ДАСЯГНЕННІ СУЧАСНАЙ МЕДЫЦЫНЫ даступныя і ў глыбінцы

Грамадства

Менавіта такім быў галоўны лейтматыў ток-шоу  “Перекрёсток” тэлерадыёкампаніі “Гомель”, у здымках якога прынялі ўдзел  прадстаўнікі нашага раёна.


Новыя тэхналогіі ў лячэнні анкалагічных і сардэчна-сасудзістых  захворванняў, ахова здароўя ў горадзе і вёсцы, супрацоўніцтва з замежнымі спецыялістамі і дабрачыннымі арганізацыямі, укараненне тэлемедыцыны і нават правядзенне онлайн-аперацый, выкарыстанне відэаканферэнцсувязі – усё гэта абмяркоўвалі госці разам з журналістам  Аляксандрам Гавейкам. На скрыжаванні меркаванняў  сваімі думкамі аб сучасным стане галіны падзяліліся вядучыя медыкі нашай вобласці. Гэта Аляксандр Леанкоў, намеснік галоўнага ўрача Гомельскага абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера, Ганна Лапаціна, галоўны ўрач  абласнога кардыялагічнага дыспансера, Алег Іванцоў, галоўны ўрач абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны, Дзмітрый Рузанаў, загадчык кафедры фцізіяпульманалогіі Гомельскага абласнога медыцынскага ўніверсітэта.


Падчас перадачы гучала думка, што і на сёння актуальнай для ўстаноў здароўя застаецца кадравая праблема, не хапае так званых вузкіх спецыялістаў. Але паступова яна губляе вастрыню. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва, дзякуючы скаардынаванай дзейнасці, усебаковай падтрымцы і супрацоўніцтву, у нашым раёне гэта пытанне практычна вырашана.


Галоўны ўрач  Брагінскай ЦРБ Ігар Кірэня гаварыў аб тым, што  ахова здароўя насельніцтва знаходзіцца пад пільнай увагай, яна на пярэднім плане мясцовай  ўлады. І такое ўзаімадзеянне прыносіць толькі карысць.


Прыкладам сучасных дасягненняў, якія прыходзяць на дапамогу і медыкам, і хворым, стала онлайн-сувязь.  Урач можа атрымаць кансультацыю, звярнуўшыся да вядучых спецыялістаў, – заўважыў Дзмітрый Рузанаў.  Новая тэхналогія не толькі інавацыйная, але і рэсурсазберагальная. Калі раней для таго, каб параіцца з калегамі, удакладніць  дыягназ, патрэбна было патраціць і час, і сродкі, то зараз дастаткова некалькіх хвілін. Шырока карыстаюцца  гэтым відам сувязі ў Добрушскім, Веткаўскім, іншых раёнах вобласці.


Карысна будзе ведаць і тое, што ў шпіталі інвалідаў Айчыннай вайны працуе камп’ютарны тамограф. Гэты сучасны апарат дазваляе на высокім узроўні дыягнаставаць захворванні галоўнага і спіннога мозгу, паталогію амаль усіх органаў чалавека.У гэтую ўстанову, дарэчы, можа звярнуцца любы жыхар вобласці, і такая платная паслуга будзе яму аказана. Кошт – ад 100 да 600 тысяч рублёў. Тут займаюцца і рэабілітацыяй хворых пасля інфарктаў і інсультаў. Патрэбна адзначыць, што 15% з іх вяртаюцца на свае працоўныя месцы. Гэты паказчык – на ўзроўні  спецыялізаваных еўрапейскіх клінік.


Вынікам  дапамогі міжнародных арганізацый стала магчымасць больш ранняга  дыягнаставання анкалагічных захворванняў. Для гэтага ў Гомельскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры набыта неабходнае абсталяванне.


Толькі дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву навукоўцаў і практыкаў  магчымы  дасягненні ў любой сферы дзейнасці.


Перадача, якая выйшла ў эфір у пачатку тыдня, я думаю, зацікавіла многіх. А дзякуючы тым жа новым тэхналогіям, яе ў любую хвіліну можна прагледзець на сайце тэлерадыёкампаніі “Гомель”.


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *