КРОКІ ПЕРШЫЯ, але ЎПЭЎНЕНЫЯ

Грамадства

Фестываль дзіцячай эстраднай песні і танца “Зорная карусель” у шосты раз сабраў на брагінскай зямлі юных зорачак з пяці раёнаў Гомельшчыны. Сёлета перад яго ўдзельнікамі гасцінна расчыніў  дзверы  Буркоўскі цэнтр  культуры  і  вольнага  часу.


Фестываль праходзіў пад назвай “У гасцях у казкі”. І на  сцэне разгарнулася сапраўднае касцюміраванае прадстаўленне, дзе кожная песня была па-свойму абыграная, кожны танцавальны нумар пастаўлены з фантазіяй і выдумкай. Юныя таленты, якія сталі казачнымі героямі, са ўсёй аддачай ператварылі свае выступленні ў яскравае шоу, якое працягвалася амаль чатыры гадзіны. Шмат часу спатрэбілася і журы, каб вызначыць пераможцаў.


Лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы  ўзнагароджаныя  дыпломамі фестывалю і каштоўнымі падарункамі, якія ўручыла   галоўны спецыяліст  раённага  аддзела культуры Таццяна Высоцкая. Прыемна, што атрымалі  іх і нашы землякі. Так, першае месца ў  выкананні  сольнага  эстраднага танца  заняла Крысціна Зуеўская (Брагінская дзіцячая школа мастацтваў). На трэцім месцы  ў гэтай жа намінацыі  – Алена  Харошка,  таксама з Брагінскай ДШМ. “Бронзу”  заваявала   танцавальная група  “Джаз-Хэнд”.  Дыпломы  ІІІ  ступені атрымалі  прадстаўнікі Камарыншчыны  Яна  Грышаненка (вакальнае сола),  дуэт Дзіяны Хмелянок  і Віялеты Міроненкі  (канферансье).  


Каралём і каралевай эстрады былі прызнаны юныя артысты з Хойніцкага раёна. А вось “Залаты ключык” – галоўны прыз “Зорнай каруселі” – зноў накіраваўся  ў  Ветку,  трэці  год  запар.


Ідэя правядзення фестывалю дзіцячай эстраднай песні і танца зарадзілася ў 2007 годзе. Спачатку ў ім прымалі ўдзел толькі маленькія зорачкі Брагіншчыны. Але з цягам часу межы музычнага конкурсу пашырыліся, прыцягнуўшы  ўвагу прадстаўнікоў суседніх раёнаў, якія сталі моцнымі канкурэнтамі нашым хлопчыкам і дзяўчынкам у вобласці вакалу і танцаў.  Таму сёння пачынаючым арыстам брагінскай сцэны трэба шмат працаваць, каб назад  “адваяваць” асноўную  ўзнагароду  –  “Залаты  ключык”. Магчыма, гэта здарыцца ў наступным годзе. Таму  жадаем  ім поспехаў на шляху да гэтай  мэты.


Як   адзначаюць   арганізатары “Зорнай каруселі” – раённы аддзел культуры і райвыканкам, асноўная задума фестывалю –  развіццё дзіцячай творчасці, пошук і падтрымка юных талентаў, выхаванне ў іх любові да музыкі. І менавіта такія спаборніцтвы на сцэне спрыяюць  гэтаму.  Няхай сёлетняе выступленне для многіх  маленькіх  зорачак  было  хвалюючым,   але наступныя  крокі  ў  мастацтва яны будуць  рабіць  больш  упэўнена.


Фото здесь.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *