Тэхналогію неабходна захоўваць

Сельское хозяйство

Пасяўная ў разгары. Кожны веснавы дзень працуе на будучы ўраджай. Як арганізаваны палявыя работы ў гаспадарках раёна, расказвае в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Бухавец.


–Пётр Іванавіч, колькі ранніх яравых зерневых і зернебабовых пасеяна на 17 красавіка?


–Больш чатырох тысяч гектараў. КСУП “Чамярыскі”, напрыклад, план сяўбы, а складаў ён 687 гектараў, ужо выканаў, загарнуў у глебу авёс, ячмень, пшаніцу, зернебабовыя. Падкарміў азімыя зерневыя на плошчы 2268 гектараў. На фінішную прамую выйшла сяўба ранніх яравых у КСУП імя Жукава, “Брагінка”. Адстаюць хлебаробы “Малажынскага”, дзе план выкананы на трэць. КСУП “Пераможнік” і “Саўгас “Камарынскі” давядзецца перасяваць азімыя, што затармозіць ход работ. Да канца гэтага тыдня сяўба ранніх яравых зерневых і зернебабовых будзе завершана, на чарзе – нетрадыцыйныя для нашага раёна культуры: сланечнік і соя. Будзем рыхтаваць палі, выраўноўваць плошчы, каб захаваць тэхналогію вырошчвання цеплалюбівых раслін. А там наблізяцца тэрміны сяўбы кукурузы, аднагадовых, пасадкі бульбы. Неабходна і шматгадовыя травы падсяваць. Пасяўныя агрэгаты будуць задзейнічаны яшчэ працяглы час.


–Якія яшчэ палявыя работы выконваюцца зараз?


–Механізатары прыступілі да хімпраполкі азімых зерневых, да падкормкі (па другому разу) азімага рапсу. Сёлета, на радасць аграрыям, ён перазімаваў добра. Наша задача – забяспечыць алейнай культуры хуткі рост, з гэтай мэтай закупім мікраўгнаенні. Іх прымянялі і ў папярэднія гады.


Вывозяцца на палі арганічныя ўгнаенні (96,7 тысячы тон), якія будуць уносіцца на развораныя землі.


–Якая забяспечанасць гаруча-змазачнымі матэрыяламі? Ці былі прастоі тэхнікі з-за іх недахопу?


–На гэтым тыдні заключаем дагаворы крэдытавання на ГЗМ і прыступаем да іх вывазу з нафтабазы. Прастоі, хаця і кароткатэрміновыя, здараліся. Справа ў тым, што энерганасычаныя трактары высокапрадукцыйныя, але ж і саляркі спажываюць шмат – 450-500 літраў за змену. А калі ў гаспадарцы іх некалькі, на дзень патрэбна 3-4 тоны саляркі.


–Ці створаны рамонтныя брыгады на выпадак паломкі тэхнікі?


–Складаны рамонт выконваюць абслугоўваючыя арганізацыі, у першую чаргу – ААТ “Брагінаграсэрвіс”, а дробны рамонт – сіламі механізатараў і слесараў гаспадарак. Паломак, на жаль, здараецца шмат. У энерганасычаных трактарах камплектуючыя – замежнай вытворчасці. З іх заменай узнікаюць праблемы. Цяжка прасачыць, ці новая запчастка прыйшла ў сельгаспрадпрыемства, ці не. У КСУП “Малажынскі”, напрыклад, прывезлі адну помпу – не працуе, другую – таксама.  Фірма-пасрэднік  знаходзіцца ў Мінску. Спадзявацца на сумленнасць і прыстойнасць пастаўшчыкоў не даводзіцца. А ў канчатковым выніку пакутуе вытворца, ды і тэрміны палявых работ парушаюцца.


–Прычына адставання “Малажынскага” – у тэхніцы?


–Так, у гатоўнасці да пасяўной кампаніі машынна-трактарнага парка, а яшчэ – у пераўвільгатненні плошчаў. Плануем на дзень-другі прыцягнуць сюды тэхніку з суседніх гаспадарак. Адзін трактар прадаставяць меліяратары. Падрыхтаваць плошчы  дапаможам,  менавіта па гэтай прычыне стрымліваецца ход сяўбы. Яе тэрміны парушыць нельга. Тэхналогія патрабуе, каб усё рабілася своечасова, у адпушчаны прыродай для закладкі падмурку будучага ўраджаю час.


Гутарыла Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *