КАБ ДЗЯКУЙ ПАЧУЦЬ АД ДЗІЦЯЦІ

Грамадства

У кожную справу, каб разлічваць на поспех, неабходна ўкладваць душу. Калі пасадзіць  у глебу парастак і паліць яго абыякавасцю, плады наўрад  ці будуць. Шчодры ўраджай  атрымлівае той, хто ў добрым пачатку бачыць плён і старанна працуе на будучыню. Нават калі здаецца: усё, на большае не хопіць цярплівасці, настойлівасці, не засталося сіл; калі ўзнікаюць сумненні ў фінансавых ці нейкіх іншых магчымасцях. Праца ў камандзе, у адзінстве імкненняў, пачуццяў і дзеянняў не дазваляе апускаць рукі, губляць надзею. Праблемы расступаюцца перад разуменнем, узаемападтрымкай і ініцыятывай. А той, хто робіць дабро іншым, і сам ад гэтага атрымлівае радасць.


Дастаткова ўспомніць, як яшчэ ў 2007 годзе да намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгі Ясінскай звярнуўся пастар царквы “Благодать” Юрый Куніцкі, які прапанаваў арганізаваць на беразе Дняпра палатачны лагер для дзяцей з праблемных сем’яў: і цудоўная форма адпачынку, і выдатная магчымасць адцягнуць падлеткаў ад вуліцы. Чаму б не падтрымаць? Тым жа летам на рацэ ўжо кіравалі балем сяброўства, моцны зарад добрай энергіі і станоўчыя эмоцыі. Незгасальны бляск у вачах дзяцей пераўтварыў такі адпачынак у штогадовую традыцыю. Да справы  далучыліся прадстаўнікі аддзелаў адукацыі і па справах моладзі, раённага камітэта ГА “БРСМ”, іншых зацікаўленых структур.


Ці будзе арганізаваны палатачны лагер сёлета? На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх, дзе зайшла размова аб занятасці школьнікаў у летні перыяд, высветлілася, што перашкоду могуць стварыць абмежаваныя фінансавыя магчымасці: затраты дагэтуль брала на сябе царква-ініцыятар, а з улікам змен у эканамічнай сітуацыі яны прадбачацца большыя. Як не пакрыўдзіць, не абдзяліць увагай дзяцей? Яны гэтак жа жывуць надзеяй… “Нават нам, дарослым, гледзячы на іх твары, не хацелася пакідаць рачны бераг”, – успамінае Вольга Міхайлаўна дні, праведзеныя разам з  непаўналетнімі ў палатачным лагеры. І дадае: “Такія дзеці застаюцца асабліва ўдзячнымі за клопат, бо яны не ў дастатковай ступені адчуваюць яго дома.” Значыць, павінен быць працяг. У яго падтрымку выступілі прысутныя на пасяджэнні  першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў і мясцовыя праваслаўныя святары, паабяцаўшы  дапамагчы грашова і матэрыяльна. Больш таго, як адзначыў Андрэй Эдуардавіч, пра гэты від дзейнасці на Брагіншчыне павінны даведацца за межамі раёна і вобласці. Так што праца людзей па арганізацыі занятасці юных брагінчан у летні перыяд сапраўды заслугоўвае высокай адзнакі.


З выступлення галоўнага спецыяліста па Брагінскаму раёну прадстаўніцтва Гомельскага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Святланы Ярмоленкі можна было даведацца, куды накіруюцца нашы дзеці на адпачынак у канцы мая – пачатку чэрвеня. Выдзелена 104 пуцёўкі ў аздараўленчы цэнтр “Надзея”, 50 – у “Лясную паляну”, 42 – у санаторый “Сярэбраныя ключы”.


У школах, па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандра Калясана, запланавана дзейнасць васьмі лагераў дзённага знаходжання ў чэрвені, двух – у ліпені і трох – у жніўні з ахопам каля трохсот вучняў. Перавагу аддадуць непаўналетнім, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках і ў сацыяльна небяспечным становішчы. Графікі адпускоў педагогаў складзены такім чынам, каб заняць дзяцей можна было на працягу трох летніх месяцаў.


Ужо паступілі прапановы і ад грамадскіх арганізацый: у краінах далёкага замежжа плануецца аздаравіць 140 непаўналетніх. Іх чакае адпачынак у Італіі, Іспаніі, Германіі і Велікабрытаніі. 
Апрача гэтага, у  Камарынскай, Брагінскай, Мікуліцкай і Буркоўскай школах для 50 падлеткаў будзе арганізавана другасная занятасць. На працоўныя праекты з фонду сацыяльнай абароны выдзяляецца 35 мільёнаў рублёў.


Цікава і з карысцю правесці вольны час школьнікам можна таксама ў складзе валанцёрскіх, студэнцкіх атрадаў. Аб рабоце у даным напрамку і праблемах, якія ўзнікаюць з улікам спецыфікі забруджанага раёна, гаварылі начальнік аддзела па справах моладзі Сяргей Прыходзька і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Фурс.


Яшчэ адно пытанне, вынесенае на абмеркаванне, датычылася вынікаў прафілактычнай дзейнасці за першы квартал. Злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, на шчасце, не зарэгістравана. Затое назіраецца рост правапарушэнняў: калі за аналагічны мінулагодні перыяд было разгледжана 22 матэрыялы, то сёлета – 30. Да адказнасці прыцягнуты восем падлеткаў, у тым ліку двое школьнікаў, за ўжыванне спіртнога, трое – за хуліганства. Адміністрацыйнае пакаранне панеслі шэсць бацькоў, якія ўхіляліся ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей. Яшчэ аднаму давялося адказваць за ўцягненне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны (сумеснае распіццё спіртнога).


Каб папярэдзіць супрацьзаконныя ўчынкі, з парадку дня не здымаюцца рэйдавыя мерапрыемствы, індывідуальная работа, кантроль за арганізацыяй вольнага часу падлеткаў…  І не варта асуджаць іх імкненне выдзеліццаз з “натоўпу”.  Пераходны ўзрост – гэта заўсёды пошук шляхоў самавыяўлення. Іншая справа – як падтрымаюць ці перасцерагуць, якое слова ў тым ці іншым выбары скажуць дарослыя.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *