Чым слова адгукнецца

Грамадства

Сярод святаў, на якія такі шчодры пачатак мая, яно займае асаблівае месца ў нашых сэрцах. Сёння мы адзначаем прафесійны дзень  усіх, хто звязаны з друкарскай і выдавецкай дзейнасцю. І, як заўсёды, напярэдадні  – час для роздуму, падсумоўвання вынікаў і цудоўная магчымасць падзякаваць памочнікам, паплечнікам, аднадумцам…


Кожны нумар раённай газеты – гэта вынік нашай сумеснай працы, шаноўныя сябры. Менавіта дзякуючы вашым лістам, слушным прапановам, падказкам змяняецца аблічча “Маяка Палесся”, забяспечваецца яго інфармацыйная і жанравая разнастайнасць. У выніку гэтага газета запатрабавана ў жыхароў Брагіншчыны і займае лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых падпісных выданняў у раёне. І гэта – наша агульная падстава для гонару.


Мы кажам дзякуй актыўным няштатным аўтарам. Запрашаем далучыцца да гэтай слаўнай кагорты тых, хто пакуль яшчэ не дасылае нам лісты, але ўжо задумваецца над гэтым. Пішыце, тэлефануйце, заходзьце! У рэдакцыі вам заўсёды рады.


Мы ўдзячны таксама адказным асобам, кіраўнікам, спецыялістам устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый, якія расказваюць пра сваю дзейнасць, даюць тлумачэнні і кансультацыі, карысную інфармацыю. Мы заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва.


Добрых слоў заслугоўваюць і нашы чытачы, тыя, хто з месяца ў месяц, з года ў год сярод вялікай колькасці  друкаваных сродкаў масавай інфармацыі выбірае “Маяк Палесся”.
Напярэдадні прафесійнага свята цёплыя словы і паштальёнам, якія ў любое надвор’е нясуць нашу раёную газету па адрасах, афармляюць падпіску на яе, раяць і прапагандуюць, спрыяюць павелічэнню тыражу.


Сардэчная падзяка работнікам КПУП “Тытул” , ці, як кажам мы ў рэдакцыі, Рэчыцкай друкарні, чыя нястомная праца дазваляе “Маяку Палесся” пабачыць свет.


Хто хоць раз сутыкаўся з работай журналіста ці мае да яе  дачыненне, той ведае – гэта справа вельмі адказная. Кожны нумар патрабуе, акрамя прафесіяналізму, яшчэ і ўмення забываць пра ўласныя праблемы, поўнай самааддачы. Выпусціць газету – як пабудаваць дом. Усе матэрыялы павінны быць якасныя, і кожны – да месца. Супрацоўнікам невядома паняцце: я не магу. Часта, ахвяруючы вольным  часам, сям’ёй, стараемся рабіць усё для таго, каб выданне было цікавым, змястоўным,  мела сваё аблічча. Многае нам удаецца, бываюць і недахопы. Але на тое і цяжкасці, каб адточваць пяро і загартоўваць характар. Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, каб быць побач са сваімі падпісчыкамі. Радуе, калі той ці іншы матэрыял знаходзяць водгук у вашых сэрцах, бо гэта вельмі важна для аўтара – “чым слова адгукнецца”.  І самае, бадай,  галоўнае для калектыву – захаваць сваё месца ў свядомасці чытачоў.


Віншуем з Днём друку ўсіх, хто мае да яго дачыненне. Здароўя, шчасця, удачы, плёну ў працы і новых дасягненняў!


Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *