«Я ганаруся, што тут жыву»

Грамадства

Так называецца раённы агляд-конкурс аўтарскай творчасці, які праводзіць Брагінскі раённы Дом культуры з нагоды 865-годдзя заснавання Брагіна.


Брагіншчына – прыгожы край, багаты сваім гістарычным мінулым, культурнымі і духоўнымі традыцыямі. Тут жывуць цікавыя і таленавітыя людзі. Ад продкаў нам засталася сапраўды багатая спадчына: помнікі архітэктуры і культуры, знакамітыя літаратурныя творы. Брагінская зямля дала беларускай літаратуры шмат імёнаў, якімі мы можам ганарыцца: Сымон Блатун (ураджэнец в. Кавака), Уладзімір Верамейчык, Мікола Ракітны (ураджэнцы в. Петрыцкае), Раман Сабаленка (ураджэнец в. Сабалі), Уладзімір Чапега (ураджэнец в. Сялец), Сяргей Палуян (ураджэнец Брагіна).


Сёлета наш родны горад будзе святкаваць 865-годдзе з дня свайго заснавання. Метадычным кабінетам распрацавана праграма мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. Сярод іх – правядзенне вышэйназванага конкурсу з выданнем зборніка. Тэматыка разнастайная, але ж прысвечаная падзеям старажытнага пасёлка. Кніга будзе складзена з твораў нашых мясцовых аўтараў. Супрацоўнікамі РДК праводзіцца работа па зборы матэрыялаў для выдання.


Калі ў вас ёсць талент, калі вы пішаце вершы, песні, апавяданні, дасылайце іх ва ўстанову культуры, прыходзьце асабіста або тэлефануйце (2-10-66). Матэрыялы прымаюцца ў электронным і друкаваным варыянтах. Чакаем!


Любоў Дубатдзел,
метадыст Брагінскага РДК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *