РАБІ ДАБРО – І НЕ ЗАПЛЯМІШ ДУШУ

Грамадства

Стары  драўляны будынак з саламяным дахам і грубкай для ацяплення ўжо самім сваім знешнім выглядам прасіўся на знос. У суровыя завейныя зімы холад прабіраўся ўнутр праз усе шчыліны, а снег з лёгкасцю пранікаў праз ненадзейныя дзверы. Да адзінага ў вёсцы тэлефона ў экстранных сітуацыях патрэбна было імчацца ў кантору, праз увесь Дублін. Ды маладой загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта ні гэтыя, ні іншыя нязручнасці зусім не перашкаджалі весці прыём пацыентаў і наведваць хворых, з’яўляцца ў дамах па выкліках, спяшацца на дапамогу да жыхароў з суседніх населеных пунктаў. Выручала ўменне кіраваць галоўным на той час транспартным сродкам – коньмі з гужавой павозкай, якую зімой замянялі сані. Такім чынам, напрыклад, па выбеленай снегам дарозе давялося дастаўляць аднойчы ў Брагін жанчыну-парадзіху. А як інакш, калі на раён – адзін аўтамабіль хуткай дапамогі. Чакаць, пакуль вернецца ад хворага, ды яшчэ недзе з аддаленай вёскі, рызыкоўна. Вось і пасадзіла цяжарную ў конную “карэту” – ды ўперад.


Колькі яшчэ такіх, з лейцамі ў руках, кіламетраў! Адзінае, чаго баялася Марыя,  дык гэта каб коні па дарозе не распрэгліся. На ўхіленне такой непаладкі патрэбна было сапраўднае майстэрства, а ім дзяўчына так і не авалодала.


Ды аднойчы чаго баялася, тое і здарылася: на шляху з сельсавета, куды адвозіла справаздачы, збруя паслабілася, аглоблі ўпалі… І побач – нікога.  Як-небудзь, прымітыўна, няўмела, але прыладзіла. Невядома, праўда, дакуль  бы  з  такім  “рукадзеллем” даехала, калі б па дарозе не сустрэла дзяцей, якія вярталіся ў Міхалоў са Спярыжжа, куды хадзілі ў школу. Пачуўшы прапанову падвезці,  яны тут жа заўважылі: “Дык у вас коні распрэжаныя!” – і хлапчукі-падлеткі,  якія аказаліся ў гэтай справе больш падкаваныя, хуценька і спрытна ўсё ўладзілі. Цяпер можна і на воз садзіцца. Так, усе разам, паспяхова да сваіх хат і даехалі.


Мінулі дзесяцігоддзі, а  Марыя Герасімаўна Гардзеенка дагэтуль памятае кожную дробязь таго здарэння, і калі пра яго некаму расказвае, абавязкова дадасць: “Каб на вашым шляху коні ніколі не распрагаліся”.


Аб сённяшніх умовах працы тады яна, выпускніца Мазырскага медыцынскага вучылішча, якая трапіла ў Дублін у 1965 годзе па размеркаванні, магла толькі марыць. У дадатак патрэбна было асвоіцца на новым месцы жыхарства, пазнаёміцца з людзьмі, знайсці з імі агульную мову. А ФАП на той час абслугоўваў значна большую колькасць насельніцтва  ў  параўнанні з цяперашнім днём. Як, здаецца, спраўлялася з усім дзяўчына? І не толькі спраўлялася, але і паспявала займаць прызавыя месцы ў раённых спартыўных спаборніцтвах. Па жыццёвай сцяжыне крочыла з перакананнем: “Каб не запляміць душу, рабі іншым дабро”. Відаць, таму што заўсёды была шчодрай на сардэчнасць, увагу і спагаду, гатовай да самаахвярнасці і не дазваляла сабе ў клопатах пра здароўе дзяліць час на працоўны і асабісты,  сельскія   жыхары  пранікліся шчырым даверам да загадчыцы ФАПа.


Мясцовае кіраўніцтва ў  1987 годзе зрабіла для Марыі Герасімаўны цудоўны падарунак – яна перайшла ў новы будынак  фельчарска-акушэрскага пункта, дзе гаспадарыць і сёння. На абслугоўванні – пяць населеных пунктаў, у якіх пражывае 479 чалавек. І ўжо няма праблем ні з транспартам, ні з тэлефоннай сувяззю. Раз у тыдзень у распараджэнні жанчыны-медработніка – аўтамабіль, на якім накіроўваецца весці прыём і наведваць пацыентаў у аддаленыя вёскі. Кожную суботу – падворны абход.


Асноўны ўпор сёння, як прыкмячае Марыя Герасімаўна, даводзіцца рабіць на прафілактыку, таму вельмі важна знайсці індывідуальны падыход да кожнага, каб даходліва давесці да ведама, растлумачыць, умела пераканаць, нагадаць аб неабходнасці здаць аналізы, зрабіць кардыяграму, прайсці флюараграфічнае абследаванне, пабываць на прыёме ў таго ці іншага ўрача. І ў Марыі Герасімаўны, якая ўжо добра ведае звычкі і характары, стан здароўя сваіх падапечных, знаходзіць кантакт з людзьмі выдатна атрымліваецца. Ды і ўвогуле,  прафесія для яе стала ладам жыцця.


“Не ведаю, калі мой працоўны дзень пачынаецца, калі – заканчваецца. У рэжыме чакання, на медыцынскім пасту даводзіцца знаходзіцца кругласутачна. Магчыма, ужо праз нейкую хвіліну камусьці спатрэбіцца дапамога”, – разважае жанчына, працоўны стаж якой у галіне аховы здароўя першага красавіка дасягне 47-гадовай адзнакі. Але ўсё такая ж жыццярадасная, бойкая, аптымістычная. І па-ранейшаму адказная і скрупулёзная ў справе, якую выбрала аднойчы і назаўсёды. Не дзіўна, што хвалюецца за яе паспяховы, дастойны працяг. А ў вольную гадзіну, як і многія прадстаўніцы прыгожай паловы, любіць шыць, вязаць, гатаваць.


“Мне пашанцавала: на жыццёвым шляху падтрымлівалі мудрыя кіраўнікі, акружалі добразычлівыя людзі, што дапамагае і сёння знаходзіцца ў страі, адчуваць упэўненасць у сваіх сілах”, – гаворыць Марыя Герасімаўна, да слоў якой хочацца дадаць  толькі адзінае: пашчасціла і тым, чый лёс перакрыжаваўся з адкрытым сэрцам і душой гэтай жанчыны.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *