Выпрабаванні загартавалі беларусаў

Грамадства

У чэрвені 1812 года 600-тысячная армія французскага імператара Напалеона Банапарта ўварвалася ў межы Расійскай імперыі. Баявыя дзеянні пачаліся і на тэрыторыі Беларусі.

Першапачаткова Напалеон планаваў разграміць расійскія арміі ў прыгранічных баях, абаснавацца ў Вільні і прымусіць расійскага імператара Аляксандра I пайсці на заключэнне міру. Аднак план праваліўся. Салдаты пад камандаваннем генералаў М. Барклая дэ Толі і П.І. Баграціёна, каб пазбегнуць генеральнай бітвы, планамерна адступілі і злучыліся ў Смаленску. Разбіць іх на тэрыторыі Беларусі не ўдалося. Тут летам 1812 года праходзілі цяжкія абарончыя баі пад Магілёвам у мястэчку Салтанаўка, пад Полацкам у н.п. Клясціцы і інш. Чатырохмесячную асаду вытрымала і Бабруйская крэпасць.


Зразумеўшы, што яго план  праваліўся, Напалеон меў намер закончыць баявыя дзеянні ў Віцебску і пачаць мірныя перагаворы з Аляксандрам I. Аднак французская армія змагла захаваць сваю баяздольнасць толькі рухаючыся наперад. А наперадзе была Барадзінская бітва 26 жніўня 1812 года, захоп Масквы і бясслаўнае бегства з яе. Камандаванне расійскай арміяй у той час ажыццяўляў фельдмаршал М.І. Кутузаў. Менавіта пад яго кіраўніцтвам пачалося выгнанне французаў з Расіі і Беларусі.


У час адступлення чужынцаў восенню 1812 года баявыя дзеянні другі раз пракаціліся па нашай зямлі. У Беларусі разгарнуўся партызанскі рух. Асаблівую актыўнасць праявілі жыхары вёскі Жарцы пад Полацкам. Некаторыя з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і медалямі. Пасля вайны гэтыя сяляне адмовіліся выконваць баршчыну, палічыўшы сябе свабоднымі, за што былі пакараны бізунамі. Мясцовы памешчык пры гэтым прыгаворваў: “Вось табе свабода, вось табе крыж”.


Канчаткова армія Напалеона была разгромлена пад Барысавам. Тут пры пераправе праз Беразіну на другім беразе аказалася толькі дзясятая частка вялікай арміі.


У сілу геапалітычнага становішча Беларусі вынікі вайны 1812 года аказаліся для яе страшэннымі. Масавая гібель людзей, разбураныя вёскі, голад і эпідэміі… Усё гэта давялося перажыць, але ж выпрабаванні толькі загартавалі беларусаў, яшчэ раз пацвердзілі сілу духу, патрыятызм і незгасальную веру ў перамогу над тымі, хто з мячом да нас прыйдзе…


Любоў ДУБАТДЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *