Сустракаем Вялікдзень

Грамадства

Галоўны атрыбут велікоднага стала –  кулічы, пасхі.  Многія гаспадыні лічаць, што  іх неабходна  вырабляць  самім, уласнымі рукамі, па  вядомым рэцэпце,  сакрэты якога  ведалі бабулі і прабабулі і перадалі нашчадкам. Важны сам  працэс прыгатавання, які нагадвае  абрад. Каб кулічы ўдаліся, пры іх замешванні  ў пакоі павінна быць цішыня і  не гуляць скразнякі,  чытацца малітва “Ойча наш”, бо пасхальнае цеста, як і чалавек, баіцца абразы, ляманту, злога вока.


А што рабіць тым, у каго няма часу для прыгатавання здобы? Без святочнай выпечкі яны не застануцца, запэўнілі нас кулінары і хлебапёкі. “Для жыхароў Брагіна і раёна цэх па вытворчасці хлебабулачных вырабаў філіяла “Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў  “Наша меленка” ААТ “Гомельхлебапрадукт” спецыяльна прыгатуе кулічы з разынкамі, – расказала галоўны тэхнолаг Людміла Філата. – Пры распрацоўцы рэцэпта мы імкнуліся, каб па смакавых якасцях яны нічым не адрозніваліся ад дамашніх, былі такімі ж пышнымі, салодкімі, апетытнымі, некалькі разоў пераглядвалі састаў мучных вырабаў, каб яны  спадабаліся людзям”.


Людміла Іосіфаўна паведаміла, што пасхальную выпечку работнікі цэха выпусцяць да Вялікадня, які адзначаецца па каталіцкай канфесіі, потым – да 15 красавіка і Радаўніцы. У продаж яны паступяць вагой па 500, 300 і 100 грамаў.


“Нашымі кулічамі пачастуюцца і гамяльчане”,– падзяліўся планамі загадчык вытворчасці негаспадарчага ўчастка “Грамадскае харчаванне” Аляксандр Лук’яненка.


У мінулым годзе сваю прадукцыю напярэдадні Вялікадня брагінскія кандытары прадставілі на кірмашы ў Гомелі, дзе рэалізавалі каля  500  кулічоў.  Смакавыя якасці  здобы ацанілі ў Хойніцкім і  іншых раёнах, куды  яе вывозілі на продаж. І ўсё ж асноўныя спажыўцы – мясцовыя жыхары, для якіх летась прыгатавалі 6,5 тысячы велікодных кулічоў. Сёлета плануюць павялічыць іх колькасць да 7-7,5 тысячы. Па словах Аляксандра Сяргеевіча, будуць арганізаваны выставы ў “Кулінарыі”, “Юбілейным”, калі атрымаецца, і на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў.


Расказаў загадчык вытворчасці і пра сакрэты прыгатавання кулічоў, у якіх будзе шмат цукру, маргарыну, а ўпрыгожаць іх  глазурай, кандытарскай пасыпкай, прадставяць пакупнікам у яркай упакоўцы. У продаж паступяць рознай вагой – па 0,2; 0,4; 0,5 і 0,7 кілаграма.


Падрыхтавала  Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *