ЧУЖЫМ УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ!

Территория закона

Мабільная група ў складзе прадстаўнікоў райвыканкама і РАУС на мінулым тыдні праверыла, як ахоўваюць дзяржмаёмасць вартаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна. Маршрут пралягаў праз КСУП “Пераможнік”, “Брагінка”  і  імя  Жукава.


На мехдвор у вёску Малейкі мы прыехалі, калі гадзіннік паказваў 21.12. Вароты былі зачынены, аднак на ахоўную тэрыторыю можна было трапіць з лёгкасцю. Ліхтар асвятляў нейкую частку двара, гарэла святло і ў доме механізатараў, але асобы, якая абавязана  тут сачыць за захаванасцю тэхнікі, абсталявання, іншых матэрыяльных каштоўнасцяў, нам сустрэць так і не давялося.


У Шкуратах і Мікулічах вартаўнікі неслі сваю службу сумленна. А вось у Бурках на працоўным месцы мы засталі адразу некалькіх чалавек, прычым у нецвярозым стане. Па ўсім было відаць, што  тут нешта адзначалі, і прыезд мабільнай группы стаў нечаканасцю.


Раптоўнае з’яўленне правяраючых прымусіла кампанію разысціся. Некуды знік і вартаўнік. Пра тое, што час на працы ён праводзіць весела, сведчыла мноства пустых бутэлек з-пад гарэлкі і віна ў стале і шафе. Дапаўнялі непрыемную карціну недакуркі і пачкі ад цыгарэт  на падлозе.


Якая ж карысць ад такога  вартаўніка?  Мала таго, што сам п’яны, дык яшчэ пусціў на ахоўную тэрыторыю чужых. Аб сітуацыі на мехдвары тут жа быў праінфармаваны кіраўнік гаспадаркі, які адрэагаваў неадкладна: ахоўваць тэхніку быў пастаўлены іншы работнік, а парушальнік працоўнай дысцыпліны прыцягнуты да адказнасці.


Вядома, што крадзяжы часцей за ўсё здзяйсняюцца там, дзе ёсць месца нядбайнаму стаўленню некаторых асоб да работы. На жаль, сустракаюцца такія. Аднак своечасовае выяўленне і ўхіленне недахопаў дапаможа выправіць становішча. У нейкай ступені спрыяюць гэтаму і праверкі мабільнай групы, якія не даюць расслабіцца вартаўнікам. А каб у злодзеяў не ўзнікла нават думкі аб тым, што недзе  можна пажывіцца за дзяржаўны кошт, ахоўная тэрыторыя гаспадарак павінна быць агароджана і дастаткова асветлена ў цёмны час сутак. У дадатак да ўсяго патрэбна, каб особы,  якія ахоўваюць маёмасць, добрасумленна адносіліся да сваіх абавязкаў.


Дарэчы, мабільная группа райвыканкама па праверцы працоўнай дысцыпліны на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах была створана ў  сакавіку 2011-га.  Як паведаміў  начальнік аддзела ідэалагічнай работы  райвыканкама Ігар Самбук, у гэтым годзе праверана 45 аб’ектаў, выяўленыя пралікі ліквідаваны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *