Дзень адкрытых дзвярэй праходзіў у Брагінскім РДК

Грамадства

Яго мэта – прапаганда культурна-асветніцкай дзейнасці,  прафарыентацыя вучняў агульнаадукацыйных школ і моладзі.


У праграме – выстава вырабаў з  прыроднага  матэрыялу,  правядзенне майстар-класа па салома- і бісерапляценні кіраўнікамі гурткоў Марынай Шуленкай і Алінай Пугач. Гэты від мастацтва карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў, і паспрабаваць зрабіць нешта сваімі рукамі можна было прама на месцы.


Цікава прайшлі клубныя сустрэчы на занятках гурткоў “Радужный бисер” і «Гармония». Марына Шуленка і Раман Цеслянок сабралі вакол сябе дзяцей, якія любяць спяваць, з задавальненнем выступаюць перад сваімі равеснікамі і дзеляцца з імі вопытам.


Канцэрт творчых аб’яднанняў з найменнем “народны самадзейны калектыў” – а гэта студыя эстрадных спеваў “Музычны лабірынт” (кіраўнік – Сяргей Краўчанка) і вакальна-інструментальны ансамбль “Бравіа” (Вячаслаў Гаршкоў) – нікога не пакінуў абыякавым. Асноўныя напрамкі ў рабоце – удасканаленне вакальнага майстэрства, пошук і развіццё новых талентаў. Сёння тут займаюцца людзі розных спецыяльнасцей і прафесійнага ўзроўню. Працягваецца набор і ў гэтым годзе. У рэпертуары – песні, інструментальныя і аўтарскія творы. Салісты Вячаслаў Гаршкоў, Ігар Сініла, Сяргей Даўгулявец, Святлана Корхава, Ірына Чарнянок, Артур Джулакян, Раман Цеслянок, Віталь Таполя ў пастаянным пошуку, імкнуцца рэалізаваць свае творчыя задумы перад гледачамі раёна, і не толькі.


Сёлета пачаў свае выступленні мужчынскі ансамбль, створаны па ініцыятыве Сяргея Краўчанкі, і адразу заваяваў прыхільнасць гледачоў. У рэпертуары ў асноўным народныя песні, якія выконваюцца акапэльна. Са сваёй новай праграмай гэты калектыў выступаў у Брагіне, аб’ехаў Лоеўскі і Хойніцкі раёны, дзе гледачы параўноўвалі яго з “Хорам Турэцкага” і па-добраму зайздросцілі нам. Прыгожа і зладжана спяваюць дзесяць мужчын, а з іх не ўсе маюць музычную адукацыю па вакальных спевах. Словы падзякі адрасую Барысу Мардвінаву, Ігару Самбуку, Сяргею Прыходзьку, Аляксандру Курдзюкову, Уладзіславу Дзёкіну, Івану Корхаву, якія не  працуюць  у  галіне культуры, але знаходзяць час, каб заняцца справай для душы і радаваць гледачоў сваімі талентамі.


Папулярная ў нашым раёне вакальная  група  “Бліскавіца”  Брагінскага аўтаклуба (загадчыца – Ала Злыдзенка, мастацкі кіраўнік – Іван Корхаў) удасканальвае сваё майстэрства, шукае новы рэпертуар. З канцэртнай праграмай пабывала ў многіх населеных пунктах, для сельскіх гледачоў дала дваццаць канцэртаў. Ёй апладзіравалі жыхары Малеек, Сцежарнага, Краснага, Просмыч, Зарэчча, Бярозак, Сяльца, Мікуліч, Буркоў, Хойнік.


На музычна-паэтычны ўрок па творчасці Янкі Купалы “Пясняр беларускай душы” прыйшлі аматары яго паэзіі, чыталі любімыя радкі, слухалі песні беларускіх кампазітараў на вершы паэта: “Явар і каліна”, “Мой родны кут”, “Спадчына”, “Малітва” і інш.


Цікава расказала пра ўстановы культуры рэспублікі  галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Таццяна Высоцкая. Яе выступленне было адрасавана вучням  выпускных  класаў  Брагінскай школы.


Наведала Брагінскі РДК у гэты дзень каля ста чалавек, хацелася б, каб мясцовыя жыхары больш уважліва адносіліся да такіх мерапрыемстваў і прымалі ў іх удзел. Заняткі ў клубных фарміраваннях – гэта вялікае поле для творчасці, рэалізацыі сваіх здольнасцей і проста для душы.


Дні адкрытых дзвярэй будуць праводзіцца рэгулярна. Шчыра запрашаем. Не пашкадуеце!


Любоў ДУБАТДЗЕЛ,
метадыст Брагінскага РДК
  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *