ЗІМА ПРЫЙШЛА. ЯЕ ЧАКАЛІ…

Грамадства

Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна прырода супраціўлялася спрадвечнай логіцы – зіма назіралася толькі на календары, а тут… Калі ласка, атрымлівайце: і снегу, і маразоў – удосталь. Аж занадта. Знянацку, як гэта часта бывае, да нас прыйшла сапраўдная зіма.


Снежань расчыніў перад намі дзверы анамальна цёплым надвор’ем. Калі такое яшчэ назіралася, наўрад ці хто прыгадае. “Ва ўсялякім разе, на працягу нелькіх папярэдніх  дзесяцігоддзяў, – канстатуе начальнік Брагінскай метэастанцыі Валянціна Малочка, – падобнае не фіксавалася. Сярэдняя тэмпература першага зімовага месяца на чатыры градусы перавысіла кліматычную норму – склала +1. Прычым небывалыя для гэтай пары года плюсы дасягалі і дзевяці-, і дванаццаціградуснай адзнакі”.


Ды і студзень сваім суровым норавам вызначацца не спяшаўся: амаль палову месяца слупок тэрмометра трымаўся вышэй за нуль. І толькі бліжэй да апошняй дэкады ўсталяваўся трывалы мінус. З 20 студзеня зіма заявіла аб сабе на ўсю моц: і маразы, і снег, і галалёдзіца, і моцныя  парывы ветру. Тэмпература паветра фіксавалася ніжэй за 10, а часам і за 20 градусаў.


Колькасць жа ападкаў за другую дэкаду папярэдняга месяца перавысіла норму на 110%.  Найбольш шчодра сыпала снегам  20-23 студзеня. Сумёты ў Брагіне дасягнулі рэкорднай адзнакі – 41 см, а потым, пад уздзеяннем сонца, белае покрыва некалькі ўшчыльнілася, яго вышыня на днях панізілася да 37 см.


І вось каму ўжо не пазайздросціш у час снегападаў,  дык гэта дарожнікам і камунальнікам: працаваць даводзілася кругласутачна. На барацьбу са стыхіяй толькі ў гарпасёлках, як паведамілі ў КЖУП “Брагінскае”, было накіравана шэсць адзінак тэхнікі і не адзін дзясятак работнікаў. Нябесная канцылярыя на працягу некалькіх дзён не давала літасці: расчысцілі ўчастак – трымайце новую порцыю снегу. Як тут за ўсім паспееш?


З-за капрызаў надвор’я давялося адчуць нязручнасці пасажырам грамадскага транспарту: у руху аўтобусаў, як мясцовых, так і міжгародных маршрутаў, назіраліся спазненні, часам – больш як на гадзіну. Затое на дарогах – без здарэнняў. Населеныя пункты – без перабояў у падачы электраэнергіі. Скаргаў ад грамадзян у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях не паступала. Абышлося, на шчасце, і без пажараў.


А вось для работнікаў установы аховы здароўя зімовая норма “ішоў, паслізнуўся…” адразу ж уступіла ў сілу.  Толькі за апошні тыдзень, па паведамленні медыкаў, давялося аказваць дапамогу 12 жыхарам раёна, якія атрымалі траўмы з-за галалёдзіцы. І яшчэ дваім – па прычыне абмарожання.


Калі верыць прагнозам сіноптыкаў, то ў бліжэйшыя дні маразы ўзмоцняцца: у начныя часы чакаецца паніжэнне тэмпературы паветра да мінус 25-29, месцамі – да мінус 32. Так што застаецца цяплей апранацца і абувацца, быць пільнымі і асцярожнымі. Зіма не збіраецца здаваць пазіцыі. Відаць,  вырашыла навярстаць упушчанае.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *