З добрым настроем і СВЕТЛЫМІ надзеяМІ распачалі новы сельскагаспадарчы год працаўнікі КСУП імя Жукава

Сельское хозяйство

Падставы  для  гэтага ёсць. 2011-ты  завяршылі  з прыбыткам, справіліся  з  выкананнем прагнозных  паказчыкаў,  намецілі  планы  на  бягучы  год. У 2013-м здадуць у эксплуатацыю свінакомплекс  на  12  тысяч галоў, будуць  вырошчваць  насенне кукурузы на зерне.  Шляхоў,  якія прывядуць да павелічэння прыбытку, шмат. Кіраўніцтва і спецыялісты іх ведаюць,  упэўнена  вядуць  калектыў да  эканамічнай  стабільнасці  і  дабрабыту.


Аб гэтым усім гаварылі на справаздачным сходзе, вынікі якога падвялі ў мінулую нядзелю. Вяскоўцам было радасна ўсведамляць, што год у цэлым выдаўся для іх сельгаспрадпрыемства неблагі, ды і грашовыя прэміі атрымалі за сумленную работу, прычым немалыя сумы. А замацавала станоўчыя эмоцыі выступленне сталічных артыстаў, якія стараліся ад душы, спявалі, танцавалі, расказвалі байкі. Адным словам, зарадзілі працаўнікоў гаспадаркі энергіяй надоўга. Яны і зараз  знаходзяцца пад  ураджаннем.


Тон  у  працоўнай дзейнасці  задае кіраўнік, ад яго арганізатарскіх здольнасцяў і дзелавых якасцяў залежыць поспех гаспадаркі, настрой людзей. Пытанне, як ён сам ацэньвае вынікі работы за 2011 год,  было заканамерным. “Здавальняюча, а па некаторых пазіцыях – добра, – адказаў Рыгор Дзегцярэнка. – Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі ў суме 650 млн рублёў (у 2010-м – усяго адзін мільён), па валавым зборы зерня мы на трэцім месцы ў раёне, як, дарэчы, і бульбы. З кожнага гектара намалацілі па 35 цнт зерневых і зернебабовых (па раёне – 28,2 цнт). Вырошчванне буйной рагатай жывёлы склала 110,5% (106,3%), вытворчасць малака – 106,6% (101,5%), яго рэалізацыя – 107,8% (104,9%). Надой малака ад кожнай каровы мы павялічылі за год на 252 кілаграмы, і хаця гэта менш сярэднераённага паказчыка, але ж штодзень прыбаўлялі па 700 грамаў і атрымалі, як я і абяцаў кіраўніцтву раёна, па 4035 кг. У нас найвышэйшая таварнасць малака (84,6%).


Ведаем, над чым і як будзем працаваць сёлета.  На  будаўніцтва  свінакомплексу  нам  выдзяляюць 100 млрд рублёў, увод у эксплуатацыю запланаваны на 2013-ты. Дарэчы, летась мы рэалізавалі насельніцтву 1054 парасяці, забяспечылі маладняком уладальнікаў асабістых гаспадарак не толькі свайго, але і суседніх раёнаў. Вырашылі заняцца вырошчваннем кукурузы  на зерне  і на насенне, з гэтай мэтай заключылі дагавор з эксбазай “Крынічнае”. З  улікам  тых цэн, якія склаліся на насенне  “каралевы палёў”, павінны атрымаць ад  рэалізацыі 2,5 млрд рублёў.


Пасеем 85 гектараў соі і 100 – сланечніку, які ўжо “прапісаўся” на нашых палях. Вырошчваем  не  першы  год,  і  калі папярэднія  рэалізоўвалі насенне на Віцебскі алейнаэкстрактны завод, то зараз у нас ёсць магчымасць адправіць яго на перапрацоўку ў  ААТ  “Брагінаграсэрвіс”. А вось плошчу пад бульбу вырашылі зменшыць на 50 гектараў з-за адсутнасці рынкаў збыту. У раёне вырошчваннем гэтай культуры будуць займацца чатыры гаспадаркі, у тым ліку і мы”.


Да сказанага Рыгорам  Дзегцярэнкам неабходна дадаць і тое, што выхад кармавых адзінак з сельгасугоддзяў склаў 37,1 цнт супраць сярэднераённага 33,2 цнт. Павялічылася колькасць пагалоўя жывёлы (105,9%), скараціўся паморак. Кошт валавой прадукцыі ўзрос на 18,5%, у тым ліку жывёлагадоўчай – на 8,2%, раслінаводчай – на 125,8%. Як адзначыла начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка, устаноўленае заданне па тэмпах росту валавой прадукцыі за мінулы год выканалі толькі тры гаспадаркі, у тым ліку і КСУП імя Жукава: 118,5% – факт, 112% – заданне.


Яна ж адзначыла і пралікі ў дзейнасці сельгаспрадпрыемства, якія выліліся ў мільённыя сумы. Па-першае, нізкая якасць малака. Гатункам “экстра” прадалі яго ўсяго два працэнты, вышэйшым – 54%, першым – 28,9%, другім – 15,1%. Ад рэалізацыі малака нізкай якасцю недаатрымалі 560,7 млн рублёў (260,9 тысячы на адной тоне). Яшчэ 160 млн маглі б мець дадаткова за таварнасць малака, крыху менш гэтай сумы страцілі ад падзяжу, ад ялавасці кароў – 213 млн. А перарасход кармоў “пацягнуў” на 1 млрд 8 млн. Калі скласці ўсе гэтыя лічбы, атрымаецца, што “згубілі” 2 млрд 99 млн.


Па-другое, хаця выручка і ўзрасла на 186,6%, але яна не забяспечыла павелічэнне сярэднемесячнага заробку. Ён самы нізкі ў раёне – 800 тысяч супраць 1 млн 60 тысяч. Па-трэцяе, выручка на аднаго чалавека склала 46,9 млн рублёў (у сярэднім па сельгаспрадпрыемствах – 65,2 млн). У чым прычына такога становішча, папрасілі расказаць галоўнага эканаміста гаспадаркі Віктара Ганчара. “Усё залежыць ад укладу працаўнікоў, яго старання, –  адказаў малады спецыяліст. – Я не скажу, што ў нас мала атрымліваюць даяркі і механізатары. У зімовы час лепшы аператар машыннага даення зарабляе за месяц  пяць млн  рублёў,  механізатары, якія заняты на пагрузцы кармоў, – каля двух мільёнаў. Летам у трактарыстаў і камбайнераў заробкі большыя. Справа ў тым, што ў КСУП імя Жукава – найбольшая колькасць працаўнікоў (240 чалавек). Не ўсе з іх шчыруюць на вытворчасці, ёсць такія, што за месяц робяць усяго па 10-15 выхадаў. На тэрыторыі гаспадаркі пяць вёсак, у якіх ёсць фермы, паляводчыя брыгады, дзе ў асноўным і заняты людзі з невысокай заработнай платай.


Пры вызначэнні сярэднемесячнага заробку ўлічваюцца і яны, хаця, калі шчыра, карысці ад некаторых малавата. Ад тых, хто не выпрацоўвае ўстаноўлены мінімум, неабходна пазбаўляцца, што і будзем рабіць.


Вытворчасць прадукцыі сёлета запланавалі павялічыць на 117%, атрымаць прыбытку 1 млрд 700 млн, выручкі – звыш 20 млрд. Гэта дазволіць палепшыць нам эканамічныя паказчыкі”.
Мне імпануе тое, што ў КСУП імя Жукава шмат маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, якія прыехалі сюды не толькі адпрацаваць устаноўлены тэрмін, але і  застацца,  каб  адраджаць і вёскі, і сельгаспрадпрыемства, якое некалі славілася высокімі вытворчымі паказчыкамі. Няхай удача будзе на іх баку, усё, што задумалі, здзейсніцца. “Сталёвая гвардыя” тут таксама на вышыні, пакажа сябе і на сяўбе, і на корманарыхтоўцы, уборцы ўраджаю. Ёсць сумленныя кіраўнікі сярэдняга звяна. Гэта дзякуючы брыгадзіру свінафермы Мікалаю Званку продаж парасят насельніцтву павялічыўся ў 2011-м у два разы. Да слова, сам ён у якасці натураплаты атрымаў падсвінка.


Паважаныя працаўнікі гаспадаркі! Няхай тое станоўчае, што ўжо здабыта, патроіцца, пралікі сёлета будуць мінімальныя, расце дабрабыт, пануе добры настрой, а пры падвядзенні вынікаў 2012-га вы адчуеце гонар за дасягнутае,  і сталічныя артысты зноў прыедуць да вас, каб павішаваць з  поспехамі.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *