ЗАХАВАЦЬ ТЭРЫТОРЫЮ СТАБІЛЬНАСЦІ

Грамадства

Шмат памятных дат, падзей, імён упісана ў гісторыю спажывецкай кааперацыі. Гады змянілі колькасць і знешні выгляд магазінаў, асартымент на паліцах, пашырылі формы і віды абслугоўвання… Але засталіся ранейшымі функцыі і задачы: задавальняць патрэбы сваіх пайшчыкаў, забяспечваць насельніцтва таварамі, нарыхтоўваць лішкі сельгаспрадукцыі, развіваць вытворчасць. І нават у новых умовах рыначнай канкурэнцыі патрэбна імкнуцца захоўваць тэрыторыю стабільнасці.


Аб выніках работы за мінулы год, перспектывах развіцця раённага спажывецкага таварыства гаварылі на  справаздачным  сходзе ўпаўнаважаных. Аналізавалі і ацэньвалі, выказвалі прапановы і раіліся. У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытанні, блізкія і цікавыя кожнаму, – аб поспехах, ухіленні недахопаў, планах і надзеях.


Выступленне старшыні праўлення Святланы Чэкан датычылася выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па фінансавым аздараўленні спажывецкай кааперацыі і мерапрыемстваў галіновай праграмы. І патрэбна заўважыць, што мінулагодняя дзейнасць атрымала дастойную ацэнку:  таварыства занесена на абласную Дошку гонару як лепшая арганізацыя спажывецкай кааперацыі Гомельшчыны, калектыў адзначаны Ганаровым   знакам  праўлення  аблспажыўсаюза ў намінацыях “За высокія дасягненні ў арганізацыі грамадскага харчавання” і “За асабісты ўклад у дасягненне лепшых вынікаў работы”. Дастаткова звярнуцца да лічбаў: за 2011 атрымалі 1109 млн чыстага прыбытку, рэнтабельнасць продажу склала 2,30% і павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам амаль у два разы. Тэмп росту выпуску ўласнай прадукцыі наблізіўся да 114,9% пры прагнозе 108,7%, аказання платных паслуг насельніцтву – 113,2% (109,5%), нарыхтоўчага абароту – 192,9% (107,0%).


Разам з тым, засталіся нявыкананымі чатыры з 11 прагнозных паказчыкаў і пяць з 23 мерапрыемстваў, зацверджаных галіновай праграмай развіцця спажывецкай кааперацыі на 2011-2015   гады.   Таму,  падводзячы вынікі, Святлана Уладзіславаўна палічыла неабходным спыніцца як на станоўчых момантах, так і  на праліках, каб унесці пэўныя карэктывы ў сістэму работы і выпрацаваць стратэгію далейшых дзеянняў па ўдасканаленні працоўнага працэсу.


Гандаль


У райспажыўтаварыстве добра разумеюць: без развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, абнаўлення і пераабсталявання гандлёвых і вытворчых памяшканняў, укаранення сучасных форм абслугоўвання немагчымы рух наперад. Толькі за мінулы год была праведзена рэканструкцыя магазіна ў Хракавічах, набыта 16 адзінак халадзільнага і 11 – гандлёвага абсталявання, закуплена і ўстаноўлена сем кантрольна-касавых апаратаў. А колькасць банкаўскіх плацёжных тэрміналаў вырасла да 38, і ўдзельная вага іх абароту перавысіла планку 2010-га ў два з паловай разы.


Крыху не дасягнулі паказчыка рознічнага тавараабароту: тэмп росту склаў 109,1 працэнта  пры прагнозным 110,4. Пры гэтым, калі ў Брагіне – на ўзроўні 114,9%, у Камарыне – 115,5%, то ў буйных сельскіх населеных пунктах толькі 99,8%. Сваю ролю тут іграе дэмаграфічная сітуацыя: за пяць год колькасць вясковых жыхароў скарацілася на 23,5%, ці на 2,5 тысячы, у тым ліку за мінулы – на 300 чалавек, а гэта змяншае тавараабарот на 885 мільёнаў.


На больш высокім узроўні выглядаюць аўтамагазіны, якія па даным накірунку ў вобласці – на чацвёртым месцы (тэмп росту тавараабароту – 115,0%).


Сотнямі мільёнаў вымяраюцца ўдзел у кірмашах і выязны гандаль. Упершыню ў мінулым годзе былі арганізаваны выезды ў Расію, ад якіх дадаткова атрымана  70 тысяч долараў.
За кошт чаго будуць  нарошчвацца аб’ёмы сёлета? У планах, па-першае, пашырэнне ўдзельнай вагі нехарчовых тавараў, па-другое, мадэрнізацыя гандлёвага аб’екта ў Брагіне па вуліцы Механізатараў і яго пераабсталяванне ў кафэ і магазін, па-трэцяе, адкрыццё аб’екта дыскаўнтарнага тыпу.


Грамадскае харчаванне


Тэмп росту рознічнага тавараабароту склаў 109,3 працэнта пры прагнозе 110.


Адным з важнейшых паказчыкаў развіцця галіны грамадскага харчавання з’яўляецца выпуск прадукцыі ўласнай вытворчасці, а за мінулы год яе было рэалізавана на 6470 мільёнаў (тэмп росту –  114,9%, прагноз – 108,7%). З’явілася 37 новых кандытарскіх і  кулінарных вырабаў. А найбольшую вагу ў структуры ўласнай прадукцыі займае абедзенная – 70,7%.
У бягучым годзе асартымент павінен пашырыцца. Старшыня праўлення звярнула ўвагу на неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы кандытарскіх цахоў і забяспячэння ўдзельнай вагі кандытарскіх вырабаў ва ўласнай вытворчасці не менш 50%.


Нарыхтоўчая дзейнасць


Прагнозны паказчык перавыкананы: забяспечаны значны прырост аб’ёму нарыхтоўчага абароту (на 92,9%), а закуп сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны ў насельніцтва павялічыўся ў 2,1 раза. Жыхарам раёна выплачана за здадзенае 3296 мільёнаў. Па выніках гэтай дзейнасці за мінулы год наша таварыства з’яўляецца лідарам у вобласці.


Але побач з дасягненнямі існуюць і недахопы: не выкананы заданні па закупе некалькіх відаў прадукцыі (скурах, садавіне, бульбе, макулатуры, шклабою, поліэтылену і інш.), на недастатковым узроўні – экспартныя пастаўкі. Таму ў бягучым годзе, каб палепшыць сітуацыю,  патрэбна больш плённа працаваць з насельніцтвам, кіраўнікамі сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый.


Будаўніцтва, рамонт, мадэрнізацыя


Будаўніча-мантажнымі і рамонтнымі работамі былі ахоплены амаль усе аб’екты,  два з якіх мадэрнізаваны.  Абнавіліся фасады, інтэр’еры, дахі, знешняя рэклама – на гэтыя мэты зрасходавана 275 млн уласных сродкаў.


На інвестыцыі ў асноўны капітал накіравана 1091 млн рублёў, у тым ліку 500 млн з мясцовага бюджэту – на будаўніцтва  халадзільніка, які працуе на азоназберагальных фрэонах. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіла ліквідаваць небяспечную  аміячную халадзільную ўстаноўку, скараціць колькасць персаналу, які працуе ў шкодных умовах, амаль у два разы зменшыць  спажыванне электраэнергіі.


Немалая ўвага ўдзелена  выкананню прагнознага паказчыка па энергазберажэнні: ажыццявілі замену чатырох неэканамічных катлоў на больш эфектыўныя, якія працуюць па прынцыпе газагенерацыі, пяці цыркуляцыйных насосаў – на энергазберагальныя. Праведзена цеплавая рэабілітацыя адміністрацыйнага будынка размеркавальных складоў. На  аб’ектах, дзе праходзіў рамонт, цалкам заменены на люмінесцэнтныя і энергазберагальныя лямпы. Усё гэта дазволіла сэканоміць 59 тон умоўнага паліва.


Больш   180  млн  рублёў   у 2011-м пайшло на тэхнічнае ўмацаванне аб’ектаў, 47 з якіх, ці 67,1% абсталяваны сістэмай аўтадазвону ў РАУС. Прынятыя меры паставілі надзейны заслон крадзяжам: ніводнага факта – з лютага 2010 года. Работа ў даным напрамку прадоўжыцца.


Кадры


У сістэме спажывецкай кааперацыі сёння занята каля 400 чалавек. Захоўваецца тэндэнцыя павышэння адукацыйнага ўзроўню сярод кіруючых работнікаў (з вышэйшай адукацыяй – 39%), восем спецыялістаў навучаюцца ў ВНУ завочна.  Але таварыства адчувае патрэбу ў прадаўцах, вадзіцелях, кваліфікаваных будаўніках,   і  гэта  не  дазваляе  сядзець склаўшы рукі. На вырашэнне кадравага пытання накіравана работа з рознымі ўстановамі адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў рабочых спецыяльнасцей, з сельскімі Саветамі па падборы людзей на пасады, звязаныя з матэрыяльнай адказнасцю. Вядзецца банк даных працаздольнага насельніцтва.


Каб веды і прафесійныя навыкі адпавядалі рэаліям дня, праўленне арганізоўвае навучанне работнікаў на вытворчасці, эканамічныя семінары.


Час таксама патрабуе мэтанакіраванай, сістэмнай работы з маладымі кадрамі, таму іх актыўна ўключаюць у грамадскую дзейнасць. Моладзь паспявае не толькі ў працы, але і ў спорце, мастацкай самадзейнасці. У ліку дасягненняў – другое прызавое месца па выкананні гімна спажывецкай кааперацыі і такое ж – у спаборніцтвах па тэнісе сярод калег вобласці, трэцяе – у раённым турыстычным злёце.


Нямала добрых спраў на рахунку пярвічнай арганізацыі БРСМ, якую ўзначальвае Яўген Жук. У калектыве стала традыцыяй праводзіць сустрэчы маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна, на якіх уздымаюцца хвалюючыя пытанні.


“Вы ўмееце не толькі добра працаваць, але і адпачываць, быць прыкладам у далучэнні да здаровага ладу жыцця”, – падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ігар Самбук. Прыемным  момантам стала ўручэнне Ганаровай граматы раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці намесніку старшыні праўлення па кадрах і ідэалагічнай рабоце Алене Цалуйцы.


Адзнаку  ставяць  спажыўцы


Прысутныя  ўпаўнаважаныя – старшыня КСУП “Брагінка”  Тамара Кудан, галоўны ўрач райЦГЭ Наталля Петрачова, настаўніца Зоя Штурмак і інш.  выказалі свае заўвагі і прапановы па рабоце спажыўтаварыства. Але пераважалі ўсё ж удзячныя словы калектыву, бо пакупнікі добра прыкмячаюць і  паляпшэнні ў знешнім выглядзе мясцовых магазінаў, і зручнасці ў размяшчэнні тавараў, і багацце асартыменту, і павышэнне культуры абслугоўвання, і падтрыманне чысціні, утульнасці і парадку. Нездарма адзначана на абласным узроўні добраўпарадкаванне тэрыторыі рэстарана “Бярозка”, які сярод аб’ектаў спажывецкай кааперацыі  заняў другое месца. За ўсім гэты стаіць карпатлівая, руплівая праца, нават у выхадныя і святы. Таму і ацэнка ёй была дадзена станоўчая. “Цяпер як мінімум патрэбна захаваць дасягнутае, не страціць пазіцый”, – звярнуўся да калектыву намеснік старшыні праўлення аблспажыўсаюза Сяргей Марчук.


Перад таварыствам пастаўлена задача захаваць стабільнае фінансавае становішча і застацца надзейнай апорай для жыхароў Брагіншчыны.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *