З ЛІТАРАТУРНЫХ ВЫТОКАЎ

Грамадства

Аб’ёмныя, з аднатоннымі вокладкамі тамы і яркія, рознакаляровыя кнігі з “вясёленькім” шрыфтам, глянцавыя часопісы запаўняюць бібліятэчныя стэлажы. Але любы адукаваны чалавек ведае: не ў багацці фарбаў заключаецца сутнасць. Галоўная каштоўнасць захавана ўнутры.


Менавіта прадстаўнікам нашай прафесіі больш за ўсіх бачна, як зніжаецца цікавасць у людзей да  добрай, якаснай літаратуры, асабліва – у дзяцей. Калі і прыходзяць яны ўзяць такія творы, то, як правіла, па школьнай праграме. Друкаванае слова многім замяніў інтэрнэт. Таму асабіста мяне вельмі радуе, што бягучы год аб’яўлены Годам кнігі. Гэта дае надзею на павышэнне ролі  чытання ў сучасным грамадстве, духоўны рост маладога пакалення. І менавіта бібліятэка з’яўляецца цудоўнай пляцоўкай для работы ў даным напрамку.


Мне ўвогуле пашанцавала, што сабраць юную аўдыторыю ў кніжнай скарбніцы не выклікае цяжкасцяў – з мясцовымі педагогамі імкнёмся да агульных мэтаў. Таму з задавальненнем адгукнулася на прапанову выхавальніка сацыяльнага прытулку Віктара Іванавіча Падвербнага правесці ў сельскай бібліятэцы мерапрыемства, прысвечанае Году кнігі. Выдатная магчымасць зацікавіць дзяцей, абдзеленых бацькоўскай увагай,  “лекамі для душы”, прывіць любоў да чароўнага мастацкага слова. На гэты раз Асарэвіцкая бібліятэка гасцінна адчыніла перад юнымі чытачамі дзверы, каб запрасіць іх на літаратурнае свята.


Адкрыў мерапрыемства Віктар Іванавіч, які  пазнаёміў сваіх выхаванцаў, адкуль бярэ пачатак кнігадрукаванне.  А потым усе разам здзейснілі падарожжа ў цудоўны свет кнігі.


Увазе юных чытачоў была прапанавана  кніжная паліца, аформленая ў гонар беларускіх класікаў: сёлета мы сустракаем 130-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 100-годдзе Максіма Танка.  Але размова з хлопчыкамі і дзяўчынкамі вялася не толькі пра гэтых славутых творцаў і іх заслугах у айчыннай літаратуры, але і пра дзіцячыя выданні-юбіляры, на якіх вырасла  не адно пакаленне. Многія творы К.Чукоўскага, С. Маршака і іншых аўтараў  былі размешчаны ўжо на сталах, і кожны з юных наведвальнікаў пажадаў узяць з сабой некалькі кніг, што асабліва зацікавілі.


Свае літаратурныя веды, кемлівасць і дасціпнасць дзеці прадэманстравалі, адказваючы на пытанні віктарыны. З задавальненнем яны слухалі вершы паэтаў  і выказванні пісьменнікаў аб Яе Вялікасці Кнізе.


Раю і вам, паважаныя чытачы, пранікнуцца глыбінным сэнсам  слоў Ф.М. Дастаеўскага: “Когда я вижу, как люди, не зная куда девать своё свободное время, изыскивают самые жалкие занятия, я разыскиваю книгу и говорю внутренне: этого одного довольно на целую жизнь”.


Валянціна ХМЕЛЯНОК,
бібліятэкар Асарэвіцкай сельскай бібліятэкі