МЫ З ГЭТЫМ ЖЫВЁМ…

Грамадства

На зямным шары налічваецца больш за 300 атамных станцый, якія даюць  людзям электраэнергію. Працуюць яны на радыеактыўным паліве,  якога патрэбна зусім мала: 1 кг урану замяняе 2,5 тыс. тон вугалю. Але ўся бяда ў тым, што ў выпадку аварыі гэтае паліва выклікае смяротную прамянёвую хваробу чалавека і забруджвае тэрыторыю на 300 гадоў, што і здарылася пасля выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі. У Беларусі пад радыеактыўным уздзеяннем апынулася 16 тыс. км2 тэрыторыі. Тысячы жыхароў Брагіншчыны былі вымушаны пакінуць родныя населеныя пункты. Аб гэтым і не толькі ішла размова ў Асарэвіцкай сельскай бібліятэцы на мерапрыемстве, прымеркаваным да 26-й гадавіны з дня  трагічнай даты 1986-га.


З цікавасцю юныя і дарослыя чытачы слухалі занатаваныя расказы мясцовых жыхароў аб першых днях пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.


З успамінаў Ніны Кандрашэўскай,
жыхаркі в. Галкі, былой настаўніцы:


–Чуткі аб страшным здарэнні на атамнай станцыі аказаліся суровай праўдай: калі па радыё аб’явілі аб высяленні  з 30-кіламетровай зоны, слёзы самі пакаціліся з вачэй. Дзеці пыталіся, чаму я плачу, а я не ведала, што ім адказаць, як растлумачыць становішча.


Тады  траса Камарын—Брагін пралягала праз Людзвіноў, Чэрнеў, Піркі… Цяпер гэтых вёсак ужо няма. Эвакуацыя нагадвала ваенныя падзеі: армія, міліцыя, машыны з жывёлай, калоны аўтобусаў з людзьмі… У бок Чарнобыля такім жа чынам ішла ваенная тэхніка. Здавалася, што чалавек у гэтым бясконцым руху толькі пясчынка, якую лёс кідае ў невядомасць. Агортваў сум, душэўны боль, чаканне чагосці непрыемнага.


Настаў час, калі і нашых вучняў, з Асарэвіцкай школы, разам з часткай настаўнікаў накіравалі ў піянерскія лагеры. Сельскім дзецям упершыню давялося быць адарванымі ад бацькоў, таму яны вельмі сумавалі па родных мясцінах. У лагеры, што на беразе Нарачы, яны  знаходзіліся на працягу лета пад наглядам урачоў, атрымлівалі прафілактычныя лекі, вітаміны, добрае харчаванне, хаця елі без апетыту.


Дамоў усе вярнуліся 28 жніўня. У школе пачаліся заняткі. Але чарговае аздараўленне было арганізавана ўжо ў верасні: 19 вучняў накіраваліся ў Анапу. Потым былі іншыя паездкі, у тым ліку і ў краіны далёкага замежжа. Чарнобыльская катастрофа ўнесла свае карэктывы ў жыццё вяскоўцаў.


З успамінаў  Тамары Прыходзькі,  
перасяленкі з вёскі Піркі, былой настаўніцы:


–Я жыла і працавала ў Пірках, якія ўваходзілі ў склад саўгаса “Брагінскі”. Самае дзіўнае, што зараз ствараюць аграгарадкі, а ў тыя часы ў нас такі аграгарадок ужо быў – пасёлак Сонечны. З лячэбнай установай, школай, швейнай майстэрняй, Домам культуры, сталовай, дзіцячым садком. І землі ў нашых краях былі ўрадлівыя.


Я працавала настаўніцай, і ў верасні 1986 года ўпершыню ў школу павінны былі прыйсці 53 вучні – гэта два класы. Бяды ніхто не  чакаў. У нядзелю, 27 красавіка, ад хаты да хаты пачалі хадзіць чуткі, што на атамнай станцыі ў Чарнобылі здарылася аварыя. Яна і перакрэсліла такое прывычнае і дарагое сэрцу жыццё.


Пятага мая работнікі сельскага Савета аб’явілі мясцовым жыхарам, каб падрыхтавалі дакументы і ежу на тры дні. Мне даручылі абысці сваіх вучняў і давесці да ведама, што мы едзем у піянерскі лагер на Мазыршчыну. Муж-фельчар павінен быў размеркаваць інвалідаў і цяжка хворых  па бальніцах. Насельніцтва пачало здаваць кароў, свіней, якіх грузілі на машыны. Людзей спачатку эвакуіравалі ў Рудню Жураўлёву, а пазней  – у Рагачоўскі раён.


Мы трапілі на Кармяншчыну. У мужа ў Хойніках жыла маці, і калі ён паехаў да яе пасля ўсіх вандровак, то яму паведамілі аб яе смерці. Не ведалі, дзе шукаць сына…


Вярнуліся ў Брагінскі раён – у вёску Асарэвічы, каб быць бліжэй да родных мясцінаў.


Прысутныя паглядзелі фільм, з якога можна было даведацца,  што робіцца для таго, каб жыццё на забруджанай тэрыторыі было бяспечным. Усе атрымалі памяткі з інфармацыяй, якія ягады і грыбы  найбольш накапліваюць радыенукліды і як правільна іх прыгатаваць, каб не нашкодзіць здароўю.


У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзеці з сацыяльнага прытулку з выхавальнікам Віктарам Падвербным.


Валянціна ХМЕЛЯНОК,
бібліятэкар Асарэвіцкай сельскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *