ПРАЗ ВЕРШЫ І МАЛЮНКІ – ДА АСНОЎ БЯСПЕКІ

Школа бяспекі

Кінутая на сухую траву запалка ці неасцярожнасць пры курэнні, перагрэтыя канструкцыі ацяпляльнай сістэмы ці зусім, здавалася б, бязвінны жарт з агнём – і полымя ўжо пагражае прыродзе,  ахоплівае маёмасць, дом, падбіраецца да суседніх будынкаў…  На папярэджанне падобных сумных эпізодаў накіраваны шэраг мерапрыемстваў, адным з якіх з’яўляецца штогадовы рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Выратавальнікі – вачыма дзяцей”. Папярэднічаюць яму раённы і абласны туры. Асноўная задача – павысіць цікавасць падрастаючага пакалення да осноў бяспечнай жыццядзейнасці. Юных жыхароў Брагіншчыны да гэтай справы сёлета далучалі мясцовыя аддзелы адукацыі і па надзвычайных сітуацыях.


Каб у чарговы раз здзівіць дарослых, дзецям спатрэбілася зусім нямнога: папера, фарбы, кавалкі тканіны і драўніны, пластылін, саломка, іншыя простыя падручныя сродкі. І, вядома ж, фантазія. Розныя па змесце, жанрах, тэхніцы выканання работы аб’яднала агульная ідэя: кожны з нас у адказе за бяспеку ўласную і тых, хто побач. Дзеці наглядна выразілі свае адносіны да негатыўных з’яў, навакольнага свету ў цэлым, закранулі надзённыя праблемы.


На суд журы было вынесена 75 работ у дзевяці намінацыях. Высокі ўзровень падрыхтоўкі прадэманстравалі калектывы Камарынскага і Брагінскага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі, Камарынская, Брагінская, Малейкаўская, Вуглоўская, Буркоўская, Іялчанская сярэднія школы, гімназія г.п.  Брагіна, Чамярыскі дзіцячы сад-сярэдняя школа і  Асарэвіцкі дзіцячы сад-базавая школа. Усяго ўдзел у раённым конкурсе прынялі 16 устаноў адукацыі.


Кожная работа – не проста па-свойму цікавы, выразны  і арыгінальны твор ці выраб. Гэта яшчэ і магчымасць задумацца, атрымаць новыя веды, зрабіць вывад, асэнсаваць.  Але толькі ў самых лепшых – аўтараў-пераможцаў – з’яўляецца шанц атрымаць высокую адзнаку на абласным узроўні. Вось яны, лідары ў намінацыях:


“Малюнак”, “Плакат”  – Павел Набок  (Камарынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі);


“Верш” – Юлія Лявоненка (Асарэвіцкі дзіцячы сад-базавая школа);


“Казка” – Анастасія Чарняўская (Брагінская сярэдняя школа), Елізавета Васільева (Брагінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі);


“Апавяданне” – Вераніка Хрэмлі (Буркоўская сярэдняя школа);


“Выраб” – Аляксандр Шавыра (Камарынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі);


“Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі” – Уладзімір Баброўнік, Кірыл Верашчагін, Мікіта Майсеенка (Камарынская сярэдняя школа);


“Статуэтка” – Яніна Шпетная (Камарынская сярэдняя школа);


“Талісман рэспубліканскага злёту юных выратавальнікаў-пажарных” – Уладзіслаў Андрэенка (Вуглоўская сярэдняя школа).


Поспехаў у абласным конкурсе!


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *