Чужая зямля не патрэбна

Грамадства

Прызнацца, і я захвалявалась за лёс будучага ўраджаю, калі ў сродках масавай інфармацыі пачала мусіравацца тэма кадравага голаду ў час сёлетняй пасяўной. Не сакрэт, многія вяскоўцы, як і гараджане, кінуліся ў Расію на заробкі. Хто ж  будзе араць і сеяць? Адказ напрошваецца сам: людзі, якія любяць зямлю і свой край, якім неабыякавы лёс гаспадаркі, аднавяскоўцаў, дабрабыт раёна.


Прафесіяналам і ў сваім раёне хапае спраў. Тым больш, што пасяўная ў разгары. Пасля ветранага халоднага надвор’я насталі сонечныя дні, глеба падсыхае хутка. У такі час у механізатара Рыгора Сніцарэнкі з КСУП “Чамярыскі” кожная хвіліна на ўліку. Менавіта яму даручана сяўба зерневых і зернебабовых.  Работу выконвае якасна, па-іншаму не можа, ды і нельга. Закладваецца падмурак будучаму ўраджаю, на які працуе ўвесь калектыў,  выдаткоўваюцца вялікія сродкі.


Цяпер пра матэрыяльны стымул. Ён ёсць. Як праінфармавалі работнікі эканамічнай службы, норма сяўбы для агрэгата Рыгора Фёдаравіча – 50 гектараў. За гэта (пры ўмове, калі выканае) яму налічаць 86 500 рублёў, плюс яшчэ 20% – за класнасць. А ў канцы месяца дырэктар, улічваючы складанасць і напружанасць працы,  выставіць і  свой працэнт надбаўкі. Дарэчы, Рыгор Сніцарэнка засявае ў дзень да 100 гектараў яравых, практычна дзве нормы. Значыць, налічаная сума падвоіцца. Які сэнс ехаць у суседнюю дзяржаву, калі дома можна зарабіць тыя ж грошы,  не адчуваючы нязручнасці, дыскамфорту.


Ды і абуджэнне прыроды, яе хараство не застануцца незаўважанымі. Прылёт птушак, пупышкі на дрэвах, водар свежага вясновага паветра – усё гэта будзе з ім на родных прасторах, бацькоўскай зямлі, якая так прагне працавітых і ўмелых рук.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *