…І ПАКІНУЦЬ ДРЭВА Ў СПАДЧЫНУ

Общество

Работнікі лясгасу запрашаюць жыхароў раёна  прыняць удзел у акцыі “Тыдзень лесу-2012”.


Кожную вясну, пачынаючы з 2007 года, у рэспубліцы стала  добрай традыцыяй правядзенне Тыдняў лесу.  У добраахвотнікаў з’яўляецца цудоўная магчымасць унесці асабісты ўклад  у памнажэнне прыроднага багацця, пакінуць нашчадкам у спадчыну сваё дрэва, прыняць удзел у навядзенні парадку на зямлі. І, вядома ж, адчуць задавальненне ад карыснай справы.


Як адзначыла намеснік дырэктара ДЛГУ “Камарынскі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Таццяна Шпетная, сёлета такая акцыя пройдзе з 21 па 28 красавіка. І будзе яна прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння вялікіх класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Такім чынам “Тыдзень лесу-2012” ставіць на мэце падтрымаць мерапрыемствы Года кнігі.


Работнікі лясгасу плануюць  за гэты тэрмін дапоўніць маладымі саджанцамі 12,6 гектара, ажыццявіць рамонт, афарбоўку і ачыстку ад смецця месцаў адпачынку, добраўпарадкаваць прыдарожныя палосы.  Далучыцца да вызначанага фронту работ запрашаюцца ўсе жадаючыя.


Калі вырашылі прыняць удзел у акцыі, звяртайцеся ў мясцовае лясніцтва ці тэлефануйце па нумары 9-82-32.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий