людзьмі. Не парывае сувязь з брагінчанамі і зараз. Ці мала ў жыцці пытанняў? У вырашэнні людскіх праблем ёй дапамагаюць зараз аўтарытэт і павага. Яны  візітная картка Наталлі Уладзіміраўны, па якой жанчыну сустракаюць у раённых арганізацыях.


Яшчэ можна смела сцвярджаць, што і раней, і зараз мастацкая самадзейнасць Брагіншчыны трымаецца на такіх вось аматарах. Наталля Уладзіміраўна – актыўная ўдзельніца вакальнай жаночай групы “Бліскавіца” Брагінскага РДК, салістка. Самастойна падбірае  рэпертуар, з’яўляецца ініцыятарам многіх культурна-масавых спраў. Прапанавала пашыць новыя сцэнічныя касцюмы, нават сама з’ездзіла ў Гомель за тканінай.


Узгадвае, як у 1971-м агітбрыгада РДК, у складзе якой яна была, заняла першае месца на абласным конкурсе сярод аналагічных фарміраванняў сельскіх раёнаў, затым сваё першынство пацвердзіла і ў Мінску, дзе выступала на сцэне Палаца культуры камвольнага камбіната.  Запомнілася выступленне і ў самым Чарнобылі: спачатку – перад жыхарамі прыгожага гарадка, а на наступны  дзень – перад будаўнікамі атамнай станцыі. Брагінскіх спевакоў не адпускалі са сцэны, гучна апладзіравалі, а пасля канцэрта дзякавалі за талент, самабытнасць і непаўторнасць выканання.


Пастаянна наведвае аматарскае аб’яднанне “Залаты ўзрост”, дзе “падкідвае”новыя ідэі,  абазначае тэму наступных  сустрэч.


З асаблівай пашанай захоўвае Наталля Уладзіміраўна багаты радавод сваёй сям’і. У яе доме часта збіраюцца не толькі сыны і ўнукі, але і сваякі, знаёмыя. Хвіліны радасных сустрэч таленавітых і шчырых людзей нагадваюць фестываль. “Мы збіраемся не толькі для таго, каб пасязець разам за сталом, але і падзяліцца навінамі, успамінамі аб мінулым, паўдзельнічаць у гульнях і конкурсах, паспяваць, – расказвае жанчына”. Зараз яна жыве ў доме адна, але не ў адзіноце. Па даўняй завядзёнцы да яе звяртаюцца за дапамогай і парадай, бо ведаюць: Наталля Уладзіміраўна ніколі не адмовіць. Душа яе адкрыта для дабрыні і спагады.


Любоў ДУБАТДЗЕЛ,
метадыст Брагінскага РДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *